Апошні паэт-ідышыст: “Беларуская — мова добрых людзей”
21.02.2011 09:32
—
Новости Культуры
|
Апошні паэт-ідышыст: “Беларуская — мова добрых людзей” Сёння, у Дзень роднай мовы, апроч беларускай ўзгадаем і іншую мову, якая на працягу некалькіх
— Фелікс Барысавіч, якую мову вы лічыце роднай? — Гэта цяжкае пытанне. Лічыцца, што родная — мова, на якой чалавек пачаў гаварыць у маленстве. У нашым доме гучалі тры мовы: руская, беларуская і ідыш. На ідыш бацькі імкнуліся гаварыць тады, калі хацелі, каб я іх не разумеў. Але яны не ўлічвалі таго, што ва ўзросце ад двух да пяці дзіця вучыцца мове натуральным чынам, ад прыроды. Да таго ж з намі жыла маміна цётка, якую я называў бабуляй. Яна аўдавела да вайны, страціла сына і апроч нас, у яе больш нікога не было. Па-руску яна гаварыла вельмі кепска — толькі на ідыш. Яна мне паказвала габрэйскі альфабэт, вучыла чытаць. Я нават навучыўся трохі гаварыць. Потым бацькі з мяне ідыш выкаранялі. Баяліся, што ў мяне будзе акцэнт, які можа нашкодзіць у далейшым жыцці. Перыяд адкрытага дзяржаўнага антысемітызму нібыта адышоў у нябыт. З іншага боку, як казаў Высоцкі: “Зачем мне считаться шпаной и бандитом -/ Не лучше ль податься мне в антисемиты: / На их стороне, хоть и нету законов, - / Поддержка и энтузиазм миллионов”. Так было... — Бацька засцерагаўся пераследу, нягледзячы на свае баявыя заслугі? — Час быў такі. Бацька быў баявым партызанам. Трапіўшы ў Мінскае гета, ён адразу зразумеў, што там будучыні няма, і стаў актыўна агітаваць людзей на ўцёкі. На жаль, большасць была не гатовая да рашучых дзеянняў, не верыла ў поспех. Бацька ж быў упэўнены, што нічога не атрымліваецца ў тых, хто нічога не робіць. У снежні 1941-га, прыхапіўшы зброю, разам з групай у 30 чалавек уцёк у лес. Ён быў сярод арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі, камісарам 1-га батальёна 208-га асобнага партызанскага палка. З тых 30 чалавек, каго ён вывеў з гета, вайну перажылі 24. Агулам з гета выйшлі тысяч 15 чалавек, а загінула больш за 100 тысяч! Я нарадзіўся ў 1948-м. У той год у Мінску быў забіты Саламон Міхоэлс, пачалася барацьба з “касмапалітамі бязроднымі”, потым “справа ўрачоў”. Бацька тады працаваў старшынём Галоўнага ўпраўлення гумовай прамысловасці пры Саўнаркаме БССР. Калі пачалася антысеміцкая кампанія, звольненыя з працы габрэі, таварышы бацькі па партызанскім атрадзе, сталі прасіць у яго дапамогі. Ён усіх браў на працу, пакуль на яго не пайшлі даносы. Маскоўскі начальнік сам быў з нацменшасцяў (бацька падазраваў, што калмык) і вельмі прыязна да яго ставіўся. Аднаго дня выклікаў тату і кажа: “Хаймовіч, ты пажыць яшчэ хочаш? – Канешне хачу! –– Тады звальняйся з працы! Калі даносы пойдуць вышэй за мяне, табе не жыць”.
І ў гэты цяжкі для нас з гэты час адгукнуліся бацькавы таварышы-партызаны. Яны любілі і паважалі тату за дабрыню і справядлівасць. Тыя, што жылі ў вёсках, сталі рэгулярна да нас прыязджаць. Вязуць прадукты на продаж і спыняюцца ў нашай хаце на Зялёным завулку ля колішняга Юбілейнага рынка. Дзякуючы ім мы і выжылі. Усе яны гаварылі па-беларуску. Простыя людзі, але ніхто тады не саромеўся. Я пачуў усе дыялекты беларускай мовы! З таго часу беларуская для мяне — мова добрых людзей. Першая кніга, якую я пачаў чытаць у жыцці — беларускія народныя казкі пад рэдакцыяй Якуба Коласа. З трох моваў дзяцінства я аддаю перавагу менавіта беларускай. Бацька добра гаварыў па-беларуску, маці таксама. — Як вы вярнуліся да ідыш? — Трэба сказаць, што пасля дзяцінства я добра на яго забыўся. Недзе курсе на трэцім ўбачыў ў шапіку каля Медінстытуту кнігу вершаў ідышамоўнага паэта Мендла Ліўшыца і пачаў аднаўляць веды мовы. Канечне, яна не стала для мяне свабоднай размоўнай, бо асабліва не было з кім размаўляць. Хіба што з паэтам Гіршам Рэлесам. Але і назваць яе няроднай таксама не магу. — А пісаць вершы пачыналі на якой мове? – У маленстве рыфмаваў і па-руску, і па-беларуску, і на ідыш спрабаваў. Аднак гэта не была паэзія. Першая беларускамоўная публікацыя адбылася ў 1967 годзе з лёгкай рукі Міколы