Апошні гаспадар Мірскага замка. 21.by

Апошні гаспадар Мірскага замка

16.02.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Некалькі згадак пра князя Васіля Святаполк-Мірскага
Занёманскі палац князя Святаполк-МірскагаНядаўна адбылося адкрыццё Мірскага замка. На ўрачыстасці з удзелам Прэзідэнта згадваліся прозвішчы князёў Ільінічаў, Радзівілаў, Святаполк-Мірскіх. Хто яны былі? Пра ўсіх не ведаю, а вось пра апошняга ўладальніка замка, Васіля Іванавіча Святаполк-Мірскага, у маім сямейным архіве ёсць цікавыя матэрыялы.
Гадоў пяць таму з газеты “Голас Радзімы” я даведаўся, што нашчадкі роду Святаполк-Мірскіх наведвалі Беларусь і ўдзельнічалі ў навукова-практычнай канферэнцыі ў Мірскім замку. Я ўзрадаваўся, бо даўно шукаю дачку Васіля Іванавіча, Ірыну, якой хацеў бы аддаць адну ўнікальную даведку. Яе мой бацька атрымаў ад старшыні Абезьскага “Мемарыяла” В. Ложкіна з Рэспублікі Комі. Менавіта ў Комі, у лагеры “Мінеральны” мой бацька адбываў “пакаранне” сам, і там жа 10 студзеня 1952 года сустрэўся з Васілём Іванавічам Святаполк-Мірскім, якога ведаў з дзяцінства.
Як вядома, праз савецкі ГУЛАГ прайшлі мільёны людзей, таму знайсці асобнага чалавека вельмі цяжка. Але пасля атрымання поўнай рэабілітацыі у 1993 годзе, трохі ачуняўшы, мой бацька зноў паехаў у Комі, дзе і праводзіў пошукі сваіх сяброў па няшчасці. У 96-м трапіў у Адак, а затым у Абезь, дзе адбываў пакаранне князь Васіль. Яго прозвішча знайшлося ў асобым спіску “Мемарыяла”. Ёсць згадка пра яго і ў кнізе ўспамінаў прафесара Пуніна, які там таксама адбываў зняволенне і апісаў, як выглядаў князь Святаполк-Мірскі, як сябе паводзіў.Князь Васіль
Н. Н. Пунін паведаміў таксама, што князь загадваў лагернай сталовай і ніколі не ўставаў перад лагернымі начальнікамі, а вітаў іх кіўком галавы, седзячы...
У сшытку ўспамінаў з свайго дзяцінства мой бацька запісаў, што князь Васіль Іванавіч Святаполк-Мірскі быў добрым, дабрадушным чалавекам, любіў пажартаваць. Часта, напрыклад, з’яўляўся на матацыкле ў мястэчку Любча на кірмашах, якія праводзіліся па аўторках і чацвяргах. Рамеснікі гандлявалі там посудам — фарфоравым, гліняным, шкляным, які расстаўлялі проста на зямлі. І вось князь, быццам выпадкам, не захоўваючы правілаў руху, мог праехацца па гэтым посудзе, прыносячы вялікія страты прадаўцам. А калі жанчыны крычалі з плачам: “Што ж ты нарабіў, панок, у нас жа дзеткі галодныя застануцца!”, то ён плаціў у дзесяць разоў больш за страту, што здзіўляла ўсіх. Князь ну проста не мог жыць без прыгод! Калі з’яўляўся на рынку, то за ім ужо хадзілі разявакі і чакалі якога-небудзь чарговага жарту.
