Наш Скарына і турэцкі Гюлен. 21.by

Наш Скарына і турэцкі Гюлен

04.08.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуска-турэцкія культурныя сувязі сёння адметна выяўляюцца ў правядзенні сумесных канферэнцый, а таксама ў творчых праектах накшталт кніжных выданняў
Маё знаёмства з дырэктарам грамадскага аб’яднання “Дыялог Еўразія” Ісханам Дылекчы пачалося выпадкова. Ліліяна Анцух, дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці”, ішла ў рэдакцыю з кніжнай навінкай і прама ля нашага будынка сустрэлася з ім. Офіс аб’яднання, дарэчы, побач з намі, у іншым пад’ездзе. Ведаючы, што і турэцкая тэматыка не чужая для мяне, жанчына вырашыла нас пазнаёміць.
Пачаўшы гаворку пасля абмену візітнымі карткамі, я згадаў яшчэ адно супадзенне, бо якраз працаваў над артыкулам для газеты “СБ. Беларусь сегодня” пра ўраджэнку Навагрудчыны Саламею Русецкую, па першым мужу Пільштын. Дзівосная была жанчына: у маладым узросце як жонка лекара выехала ў Стамбул, пільна прыглядалася да таго, што і як робіць яе муж, а пасля яго смерці сама стала вельмі запатрабаванай лекаркай пры двары султана. Апісала гэты двор, побыт і норавы туркаў у сваім рукапісе “Авантуры з жыцця…” У ім аўтар з вялікай павагай пісала пра жыхароў турэцкай сталіцы. Будучы талерантнай па натуры, яна ўбачыла падабенства ў хрысціянстве і магаметанстве. Апісанне тых прыгод сярэдзіны XVIII стагоддзя было апублікавана толькі праз дзвесце з лішкам год. У свой час я пасадзейнічаў беларускаму перакладу твора, напісаў да яго прадмову. На падставе гэтага “авантурнага рамана” беларускі драматург Сяргей Кавалёў напісаў п’есу “Залаты сон Саламеі”, якая з поспехам ставілася ў Мінску, Любліне, ды і ў Стамбуле — ужо ў турэцкім перакладзе.
— То, можа, мы выдадзім яе ў нашай “Бібліятэцы турэцкай літаратуры”?! — усклікнула Ліліяна Анцух. — Пачынаецца бібліятэка з рускага перакладу кнігі выдатнага турэцкага філосафа Фетгулаха Гюлена, карэктуру трымаю ў руках.
Праз тыдні два я ўжо абменьваўся са спадаром Дылекчы публікацыямі. Ён мне — кнігу Фетгулаха Гюлена “Дыялог і талерантнасць”, а я яму — нумар газеты з артыкулам пра Саламею Русецкую.
— Неадэкватны абмен атрымоўваецца, — звярнуўся я да госця рэдакцыі. — Вы мне, спадар Дылекчы, — кнігу з часопісамі ў прыдачу, а я вам —толькі нумар газеты…
— Спадзяюся, вы яшчэ напішаце нам артыкул, дзе параўнаеце вашага Скарыну і нашага Гюлена. Дарэчы, я не выключаю, што мы “Сярэбраны сон Саламеі” Сяргея Кавалёва таксама ў нашай “Бібліятэцы” выдадзім.
— Гэта было б добра… Спадар Дылекчы, раскажыце, калі ласка, пра справы Грамадскага аб’яднання “Дыялог Еўразія”. У якім кірунку працуеце?
— Аб’яднанне “Дыялог Еўразія” ў Беларусі пачало працаваць з 2009-га, і ў снежні таго ж года сумесна з факультэтам міжнародных адносін БДУ мы правялі навукова-практычную канферэнцыю “Беларусь — Турцыя”: Шляхі супрацоўніцтва”. Матэрыялы яе выйшлі пад той жа назвай у выдавецтве “Чатыры чвэрці” — кніжку перадаю для вашай рэдакцыі. У снежні 2010-га пры нашым садзеянні беларуская дэлегацыя — а ў склад яе ўвайшлі вучоныя трох вну, прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдавецтваў, журналісты — прыняла ўдзел у канферэнцыі “Сям’я ў кантэксце рэлігій, традыцый і сучаснасці”, арганізаванай турэцкім бокам. Урэшце, сёлета на філфаку БДУ прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Роля асветнікаў у Беларусі і Турцыі”. Студэнтам, якія выйшлі пераможцамі ў ініцыяваным нашым аб’яднаннем конкурсе сачыненняў “Беларусь — Турцыя: Мінулае, цяперашняе, будучыня”, дэкан філфака Іван Роўда ўрачыста ўручыў дыпломы.
Штогод паміж нашымі краінамі адбываецца абмен журналістамі, пісьменнікамі, вучонымі. Заключаны пагадненні пра супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Турцыі, Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Саюзам пісьменнікаў Турцыі.
Нядаўна прайшла прэзентацыя кнігі Фетгулаха Гюлена “Дыялог і талерантнасць”. Вёў яе аўтар прадмовы да гэтай кнігі Мікалай Чаргінец. У гаворцы прынялі ўдзел акадэмік Уладзімір Гніламёдаў, кнігавыдавец Ліліяна Анцух, навукоўцы, пісьменнікі і журналісты. Прысутным быў паказаны дакументальны фільм пра нашага вялікага гуманіста і мысліцеля Фетгулаха Гюлена, пашыральніка ідэй цярпімасці і ўзаемаразумення паміж людзьмі. Дарэчы, яго працы сёння вывучаюцца прыкладна ў дзвюх тысячах школ, адкрытых у дваццаці краінах.
— А што яшчэ мяркуецца выдаць у “Бібліятэцы турэцкай літаратуры”?Пад час прэзентацыі выдання “Дыялог і талерантнасць”
— Падрыхтаваны да выдання зборнік апавяданняў Харуна Такака — турэцкага пісьменніка, грамадскага дзеяча, ён працаваў на стварэнне Платформы “Дыялог Еўразія”, на якой сёння працуюць актывісты з 14 краін. Мы будзем аддаваць перавагу тым творам, што аказваюць станоўчае ўздзеянне на развіццё міжцывілізацыйнага дыялогу, дапамагаюць умацоўваць мір паміж народамі на аснове разумення, павагі і талерантнасці.

Гутарыў
Адам Мальдзіс

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуска-турэцкія культурныя сувязі сёння адметна выяўляюцца ў правядзенні сумесных канферэнцый, а таксама ў творчых праектах накшталт кніжных выданняў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика