Згода пачынаецца з сям’і
17.02.2011
—
Новости Культуры
|
Усім, пэўна, знаёмы мудры выраз, што шчасце — як здароўе: калі яго не заўважаеш, значыць, яно ёсць. Падаецца, што сёння, калі ў розных краінах разгараюцца канфлікты на рэлігійнай ці нацыянальнай аснове, тое ж самае можна сказаць і пра грамадства: калі лад і згода ёсць — іх не заўважаем.
Сацыёлагі навучыліся “замерваць” “узровень згоды” і сваімі метадамі. Скажам, на нядаўняй калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прыводзіліся вынікі даследавання, праведзенага ў Гродне. Іх згадала намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Ірына Сенчанкава. Назваўшы свой горад “самым еўрапейскім у Беларусі”, яна сказала і аб прадстаўніках больш чым 80 этнасаў, якія там пражываюць, і пра актыўную работу 15 нацыянальна-культурных аўтаномій, асабліва пад час падрыхтоўкі і правядзення ў Гродне ўжо традыцыйных Усебеларускіх фэстаў нацыянальных культур. Дык вось, жыхарам шматэтнічнага горада сацыёлагі задалі пытанне: ці адчувалі вы непаважлівае стаўленне да сябе з-за вашай нацыянальнай прыналежнасці на рабоце, у зносінах з сябрамі-таварышамі, у размовах на вуліцы? І пераважная большасць апытаных адзначылі, што ўвогуле ніколі не траплялі ў такія сітуацыі. І Гродна — не выключэнне: пераважная большасць грамадзян Беларусі шануе правілы паважлівага, талерантнага стаўлення да людзей розных вераванняў і нацыянальнасцяў, якія спрадвеку склаліся на нашай зямлі. У дакладзе на калегіі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ўсебакова аналізаваў, як выконвалася пяцігадовая Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных дачыненняў і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. Гаварыў пра тое, што лад і згода ў грамадстве — гэта і вялікая каштоўнасць, і аснова яго моцы, і неабходная ўмова для развіцця. Прыводзіў, у прыватнасці, такія факты, што сведчаць пра вельмі стракаты рэлігійна-этнічны склад насельніцтва. Цяпер у Беларусі зарэгістравана 3321 рэлігійная арганізацыя 25 канфесій, сярод вернікаў — хрысціяне розных кірункаў, іудзеі, мусульмане. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года 83,7 працэнта жыхароў краіны складаюць беларусы. Астатняе насельніцтва — гэта прадстаўнікі больш чым 140 нацыянальнасцяў, у тым ліку: 8,3 працэнта — рускія, 3,1 працэнта — палякі, 1,7 працэнта — украінцы і 0,1працэнта — яўрэі. Прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў менш за 10 тысяч. У тонкай сферы нацыянальна-этнічных стасункаў шмат залежыць не толькі ад дзяржаўнай палітыкі, але і ад сям’і: ад таго, у якой атмасферы выхоўваюцца дзеці. Каштоўным вопытам правядзення духоўна-асветніцкай акцыі “Сям’я. Яднанне. Айчына” на калегіі падзялілася намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Людміла Канановіч. Гэты вялікі “марафон дабрыні” ў раёне, дзе зарэгістравана 50 рэлігійных абшчын, ініцыявалі прадстаўнікі праваслаўнай царквы. У цесным кантакце з райвыканкамам энтузіясты правялі звыш сотні масавых мерапрыемстваў. На іх знайшлося месца і шчырым размовам аб праблемах сучасных сем’яў, якія былі і застаюцца люстэркам любога грамадства. Спецыялісты, вернікі давалі парады, як будаваць сямейныя стасункі па законах любові, каб малодшыя паважалі старэйшых, а дарослыя знаходзілі не непрыемнасці, а шчасце ў клопатах пра дзяцей. Па словах Людмілы Мікалаеўны, усю карысць ад марафона “Сям’я. Яднанне. Айчына” цяжка пераацаніць. У атмасферы любові, дабрыні, узаемапаразумення, лічыць яна, многія сацыяльныя праблемы знікнуць самі па сабе. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усім, пэўна, знаёмы мудры выраз, што шчасце — як здароўе: калі яго не заўважаеш, значыць, яно ёсць. Падаецца, што сёння, калі ў розных краінах разгараюцца канфлікты на... |
|