Споведзь Дзядулі. Як эканаміст змяніў прафесію і стаў кіраўніком вакальна-харэаграфічнага ансамбля
07.10.2010
—
Новости Культуры
|
Канешне, у яго ёсць мянушка. Як і ў кожнага выкладчыка. Станіслава Іосіфавіча Дробыша, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, прафесара і мастацкага кіраўніка вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Валачобнікі”, у студэнцкай тусоўцы клічуць не інакш як Дзядуля. Разважлівы, з барадой і ў моднай скураной куртцы, ён працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў больш за тры дзесяткі гадоў. 35-годдзе альма-матэр можна лічыць і яго асабістым святам. Па першаму дыплому ён эканаміст. Скончыў інстытут народнай гаспадаркі, але жаданне спяваць узяло сваё. Пайшоў у самадзейнасць кіраваць народным хорам. Першыя месцы на ўсіх фестывалях — і папулярнасць на ўсю краіну. — У 70-я гэта было вельмі модна, — узгадвае Станіслаў Іосіфавіч. — Спявалі ўсе пасля працы: будаўнікі, бухгалтары, планавікі. Усяго ў хоры было каля 60 чалавек. І вось запрасіў мяне аднойчы дэкан толькі што адчыненага “кулька” выкладаць на аддзяленні народных спеваў. Я спачатку аднекваўся: дзе я, а дзе студэнты. Вопыту не было аніякага... А пасля згадзіўся: чаму б і не паспрабаваць? Як тады, так і зараз — рэпертуар “Валачобнікаў” выключна беларускамоўны. Песні падкідвае само жыццё. Штосьці перапішаш, штосьці пачуеш, чымсьці абмяняешся... Напрыклад, на вёсцы, дзе бабулі яшчэ памятаюць аўтэнтычныя спевы старажытных часоў. Раней такія ваяжы ў глыбінку былі часткай вучэбнай праграмы. Зараз у вандроўкі студэнты едуць толькі па ўласнай ініцыятыве. Грошы на такую важную справу кіраўніцтвам не прадугледжаны, таму на транспарт і пражыванне моладзь “скідваецца” сама. — Назву мы прыдумвалі ўсе разам, — распавядае “валачобнік” са стажам. — Былі ў нас валачобныя песні. Акрамя таго вясельныя, жніўныя — гэта абрадавая калекцыя. Ёсць складаныя кампазіцыі, карагоды з вогнішчамі, нячыстай сілай. Недахопу ў рэпертуары няма. Студэнты Дзядулю любяць. Гэта бачна адразу. Ён і пажартаваць, і пажурыць можа. Суха рэпетыцыі не праходзяць ніколі. “Хто ж так дзеўку абдымае?” ці “Чаго ты, як дурная, скачаш?” — на словы Станіслава Іосіфавіча ніхто не крыўдзіцца, таму што ён ніколі не імкнецца зняважыць чалавека і нават можа папрасіць прабачэння. Пра раманы і сваркі паміж сваімі вучнямі ён ведае дасканала. Але да кожнай сітуацыі заклікае адносіцца з гумарам. — Я добры псіхолаг і ўсё разумею без слоў. Але ж заўважаю такі факт. Кахаюцца ўсе, але і разбягаюцца неяк хутка зараз. Зразумейце мяне правільна, я не люблю гэтых старэчых размоваў, маўляў, “у наш час так не было...”. Моладзь заўсёды аднолькавая. Усіх хвалююць творчасць, каханне, і не мае значэння, што за эпоха на дварэ. Але ж не толькі ўласнае жыццё ў думках цяперашняй моладзі. Якім шляхам пойдзе наша краіна, ці будзе дастаткова ўвагі з боку дзяржавы да нашай аўтэнтычнай культуры і мовы — гэтыя пытанні нельга абыходзіць бокам. Многія студэнты ўніверсітэта культуры зрабілі выбар на карысць сакавітай матчынай мовы, прычым прынцыпова. — Дысцыпліна і творчасць — паняцці сумяшчальныя, — робіць выснову Станіслаў Іосіфавіч. — У нас шмат зорак вучылася: “Песняры”, Валянціна Гладкая, Вольга Вронская, Паліна Смолава. Калі я ведаю, што чалавек на гастролях ці на радыё запісваецца, я гляджу на прагулы скрозь пальцы. Але нахабства не люблю. Так што сябраваць са мной вельмі проста Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канешне, у яго ёсць мянушка. Як і ў кожнага выкладчыка. Станіслава Іосіфавіча Дробыша, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, прафесара і мастацкага... |
|