Дэтэктыў на фоне кахання
18.03.2011
—
Новости Культуры
|
У прэм’ерным спектаклі “Вяселле Крачынскага” на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага галоўную ролю па-майстэрску выконвае народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак
Загуляўся — гэтае трапнае слоўца якраз пра мацёрага гульца Крачынскага. Цікава, што Аляксандр Ткачонак, ствараючы вобраз махляра, не імкнецца ляпіць з яго гэткага абаяльнага камбінатара, на ўзор Астапа Бэндэра, каб спадабацца гледачам. Мы бачым Крачынскага і грубым, і бессардэчным. Хоць у розных эпізодах ён выяўляецца і галантным кавалерам, і цікавым суразмоўцам з прыгожымі свецкімі манерамі, які ўмела гуляе і словамі, і пачуццямі людзей. Халодны погляд выдае меркантыльнасць, цынічны разлік махляра. Менавіта гэтыя якасці, якія высвечваюць сапраўдныя намеры душы, і не імкнецца “облагораживать” у сваім героі акцёр. Але ці ж усе могуць сёння разгледзець душу за прывідным “фанцікам” прыгожага адзення і манер? Некаторым як быццам і самім хочацца “прыгожа абмануцца”. Дарэчы, цікавую лінію ў спектаклі вядзе народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч. Іграючы ролю цёткі Лідачкі, якой і самой яшчэ хочацца расквеціць феерверкамі аднастайнасць жыцця, яна і манерныя заляцанні спадара Крачынскага, і крах ягонай авантуры з падменай Лідачкіных брыльянтаў на фальшывую шкляную “мадэльку” ўспрымае як вясёлы фарс. Можа, і сапраўды ёсць сэнс жыццёвыя абставіны свядома ўспрымаць крыху абстрагавана, як цікавую гульню? Тады і глыбокіх расчараванняў будзе менш... Бо, як заўважыў вялікі Шэкспір, жыццё — тэатр, і ўсе мы ў ім акцёры. Разам з тым вялікі блеф спадара Крачынскага не ўдаўся. Каштоўны брыльянт знойдзены — а яго можна разумець і як сімвал прыгажосці, чысціні самой ашуканай нявесты. Ды Крачынскаму ўсё ж свеціць турма, паліцэйскія ўжо гатовы заламаць махляру рукі. І вось тут наіўная і прастадушная, здавалася б, Лідачка, якая сапраўды закахана ў Крачынскага, робіць выбар: прабачае яму і розыгрыш з жаніцьбай дзеля багатага пасагу, і крадзеж. Можа, тым самым дае яму, ды і гледачам, зразумець, што лепш усё ж выбудоўваць жыццёвую гульню не на махлярстве, а на высакародстве? Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У прэм’ерным спектаклі “Вяселле Крачынскага” на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага галоўную ролю па-майстэрску выконвае народны артыст...
|
|