Не проста аркестр — сям’я. Нацыянальны акадэмічны аркестр імя Жыновіча выдатна сумяшчае народныя музычныя традыцыі са смелымі эксперыментамі ХХІ стагоддзя
29.12.2010
—
Новости Культуры
|
![]() Адзін са старэйшых калектываў Беларусі аркестр імя Жыновіча ці не першы прадэманстраваў шырокай публіцы магчымасці народных інструментаў. Дзякуючы яго артыстам загучалі на прафесійнай сцэне цымбалы і акарына, жалейка і дуда... З першага выступлення аркестра прайшло 80 гадоў. Але ён па-ранейшаму паспяхова гастралюе па Беларусі і іншых краінах. Як удаецца аркестру-старажылу ісці ў нагу з часам? Якія творы задавальняюць сённяшняга слухача? Як успрымаюць за мяжой беларускую народную музыку? І якая атмасфера ў калектыве спрыяе выдатнаму выступленню аркестра? У дні юбілею калектыву карэспандэнт “НГ” сустрэлася з галоўным дырыжорам аркестра, народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам КАЗІНЦОМ. Ён расказвае. Творчы склад аркестра — гэта... — Пяцьдзясят артыстаў, сярод якіх 22 лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў, два народныя і пяць заслужаных артыстаў — вось наш калектыў. Нашы знакамітыя музыканты — Галіна Лазовік, Юлія Высоцкая, Аксана Хахол, Павел Неўмяржыцкі, Ларыса Рыдлеўская, Святлана Ласун, Уладзімір Ткач і іншыя. Вялікі здабытак — прыход у аркестр амаль 20 гадоў таму заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Крамко. Гэта сапраўдны самародак. Здаецца, няма інструмента, на якім бы ён не змог сыграць. Больш таго, ён выдатны аранжыроўшчык. Адзін з ветэранаў нашага калектыву — бас-гітарыст Анатоль Крумакін, які іграе ў аркестры з 58-га года. Аркестр Жыновіча — гэта сапраўдная сям’я. Людзі, якія ўмеюць спачуваць, радавацца поспехам і ўдачам другога чалавека... З чаго пачынаўся аркестр? — Аркестр нарадзіўся з ансамбля на чале якога стаяў выдатны музыкант-самавучка, чалавек-аркестр Дзмітрый Захар. Яго канцэртмайстрам быў наш “бацька” Іосіф Жыновіч. У 30-м годзе ансамбль набыў званне дзяржаўнага, а ў 37-м ператварыўся ў аркестр. Пасля вайны яго мастацкім кіраўніком і дырыжорам стаў Іосіф Жыновіч. Гэта быў не толькі віртуозны музыкант, але чалавек-асветнік. Ён адкрыў народу цымбалы —”сялянскі” інструмент, які выкарыстоўваўся ў той час толькі ў вясковых імпрэзах. Іосіф Жыновіч надаў яму статус канцэртнага інструмента, здолеў даказаць, што ён варты вывучэння ў музычных школах і кансерваторыі. Як кіраваць такім вялікім калектывам? — Я не сказаў бы, што тут наогул трэба кіраваць. Творчы калектыў не патрабуе начальніка. Немагчыма даваць нейкія загады, чагосьці патрабаваць. Я павінен абапірацца на творчы стан артыстаў, на іх магчымасці. І прапанаваць тое, што будзе сугучна з жаданнямі салістаў, інструменталістаў, вакалістаў. Аркестр імя Жыновіча — гэта не толькі інструментальны склад. Сярод салістаў — заслужаны артыст Якаў Навуменка, лаўрэаты нацыянальных конкурсаў Марына Васілеўская і Наталля Салава, выдатная выканаўца народных песень Ніна Кавалёва, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар Задарожны. У свой час з аркестрам працавалі вядучыя артысты оперных тэатраў Савецкага Саюза — Штокалаў, Вядзернікаў, Нарэйка і іншыя. Выдатна выступалі з намі беларускія артысты, у тым ліку і такая легенда, як Ларыса Александроўская.Шчыра кажучы, я вельмі ўдзячны творчаму лёсу, што ў свой час Жыновіч запрасіў мяне ў аркестр. Яшчэ ў дзяцінстве, калі жыў на вёсцы, чуў па радыё выступленні гэтага калектыву. І пасля, калі стаў студэнтам музычнага вучылішча, кансерваторыі, марыў выступаць з ім. Бог пачуў мяне. Жыновіч запрасіў мяне ў аркестр у якасці дырыжора ў 1972 годзе. Калі Іосіфа Іосіфавіча не стала, у 1975-м я ўзначаліў аркестр. У рэпертуары аркестра каля 2000 твораў... — Гэта апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў, руская і замежная класіка, музыка сучасных кампазітараў, папулярная і рэтрамузыка. Аркестр часта выступае за мяжой? — Сёння гэта складана рабіць. Вельмі дорага вывезці такі вялікі калектыў. Хаця ў верасні наш аркестр выступаў падчас Дзён культуры Беларусі ва Украіне. У свой час былі з канцэртамі ў Канадзе, Кітаі, Польшчы, Індыі, Германіі...Беларуская народная музыка не ўспрымаецца за мяжой як нешта экзатычнае ці чужое. Яна прыбліжае замежнага слухача да беларускай культуры. Як вядома, у песні праяўляецца характар народа, яго менталітэт.Выступаем таксама з песнямі таго народа, у госці да якога прыязджаем. Такія выступленні ўспрымаюцца на ўра. Калі былі на гастролях у Індыі, выконвалі мелодыі з індыйскага кінафільма “Господин 420”. Трэба было бачыць, як прымалі нашы выступленні індыйцы! А што патрабуе сучасны слухач? — Песеннага жанру. Аўтэнтычнае выкананне ім слаба ўспрымаецца: вуха прывыкла да мікрафона. А наогул я лічу, што кожнаму часу свая музыка. Галоўнае, каб яна была добрая, выдатная па сваёй кампазіцыі і паэзіі, а не з’яўлялася простай песняй-аднадзёнкай.У зале Белдзяржфілармоніі мы даём каля 10 новых канцэртных праграм і заўсёды збіраем цэлыя залы. Слухач прыходзіць на нашы канцэрты ў раённых цэнтрах, аграгарадках. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін са старэйшых калектываў Беларусі аркестр імя Жыновіча ці не першы прадэманстраваў шырокай публіцы магчымасці народных інструментаў.
|
|