Фільм
20.10.2010 12:09
—
Новости Культуры
|
Дакументальная стужка тэлеканала «Белсат» «Днюка» пазмагаецца з найлепшымі фільмамі свету за ўзнагароду Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў IDFA, які штогод праходзіць у Амстэрдаме.
Як паведаміў прэс‑сакратар тэлеканала Сяргей Пеляса, фільм беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы, зняты для «Белсата», быў адабраны ў конкурсную праграму міжнародным журы фестывалю для ўдзелу ў конкурсе студэнцкіх фільмаў сярод 13‑ці іншых стужак з дзесяці краін свету. Фестываль у Амстэрдаме пройдзе 19—28 лістапада. «Ён адзін з самых прэстыжных і важных, — зазначыў Сяргей Пеляса. — Штогод у нідэрландскую сталіцу з’язджаюцца сотні дакументалістаў, прадзюсараў і прадстаўнікоў тэлеканалаў з усяго свету. Удзел беларускай стужкі — гэта вялікі поспех і знак найвышэйшай якасці беларускай дакументалістыкі ўвогуле і фільмаў, якія здымаюцца для «Белсата» ў прыватнасці». Фільм «Днюка» здымалі ў вёсцы Лышча на Піншчыне. Ён расказвае пра паўсядзённасць палескага сяла.Гэтая стужка ўжо здабыла дзве ўзнагароды — у намінацыі «Найлепшая дакументальная стужка» на V Міжнародным кінафестывалі незалежнага кіно, які адбыўся ў жніўні ў Львове (Украіна), і прыз «Залаты Жабрак для найлепшага рэгіянальнага тэлеканала» на XVI Міжнародным фестывалі рэгіянальных тэлевізіяў, што прайшоў сёлета ў чэрвені ў Кошыцэ (Славакія). |
|