Летам 1935 года князь пажартаваў нават з ваяводы навагрудскага. Калі той на княжацкім пляжы у Любчы пёкся на сонцы, Васіль Іванавіч на сваім аўто забраў бруднага багача Міхаіла Качана ды завёз у Любчу. Там яго за грошы памылі, хораша прыбралі. Затым князь прывёз Качана ў канцылярыю ваяводства, дзе абвясціў, што папярэдняга ваяводу звольніў з працы і вось… прывёз новага. Нават загадаў Качану сесці ў крэсла ваяводы і даў яму інструкцыю. Чыноўнікі ваяводы былі збянтэжаны, затым выклікалі паліцыю і прывезлі ваяводу сапраўднага. Апошні, дарэчы, не пакрыўдзіўся на князеў жарт, бо добра яго ведаў. Сябравалі яны затым, як і раней... Але было ж вельмі цікава пасля: калі князь прывёз багача дадому, то ягоная жонка Палагея, кажуць, адразу і не пазнала свайго гаспадара...Мірскі замак сёння
Кожны год да князя прыязжалі госці з Германіі, Францыі, Аўстрыі, і ён арганізоўваў для іх паляванні. Падлеткам, у тым ліку і майму бацьку, давалі па два злотых, каб учынялі ў лесе шум — грымелі бляшанкамі і званкамі... Тады выбягала шмат зайцоў, дзікіх коз і іншых звяроў. Такія забавы доўжыліся ўвосень дзён 30. Часта пад час адпачынку госці разам з князем прыязджалі ў вялікую вёску Ярэмічы, што непадалёк ад мястэчка Мір, да дырэктара школы Карла Фердынандавіча Бярнарчыка і ягонай жонкі Софіі Іванаўны Клаўсуць. Дырэктарскі дом быў адчынены заўсёды для ўсіх. Туды прыязджалі знакамітыя людзі, тут спаборнічалі ў паэзіі, спявалі народныя песні... З асаблівым захапленнем слухалі гаспадара хаты, які чытаў на памяць Адама Міцкевіча на польскай мове. Былі там і сустрэчы з Пятром Бітэлем — ён чытаў вялікага польскага класіка-земляка па-беларуску, у сваім вершаваным перакладзе.
У канцы верасня 1939 года, калі ў Любчу прыйшлі Саветы, сям’ю князя перадалі германскім уладам. А на 12-ы дзень нямецкай акупацыі князя Васіля зноў бачылі ў Любчы: ён прыязджаў разбірацца, чаму разбурылі яго занёманскі палац. Пазней яго бачылі таксама і ў Міры. У 1946 годзе князь быў арыштаваны ў Аўстрыі — так казаў ён майму бацьку пры сустрэчы на медкамісіі ў Інце 10 студзеня 1952 г. Пры тым князь вельмі перажываў, што сям’я не ведае, дзе ён прапаў. Бацьку скардзіўся, што аўстрыйскія камуністы сапсавалі яму страўнік дрэннай ежай, і не ведаў, на якой падставе яго асудзілі да 20 гадоў зняволення.
Пасля вызвалення з ГУЛАГа 26 cнежня 1955 года Васіль Іванавіч Святаполк-Мірскі спачатку жыў у Аўстрыі, затым пераехаў у германскі Мюнхен. У 1959 годзе ён ажаніўся ў трэці раз — з Каралінай Агатай Кокель. Потым я з адной кнігі даведаўся, што пасля вяртання з ГУЛАГа князь дзяліў лёс з беларускай эміграцыяй аж да самай смерці. Дарэчы, Васіль Іванавіч ведаў на памяць вершы нашых класікаў і выдатна размаўляў па-беларуску.
Апошні гаспадар Мірскага замка памёр у 1974 годзе, ва ўзросце 69 гадоў. Пакінуў дачок у Вялікабрытаніі і Германіі. Можа, гэтыя радкі трапяцца на вочы калі не ім, то іх знаёмым. Даведаўшыся іх адрас, я перадаў бы якой з іх даведку наконт лагернай мінуўшчыны іх бацькі.
І яшчэ. Кожны год князь знаходзіў сродкі, каб упарадкаваць у Мірскім замку хаця б па адным пакоі. Справа грунтоўнай рэстаўрацыі, пра якую ён таксама думаў, завяршаецца ў нашы дні.

Георгій Каржанеўскі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалькі згадак пра князя Васіля Святаполк-Мірскага
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика