Па роснай юраўскай траве.... 21.by

Па роснай юраўскай траве...

20.05.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У традыцыйнах абрадах вяскоўцаў відаць і водгукі даўніх вераванняў продкаў, і неацэнны досвед, карысны кожнаму для жыцця ў гармоніі з прыродай
Юраўскі карагод вяскоўцаў у полі за Пагостам — толькі адзін з элементаў цікавага абрадуГэтыя каларытныя здымкі зроблены сёлета на пачатку мая на Гомельшчыне, у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Што гэта за дзея? Чаму менавіта ў дзень святога Юрыя, ці на Юр’я, як кажуць у некаторых мясцовасцях, сяляне з прадаўніх часоў спраўляюць абрад “Юраўскі карагод”? Цяпер пра гэта больш падрабязна могуць расказаць хіба культуролагі. Дарэчы, адметны абрад ужо атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. На Юр’я ў пагостаўцаў штогод — вялікае свята. Дзяўчаты робяць вянкі з травы, галінак дрэў, першых кветак, жанчыны ўбіраюцца ў святочныя строі. А перад тым пякуць па традыцыі рытуальны каравай. Вяскоўцы ўсёй грамадой выходзяць у поле, водзяць там карагоды, спяваюць, звяртаюцца да Усявышняга з просьбамі аб добрым ураджаі. І ў адпаведнасці, пэўна, з язычніцкім яшчэ вераваннем прыносяць яму ў ахвяру ўпрыгожаны каравай.
Фалькларысты сцвярджаюць, што па гэты час старажытны славянскі абрад “Юр’е”, які ладзіцца 6 мая, найлепш захаваўся менавіта ў вёсках на поўдні Беларусі.Даўняя юраўская традыцыя будзе доўжыцца і ў будучыні “Юр'я пасля зімняй спячкі зямлю адмыкае, расу выпускае, якая вялікую карысць для травы і глебы мае”, — кажуць у народзе. А май, дарэчы, называюць і траўнем, бо трава хутка расце. Многім з нас, вяскоўцам па нараджэнні, з дзяцінства Юр’я помніцца і як дзень, калі ўпершыню пасля зімы выганялі кароў на пашу. Колькі хваляванняў! Вядома ж, адвыклай ад статка жывёле патрэбен асаблівы клопат. Таму нават у атэістычны час мудрыя сялянкі, адпраўляючы карміцелек у поле, стараліся аберагчы іх замовамі, прыёмамі народнай магіі ды рознымі травамі, свечкамі, святою вадою ад дурнога вока, хвароб, нават ад ваўкоў — лясная ж краіна. Спрадвеку веды пра тое, як даглядаць жывёлу, перадаваліся з роду ў род.
І адным з нябесных апекуноў свойскай жывёлы, як і ўвогуле сельскай гаспадаркі, лічыўся язычніцкі бог Ярыла, якога пазней змяніў у абрадах хрысціянскі святы Юрый. Менавіта плодную, “ярую” сілу, якой поўніцца цяпер прырода, і задобрываюць пад час абраду сяляне, імкнучыся жыць у гармоніі з прыродай.

Іван Яцкавец

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У традыцыйнах абрадах вяскоўцаў відаць і водгукі даўніх вераванняў продкаў, і неацэнны досвед, карысны кожнаму для жыцця ў гармоніі з прыродай
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика