Прыцягальны вобраз Ефрасінні. 21.by

Прыцягальны вобраз Ефрасінні

02.06.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Суполка “Полацкае зямляцтва” дапамагае старажытнаму гораду дабрачыннымі справамі
Ля полацкіх храмаў заўсёды шматлюднаШтогод на пачатку лета, у Дзень памяці прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, для тысяч палачан, раскіданых па свеце, ёсць добрая нагода адведаць любімы горад. У Полацк па традыцыі прыбывае шмат паломнікаў з усёй Беларусі і замежжа, у храмах ладзяцца ўрачыстыя набажэнствы, праходзяць выставы, канцэрты на сцэнічных пляцоўках. “Сёлетняя ўрачыстасць адметная і тым, што спаўняецца 850 гадоў з часу стварэння знакамітага Крыжа Ефрасінні Полацкай, нашай нацыянальнай святыні, — удакладняе старшыня “Полацкага зямляцтва”, пісьменнік і журналіст Навум Гальпяровіч. — Прадстаўнікі суполкі таксама ўдзельнічаюць у святочных мерапрыемствах. Гарадскія ўлады, дарэчы, запрасілі нас падключыцца і да падрыхтоўкі 1150-годдзя Полацка. Будзе шмат сустрэч, імпрэз, нешта новае напішацца — землякі прыедуць у родны горад не з пустымі рукамі. Бо і для нас, і для ўсёй Беларусі гэта важная дата. Полацк нездарма называюць “бацькам гарадоў беларускіх”: гэта старэйшы горад краіны”.
“Полацкае зямляцтва” ўтварылася ў красавіку 2009 года на пасяджэнні ў Нацыянальным гістарычным музеі. Сабраліся тады не толькі ўраджэнцы зямлі Полацкай, але і тыя, каго ніціны лёсу назаўсёды паядналі з ёй. Адзін з актыўных філіялаў суполкі працуе ў Мінску, адгукнуліся на заклік яднацца і палачане з Латвіі, Літвы, Расіі. І першую сумесную акцыю землякі ў той жа год зладзілі ў родным горадзе: высадзілі на цэнтральнай плошчы ў Полацку алею з туй. “Мала хто ведае, але і першай культурнай сталіцай Беларусі Полацк стаў летась менавіта па ініцыятыве нашага зямляцтва, — прыадкрывае сакрэт Н. Гальпяровіч. — Я напісаў сцэнарый адпаведнага свята. Мы ж прапанавалі ў гонар 600-годдзя Грунвальда назваць Грунвальдскай адну з полацкіх вуліц, і такая, наколькі мне вядома, ужо ёсць у новым мікрараёне”.
Прыгожы фотаальбом з вершамі пра Полацк “Я дрэва твайго лісток” — таксама плён працы зямляцтва. Цяпер сумесна з Беларускім фондам культуры “Полацкае зямляцтва” адкрыла дабрачынны рахунак: збіраюцца сродкі на аднаўленне ўнікальных фрэсак ХІІ стагоддзя ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве. Як вядома, работы там не перапыняюцца, працавалі спачатку беларускія майстры, а цяпер справу прадаўжаюць іх маскоўскія калегі.
Акрамя “раскопак” у насценным жывапісе, засяроджвае ўвагу Навум Якаўлевіч, вядуцца і археалагічныя, прычым у Полацку ўмацавалася і свая археалагічная школа. Шмат займаецца гэтым Дзяніс Дук, кандыдат навук, загадчык кафедры гісторыі і сацыялогіі Полацкага дзяржуніверсітэта. Цікавых адкрыццяў нямала, і Дзяніс з калегамі ўжо гатовы з фактамі ў руках даказаць: Полацк старэйшы як мінімум на сто гадоў, чым лічыцца цяпер.Крыж Ефрасінні Полацкай “Першае згадванне пра наш горад у старажытным летапісе датуецца 862 годам, адтуль і вядзецца адлік полацкага часу, — згадвае Н. Гальпяровіч. — Мы падтрымліваем росшукі, расказваем пра іх. Бо перакананы: уся краіна павінна ведаць пра тое цікавае, што адбываецца ў Полацку, бо там — душа Беларусі”.
У планах зямляцтва — стварэнне грунтоўнай кнігі пра слаўных палачан, якія жывуць па ўсім свеце. У прыватнасці, трапяць туды звесткі і пра вучонага з канадскага Манрэаля Стэнлі Скарыну, які быў на радзіме свайго знакамітага продка, беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, у 1990 годзе. Да высакароднай працы зямляцтва мае намер прыцягнуць і навукоўцаў, і пісьменікаў. Бо, як сцвярджаў Скарына, людзі “вялікую ласку” да роднага месца маюць, і такая любоў — сарцавіна ў рабоце “Полацкага зямляцтва”. “Я добра адчуў гэта і пад час прэзентацыі кнігі “Полацк — бацька гарадоў беларускіх” у Маскве, і на нядаўняй прэзентацыі яе ж на Сёмым міжнародным кніжным салоне ў Санкт-Пецярбургу, — гаворыць Н. Гальпяровіч. — Беларусы паўночнай расійскай сталіцы нас вельмі падтрымалі, і ў бібліятэцы імя Леніна на Петраградскай старане па ініцыятыве прэзідэнта фонду “Белыя Росы” Ірыны Рогавай прайшла цікавая сустрэча. Сярод тых, хто не забываецца на свае беларускія карані, я сустрэў і Віктара Алегавіча Вінаходава. Ён доктар біялагічных навук, працуе ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Так што не выключаю, што ў хуткім часе філіял “Полацкага зямляцтва” з’явіцца і ў багатым на беларусаў Санкт-Пецярбургу”.

Іван Іванаў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Суполка “Полацкае зямляцтва” дапамагае старажытнаму гораду дабрачыннымі справамі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика