Купалле, Купала і Дон. 21.by

Купалле, Купала і Дон

17.06.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выхаванцы мастака-педагога Уладзіміра Банцэвіча, старшыні Растоўскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Саюз беларусаў Дона”, рыхтуюць спецыяльную выставу да 130-х угодкаў Янкі Купалы. І ўжо самі збіраюцца ў дарогу, каб святкаваць і дзень нараджэння Песняра, і само Купалле ў Беларусі.
З творчасці Ул. Банцэвіча: “Мой родны кут. Паблізу вёскі Камень Пінскага раёна”Вернісаж хутка: выстава ў Мінску адкрыецца 6 ліпеня, якраз напярэдадні дня нараджэння Песняра. Цяпер, як гаворыцца, робяцца апошнія штрыхі на мастацкіх палотнах. Потым, на пачатку ліпеня, цэлая экспедыцыя адпраўляецца ў Беларусь: з Растова-на-Доне прыбудзе салідная дэлегацыя з нашых землякоў і юных мастакоў. Тут самі, з дапамогай музейшчыкаў, і зладзяць выставу ў адпаведнасці з аўтарскай задумай Уладзіміра Банцэвіча. На гэты конт, дарэчы, ёсць дамоўленасць з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы: беларускія і расійскія партнёры падпісалі нават дамову аб супрацоўніцтве. А пасля выставы ў нашых сяброў з Расіі будзе вялікая культурна-пазнавальная праграма: яны хочуць акунуцца ў атмасферу беларускага Купалля, паглядзець Мінск, паўдзельнічаць у купалаўскім свяце паэзіі ля помніка Песняру, наведаць Мастацкі і Гістарычны музеі, пабываць у Хатыні... Потым выхаванцаў Цэнтра выяўленчай дзейнасці, які створаны пры Педінстытуце Паўднёвага федэральнага ўніверсітэта Расіі і працуе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Банцэвіча, чакаюць Мір, Нясвіж, Брэсцкая крэпасць, далей — Віцебск, удзел у першым Фестывалі мастацтваў беларусаў свету.
Як бачым, задума значная, неардынарная і, пагадзіцеся, патрыятычная па сутнасці. Як яна нарадзілася? “Летась мы былі ў музеі Янкі Купалы ў Пячышчах, што пад расійскай Казанню, і пабачылі там жывапісныя работы членаў мастацкай студыі Уладзіміра Банцэвіча, падрыхтаваныя паводле твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа да 125-годдзя песняроў, — расказала дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Мацевасян. — Дзеці з Растова-на-Доне не проста перамалявалі графіку мастака Міхася Басалыгі, а падалі яе цікавую інтэрпрэтацыю ў колерах.
Гэта ўражвае. Мы пазнаёміліся з Уладзімірам Мікалаевічам і разам прыйшлі да высновы: а было б добра да 130-х угодкаў Янкі Купалы зладзіць новую выставу, паказаць яе ў Мінску. А паколькі планы юбілейныя ў нас ужо звёрстаныя, падрыхтоўка да свята ідзе поўным ходам з пачатку года, то вырашылі: навошта год чакаць? Зробім вернісаж сёлета, да дня нараджэння Песняра. Такім чынам, у пяць гадзін вечара 6 ліпеня выстава адкрываецца. Гэта і стане яркім пачаткам Купальскай ночы, якая сёлета будзе святкавацца ў музеі. Плануюцца і іншыя цікавыя імпрэзы.”
Дэсант з выхаванцаў дзіцячай творчай экспедыцыі Цэнтра выяўленчай дзейнасці чакаецца немалы: 13 чалавек, частка з іх — беларусы па родавых каранях, іншыя — расіяне, якія ўсур’ёз цікавяцца культурай братняга народа. Мастакам пад час грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам” прапанавана пачытаць на свяце вершы Песняра ў арыгінале. Гэта значыць на беларускай мове.“Багіня Лада”
Творы падбірае Уладзімір Банцэвіч. Ён сам добра ведае і беларускую мову, і старажытную, “яшчэ ведычную”, як ён кажа, культуру беларусаў, бо нарадзіўся і вырас на Палессі ў пасляваенныя гады. А ва ўласнай творчасці мастака, дарэчы, светлыя і рамантычныя язычніцкія матывы займаюць вельмі значнае месца. У складзе экспедыцыі прыязджаюць у Беларусь і чатыры артысты з фальклорнага гурта, створанага пры беларускай суполцы Растова-на-Доне.
Дарэчы, у творчых планах Уладзіміра Банцэвіча ёсць цікавыя задумы і наконт сумеснага расійскага-беларускага святкавання 200-годдзя першай пераможнай бітвы — яе яшчэ называюць Платаўскай па імені казацкага атамана Платава — з Напалеонаўскай арміяй. А гістарычная бітва, нагадаем, адбылася летам 1812 года на тэрыторыі Беларусі, каля мястэчка Мір. Выхаванцы Уладзіміра Банцэвіча ўжо ведаюць, што менавіта ў Беларусі фактычна і пачыналася вялікая перамога рускай зброі над 600-тысячнай арміяй Напалеона. І што тут, на рэчцы Бярэзіне, ён пацярпеў сакрушальнае паражэнне, ад якога не змог аправіцца. Зрэшты, гэта будзе ўжо іншы творчы праект, з мастацкімі пленэрамі і цэлай мастацка-гістарычнай экспедыцыяй. Падрыхтоўка ж да свята ўжо пачалася — да юбілею застаецца крыху больш за год.

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выхаванцы мастака-педагога Уладзіміра Банцэвіча, старшыні Растоўскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Саюз беларусаў Дона”, рыхтуюць спецыяльную выставу...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика