«Там, дзе мой продак, і мая душа...»
22.07.2011
—
Новости Культуры
|
Нядаўна ў Бабруйску пабывала Мадзіна Хакуашава — унучка заснавальніка кабардзіна-балкарскай літаратуры Алі Шагенцукава, які ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны загінуў ад рук фашыстаў у бабруйскім канцлагеры. — Я даўно збіралася наведацца ў Бабруйск, — расказвае Мадзіна Андрэеўна. — А тут і магчымасць прадставілася: на міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы-2011» адпраўляліся самадзейныя артысты з Кабардзіна-Балкарыі. Ну як было не паехаць. Яшчэ і дачку ўзяла з сабой. — Асоба Алі Шагенцукава вельмі значная. Што ў ім, на ваш погляд, цікавае, незвычайнае? — Дзядуля ўзначальваў рэспубліканскую пісьменніцкую арганізацыю, меў у творчай скарбонцы вершаваныя раманы, паэмы, шмат іншых твораў, якія сабраны больш чым у дзесятку кніг. Навучаўся дзед у Турцыі, шмат падарожнічаў, бачыў жыццё. И меў рэдкую чалавечнасць, імкнуўся да свабоды волевыяўлення... А тут грымнула вайна. Алі Шагенцукаў мог не пайсці на фронт па ўзросце. Толькі і думкі такой не дапускаў: краіна ў небяспецы, павінен апрануць ваенную форму. Разам з іншымі рэзервістамі ён быў адпраўлены пад Кіеў, дзе немцы разгортвалі наступленне. Аднак па дарозе эшалон з вайскоўцамі быў перахоплены ворагам: дзядулю і яго таварышаў адправілі ў канцлагер пад Крамянчуг, а затым у лагер смерці, які размяшчаўся на тэрыторыі старой бабруйскай крэпасці. Немцы, даведаўшыся, хто такі Шагенцукаў, спрабавалі схіліць яго на свой бок. Ды нічога не атрымалася. Пайшлі допыты, катаванні. Дзядуля іх мужна пераносіў, аднак так доўга не магло працягвацца, ён губляў сілы. Пакуль іх зусім не стала... — А чым займаецеся вы? — Я навуковы работнік, доктар філалагічных навук, прафесар. Член Саюза пісьменнікаў Расіі. Мой гістарычны раман «Дарога да дому» пра лёс кабардзінскага народа, яго гераічнае і трагічнае надрукаваны ў часопісе «Дружба народаў», увайшоў, чым ганаруся, у анталогію расійскай літаратуры. Нядаўна ён выйшаў асобнай кніжкай. Шмат твораў у рукапісе. Спадзяюся, яны дойдуць да самага шырокага чытача. Задумак багата. А ці ж не заслугоўвае пяра мая паездка ў Бабруйск, тыя ўражанні, якія атрымала! — Чым прыцягнулі вашу ўвагу сустрэчы ў горадзе на Бярэзіне? — Калі я прыехала ў Бабруйск, было адчуванне, што даўно ведаю горад, людзей. Свае ўражанні аб цёплым прыёме я змагла выказаць на прэс-канферэнцыі кіраўнікоў дэлегацый міжнароднага фестывалю. Яшчэ я пабывала ў крэпасці, дзе правёў свой апошні час мой дзядуля, і ў бібліятэцы № 7 імя Алі Шагенцукава, сустракалася з яе загадчыцай Таццянай Чарняўскай. Я павязу дамоў столькі ўражанняў, што надоўга хопіць! А каб пастаянна іх папаўняць, запрасіла бабруйчан з ліку культработнікаў, усіх, хто будзе мець магчымасць, наведацца да нас. Мы падтрымлівалі сувязі і раней, а цяпер яны будуць яшчэ цяснейшымі. Так што паездка, аб якой я марыла, здзейснілася, і гэта для мяне галоўнае. — У вас цікавае імя — Мадзіна... Адкуль яно прыйшло? — З паэзіі Алі Шагенцукава. Адна з яго паэм так і называецца — «Мадзіна». Гераіня яе — простая вясковая дзяўчына, якая шукае сваё шчасце. Вось мама, дарэчы, старэйшая дачка дзядулі, так і мяне назвала: «Шукай і ты шчаслівых дарог!» Дарэчы кажучы, я сваю дачку ў памяць аб вядомым продку назвала Аліёй. У яе літаратурны талент, які, спадзяёмся, разаўецца і выльецца ў нешта вартае. — Ці карыстаецца сёння імя Алі Шагенцукава папулярнасцю ў землякоў? — Мяне прыемна здзіўляе, радуе любоў кабардзінцаў да яго. Паэзію яго ведаюць, чытаюць, перакладаюць. Шмат кніг выйшла аб яго творчасці, нядаўна яшчэ адна — «Ты стварыў свет, і ён вялікі». Імем майго продка названы пік Эльбруса, шэраг прадпрыемстваў і арганізацый, вуліцы, праспекты. На радзіме існуе тэатр яго імя, адкрыты музей, быў аб’яўлены Год Шагенцукава, а як адзначалі 110-ю гадавіну з дня яго нараджэння — гэта трэба было бачыць! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мадзiна Хакуашава: Імем майго дзеда названы пік Эльбруса
|
|