Сто гадоў у Прыбайкаллі. 21.by

Сто гадоў у Прыбайкаллі

18.03.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага вывучаюць гісторыю перасялення сваіх землякоў у сібірскія рэгіёны
Дзяўчаты з іркуцкага маладзёжнага клуба “Крывічы” памятаюць пра свае беларускія караніХто паважае гісторыю, ведае: менавіта пад час Сталыпінскай рэформы 1906–1917 гадоў нашы землякі масава перасяляліся ў Прыбайкалле. Іркуцкая суполка беларусаў нямала папрацавала, каб правесці на гэты конт навуковую канферэнцыю. Мінулай вясной яе кіраўнік Алег Рудакоў, наведваючы Мінск, радаваўся: вось жа якраз да 100-годдзя ўтварэння масавай беларускай дыяспары ў Прыбайкаллі яго ўшанавалі мёдалём Францыска Скарыны. Дбаў пра канферэнцыю: сустракаўся з навукоўцамі, адказнымі работнікамі Міністэрства культуры, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам. “Мы ўстанавілі: пік перасялення беларусаў у Прыбайкалле быў у 1909–1911 гадах, — расказваў Алег. — Гэтыя два-тры гады — юбілейныя, па сутнасці, для тысяч беларусаў Расіі. Бо падзеі стогадовай даўнасці — лёсавызначальныя і для іх родаў, і ўсёй нашай дыяспары ў Сібіры. Можа, нехта нават і не ўяўляе, якая велізарная гэта тэрыторыя, Іркуцкая вобласць. Па плошчы — як Беларусь, Украіна, уся Прыбалтыка і нават Фінляндыя разам. Так што ў нас там як бы свая краіна... Хоць жыве цяпер у вобласці каля 3 мільёнаў чалавек, з іх беларусаў — каля 16 тысяч”.
І сапраўды, амаль шэсць тысяч кіламетраў, чацвёра сутак цягніком “Мінск–Іркуцк” — няблізкі свет. Таму і гасцей з Беларусі на канферэнцыі было мала, адгукнуліся спецыялісты з Масквы, Новасібірска. Зрэшты, не выключана, што другі этап навуковых дыскусій пройдзе і ў Мінску.
Рыхтуючы міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю Сталыпінскай рэформы, актывісты суполкі па-новаму адкрывалі для сябе далёкую гісторыю. Не ўсім вядома, што аграрная рэформа, празваная па імені яе ініцыятара Сталыпіна, задумвалася якраз на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 1902-м годзе: тады Пётр Сталыпін быў гродзенскім губернатарам. І менавіта ў Гродне набываў першы досвед адміністратара-рэфарматара. А рэформа, важным складнікам якой стала перамяшчэнне сялян з цэнтральных і заходніх раёнаў Расіі ў маланаселеныя мясцовасці Сібіры, Далёкага Усходу і Стэпавага краю, праводзілася, каб ліквідаваць малазямелле, павялічыць прыбыткі ад сельскай гаспадаркі.Кіраўнік іркуцкай суполкі беларусаў Алег Рудакоў
Вядома ж, у рэформы было шмат праціўнікаў, асноўная маса сялян яе не падтрымала, аднак многія працавітыя беларусы не спужаліся цяжкасцяў перасялення. Яны ўспрынялі рэформу як магчымасць выратавацца ад галечы і беднасці, набыць сваю зямлю, хай сабе і ў Сібіры. Дарэчы, цікавая паралель: Якуб Колас якраз у 1911 годзе пачаў пісаць паэму “Новая зямля”. І ёсць у ёй такія, многім вядомыя яшчэ са школы радкі: “Зямля не зменіць і не здрадзіць,/ Зямля паможа і дарадзіць…”
У пошуках новай зямлі і лепшай долі выпраўляліся ў далёкі свет нават не сотні — тысячы беларускіх сем’яў, пераважна шматдзетных. Паводле некаторых звестак, ад 800 тысяч да паўтара мільёна нашых суайчыннікаў Сталыпінская аграрная рэформа падхапіла з зямлі бацькоў і перасяліла ў Сібір. У Прыбайкаллі ўзнікалі цэлыя раёны з размешчаных блізка адна да другой беларускіх вёсак. З інфармацыі, дасланай у рэдакцыю з Іркуцка, вынікае: па архіўных дадзеных, толькі ў Тулунскім раёне Іркуцкай вобласці з 157 вёсак, утвораных пад час правядзення Сталыпінскай рэформы, 124 абжывалі нашы супляменнікі! Таму і ёсць сёння неабходнасць па-навуковаму, з лічбамі і фактамі ў руках асэнсаваць велізарную ролю беларусаў у асваенні зямель Усходняй Сібіры. Арганізатары канферэнцыі палічылі, што яна дапаможа прыцягнуць увагу навукоўцаў, энтузіястаў да гэтага “вялікага перасялення”. Бо і цяпер вядзецца, найперш беларускімі суполкамі, збор і вывучэнне гістарычнага, этнаграфічнага, фальклорнага матэрыялу. Назапашваюцца фотадакументы, прадметы матэрыяльнай культуры, даследуюцца сучасныя жыццёвыя працэсы беларусаў на тэрыторыі Усходняй Сібіры.
Канферэнцыю ў Іркуцку, якая прайшла 16–18 снежня, рыхтавалі грунтоўна. Найперш гэта была спроба сабраць, сістэматызаваць матэрыялы пра перасяленні беларусаў у Прыбайкалле ў гады Сталыпінской рэформы. Вядома ж, хацелася арганізатарам развіць і больш цеснае міжрэгіянальнае і міжнароднае навуковае супрацоўніцтва ў гэтай галіне. А таксама зацікавіць важнай старонкай з мінулага беларусаў навукоўцаў, студэнтаў Іркуцка і іншых вну Расіі і Беларусі, настаўнікаў і іншых спецыялістаў. З дасланай у рэдакцыю інфармацыі вынікае, што спачатку прайшло пленарнае пасяджэнне, потым былі круглыя сталы па асобных праблемах. Сярод іншых аналізаваліся галоўныя этапы перасялення беларусаў у Прыбайкалле, іх уклад у сельскагаспадарчае асваенне Усходняй Сібіры, узаемаадносіны нашых суайчыннікаў з мясцовым насельніцтвам. Цікава, што гучалі на канферэнцыі і песні беларускіх перасяленцаў — цэлая канцэртная праграма ладзілася з удзелам фальклорных калектываў Іркуцкага таварыства.

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага вывучаюць гісторыю перасялення сваіх землякоў у сібірскія рэгіёны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика