Источник материала:
Еўратыдзень міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу
«Еўрабачанне-2010» адкрываецца сёння ў Мінску. У Мінск 14 лістапада прыбылі практычна ўсе дэлегацыі, а таксама ўдзельнік Беларусі на дзіцячым песенным конкурсе
«Еўрабачанне-2010» Данііл Казлоў. А сёння запланаваны запіс візітак удзельнікаў і цырымонія адкрыцця еўратыдня песеннага конкурсу ў Мінску.
Тры часовыя аўтобусныя маршруты — ад гасцініц «Мінск» і «Вікторыя» да «Мінск-Арэны» і Палаца Рэспублікі пачнуць працаваць 15 лістапада. Аўтобусы з сімволікай дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне» (так званыя шатлы) будуць перавозіць удзельнікаў, гасцей сталіцы і журналістаў.
Прадумана і пытанне дастаўкі гледачоў на канцэрты рэпетыцый і фінальнае шоу. Гледачы змогуць дабрацца туды без праблем, паколькі гарадскія ўлады павялічаць колькасць транспарту ў напрамку «Мінск-Арэны».
Апошнія штрыхі па падрыхтоўцы конкурснай пляцоўкі «Еўрабачання-2010» у «Мінск-Арэне» наносяць беларускія і шведскія спецыялісты. Мантаж гэтай складанай сцэны доўжыўся некалькі тыдняў. Пляцоўку трэба было зрабіць адначасова грандыёзнай, бяспечнай і святочнай, каб кожны ўдзельнік адчуў сябе зоркай. Плошча галоўнай сцэны, на якой будуць выступаць канкурсанты з 14 краін, усяго 9 метраў. Лейтматывам сцэнічнага афармлення стануць два 11-метровыя збудаванні, падобныя на крылы. «Крылатая» сцэна будзе не адзіная — на меншым пастаменце будуць працаваць вядучыя конкурсу — Дзяніс Кур’ян і Лейла Ісмаілава. Яшчэ адзін круг стане пляцоўкай для падтанцоўкі, адкуль канкурсанты змогуць прайсці ў так званы зялёны пакой — грын-рум — для чакання выніку.
Сцэна дзіцячага «Еўрабачання-2010» аформлена ў блакітных танах, як і лагатып конкурсу, астатнія колеры вясёлкі будуць прысутнічаць у выглядзе колеравага афармлення. Сцэна ў «Мінск-Арэне» ўражвае прастатой і вытанчанасцю. Але іншага рашэння для такой велізарнай пляцоўкі, як «Арэна», немагчыма было прыдумаць.
Як паведамілі ў Белтэлерадыёкампаніі, кошт сцэны — паўмільёна долараў.
Гэта не рэкордная сума для абсталявання такога класа. І гледачы павінны ацаніць шоу-эфект — для гэтага ў «Мінск-Арэне» не будзе спецыяльнага партэра, замест яго танцпадлога на тысячу чалавек. Астатнія 14 тыс. гледачоў зоймуць свае месцы на трыбунах.