Аўрамчыка, які вельмі прыязна, па-бацькоўску да мяне ставіўся. Цудоўны паэт і чалавек, ён ненавязліва, дбайна сачыў за моладдзю, выгадаваўшы некалькі пакаленняў паэтаў. Кажуць, нельга навучыцца пісаць вершы. Аднак можна навучыцца тэхніцы вершаскладання, і без гэтага таксама няма паэзіі. На ідыш я пачаў пісаць ужо ў студэнцкія гады, калі пачаў аднаўляць мову. Некаторыя вершы адначасова склаў і па-беларуску, і на ідыш, і не магу сказаць, што з чаго перакладзена. — На якой мове вы думаеце, калі пішыце на ідыш? — Канешне, на ідыш. Інакш немагчыма, бо музычны лад адной мовы не адпавядае ладу другой. Паспрабуйце перакласці з на рускую мову беларускую народную песню “Пасею гурочкі”. Усё, здаецца, проста, але перакладзіце на рускую, і песні няма. — Добра, а на якой з дзвюх моваў паэзія даецца складаней? — Калі ўзнікае патрэба пісаць на ідыш, пішацца на ідыш. Адпаведна і па-беларуску. Сказаць, што гэта просты працэс, я не магу. Бывае, што верш складаецца на адным дыханні, але найчасцей перапісваеш дзесяткі разоў. Ёсць вершы, дзе на падбор пэўнага слова спатрэбілася і па пяць год. — У нашай папярэдняй размове вы сказалі, што на ідыш няма для каго пісаць... — Так, таму на ідыш я напісаў, можа, 30 вершаў, а па-беларуску 3000. У Беларусі засталося, мо, 12 тысяч габрэяў, з якіх усяго некалькі дзесяткаў чалавек разумеюць ідыш. Некаторыя мае вершы друкаваліся ў Ізраілі, ЗША, але замежнікам я не цікавы. У іх другая рэчаіснасць.
— Я хацеў сказаць, што і беларускамоўная літаратура — гэта не тое, што чытаюць масы... — Мова — феномен крохкі. Кельты, страціўшы дзяржаўнасць, страцілі і мову. Элементы кельцкай і германскіх моў увайшлі ў скажоную лацінскую — так утварылася сучасная французская. Мовы ўзнікаюць і паміраюць. Гэтак, памерлі этруская, хецкая мовы, хоць на іх калісьці існавалі вялікія культуры... Ёсць адваротныя прыклады. Цягам амаль двух тысячагоддзяў іўрыт існаваў толькі ў біблійных тэкстах габрэяў і лічыўся мёртвай мовай. Аднак валявым рашэннем народу ён адрадзіўся і стаў афіцыйнай мовай Дзяржавы Ізраіль. Сёння на іўрыце гавораць і на базары, і ў школе, і ў парламенце. З беларускай мовай прасцей. Яна не памерла, і каб адрадзіць яе, патрэбна добрая воля беларусаў. Пры гэтым, я не маю на ўвазе толькі этнічных беларусаў. Наталля Арсеннева, як вядома, была рускай, а Змітрок Бядуля — габрэем. Гэтаксама, этнічны рускі і праваслаўны Аляксандр Белавусаў пісаў на ідыш. У нямецкай літаратуры на адным узроўні стаяць італьянец Брэнтана, француз Шамісо, габрэй Гейнэ і немец Гётэ. Узаемадачыненне і ўзаемапранікненне культураў і этнасаў — гэта нармальны феномен. Беларуская мова годная таго, каб не памерці, як памер ідыш. Тое, што я пішу па-беларуску, — мой законны ўнёсак у гэты працэс. — Ці адчуваеце сябе апошнім з магікан? Ці адчуваў гэта апошні ідышысцкі паэт Беларусі Гірш Рэлес (1913-2004)? — Рэлес адчуваў. Ён мне казаў: “Калі я хачу з некім пагаварыць на ідыш, я бяру тэлефонную слухаўку, набіраю аўтаадказчык часу і пытаюся на ідыш: “Будзьце так ласкавы, скажыце, якая гадзіна?” А яна мне адказвае па-руску: “18 часов, 30 минут” Тады я зноў да яе на ідыш: “Вялікі вам дзякуй!” Я таксама адчуваю. У 1980-я ў тагачасным Саюзе яшчэ былі людзі, якія чыталі і пісалі на ідыш. Выходзілі часопіс “Саветыш Геймланд” (“Савецкая Радзіма”, Масква) і газета “Бірабіджанэр Штэрн” (“Бірабіджанская зорка"). Чым далей, тым болей габрэі адыходзілі ад мовы ідыш, бо на гістарычнай радзіме ў Ізраілі дзяржаўнай мовай быў іўрыт. Апошнія нумары “Саветыш Геймланд” выходзілі ўжо з дадаткам на рускай мове, а потым замест яго пачаў выходзіць часопіс “На еврейской уліце”, які друкаваўся напалову па-руску, напалову па-габрэйску. Затым габрэйскі чытач знік, і часопіс памер. “Бірабіджанэр Штэрн” выдаецца, але па-руску. Усё гэта адбылося на вачах. Фота: аўтара і архіўнае. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння, у Дзень роднай мовы, апроч беларускай ўзгадаем і іншую мову, якая на працягу некалькіх Фелікс Баторын (сапраўднае прозвішча Хаймовіч) нарадзіўся ў 1948 г. у... |
|