Тутэйшыя ў Падляшшы
18.08.2011
—
Новости Культуры
|
Песня дапамагае беларусам польскага рэгіёна захоўваць нацыянальную самабытнасць
Калі я ўехаў у Польшчу праз памежны пераход Баброўнікі, то на дзвярах першай прыдарожнай крамы мяне спаткаў агромністы плакат з запрашэннем на фестываль “Прымацкая бяседа” — на дзвюх мовах: па-польску, што там натуральна, і па-беларуску, што, на першы погляд, незвычайна. Бо адразу і не скажаш, што ў Гарадку (па-польску Грудак), Міхалове — паселішчах, якія ляжалі на маім шляху, многія жыхары акурат беларусы. Гаворка чуваць на вуліцах спрэс польская. І тым не менш — даволі адметны, у параўнанні з іншымі мясцовасцямі Польшчы, той старонкі, куды я трапіў. На пад’ездзе да Гарадка мяне здалёк “віталі” вежы не касцёла, а царквы. Бо значная частка тутэйшага люду вызнае праваслаўную веру, якая, дарэчы, дапамагае вернікам захаваць і беларускую душу. У гэтым я пераканаўся, пагаварыўшы з Юрыем Астапчуком. Чалавек ён тут вядомы — культурны актывіст, кіраўнік калектыву “Прымакі”, каардынатар фестывалю “Прымацкая бяседа”. На “Бяседзе” выступалі некалькі дзясяткаў гуртоў, якія спяваюць па-беларуску ў Польшчы, а таксама артысты з Беларусі (група “Харлі” на чале з Яўгенам Чалышавым, Іван Буслай, Андрэй Хлястоў, “Купалінка” з Мінска, “Шляхціцы” з Лунінца, “Белыя Росы” з Гродна), якія прыехалі падтрымаць суродзічаў у іх пачэснай справе — захаванні культурнай адметнасці Падляшскага ваяводства, якое ўявіць без беларусаў, як і без тутэйшых палякаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў немагчыма. Гэта ўнікальны рэгіён ва ўсёй Еўропе — багаты на традыцыі розных народаў. — Але чаму менавіта ў Міхалове вы праводзіце беларускі фестываль? — спытаў я ў пана Юрыя. — Бо людзі тут вельмі любяць слухаць “Прымакоў”. Нас ведаюць увогуле ва ўсёй Польшчы, дый за мяжой. І мы вырашылі пад сваёй эгідай аб’яднаць розныя беларускія калектывы, каб прадставіць публіцы іх творчасць — у шырокім кантэксце. Да 2008 года я ладзіў фестываль “Сяброўская бяседа” ў суседнім Гарадку, бо працаваў там дырэктарам Дома культуры. А цяпер перанёс свята ў Міхалова, дзе раблю галоўным інструктарам па справах нацыянальных меншасцяў у гмінным (раённым) цэнтры культуры. 9 фестываляў было пад маім кіраўніцтвам у Гарадку, дзясяты прайшоў у Міхалове, а па сутнасці ён — першы тут, і пачынае ў гэтым месцы новую традыцыю. — Калектыву “Прымакі” сёлета споўнілася 15 год. А як ён з’явіўся? — Усё пачалося з таго, што я пачаў запісваць у студыі песні, якія спявалі мае бацькі, дзяды, затым стаў далучаць іншыя мелодыі і тэксты з Падляшша. З’явіліся аднадумцы — і так узнік наш ансамбль. — З якіх мясцін родам вашы бацькі? — З вёскі Ракавічы, што ля Гайнаўкі, — продкі бацькі. А матчыны прашчуры з вёскі Рудуты, што пад Орляй. Я вельмі часта чуў у выкананні бацькоў цудоўныя песні і аднойчы захацеў іх апрацаваць у сучаснай форме, каб і моладзь іх спявала — і праз гэта каб яны не зніклі. — Я ведаю, што вы нарадзіліся ў Эльблонгу — гэта далёка ад радзімы вашых продкаў. На якой мове вы гаварылі з дзяцінства? — Мой бацька Мікалай Астапчук быў свяшчэннікам. Ён гаварыў на мове, якую вынес з дому, — на адным з дыялектаў Падляшша. А людзі, якія атачалі бацьку, былі збольшага ўкраінцы, але гаварылі па-руску, таксама як цяпер беларусы размаўляюць больш па-руску. І таму я вельмі часта блытаўся ў мовах — рускай і той, якую чуў ад бацькоў у хаце. Але пасля мы пераехалі ў Саколку. І там я ўжо пачуў сапраўдную беларускую мову — гэта было ў 1982 годзе. — А цяпер дзе на Падляшшы можна пачуць жывую беларускую мову? — У Міхалове, Гарадку, Залуках, Гайнаўцы, Бельску-Паляскім, Беластоку, Сямятычах. Не ад кожнага. Хаця мне казалі старэйшыя людзі, што некалі было так, што ў Гарадку ўсе гаварылі па-беларуску, але цяперашняе новае пакаленне толькі зрэдку карыстаецца беларускай мовай. — А чаму? — Людзі выбіраюць тое, што ім зручна. Ім так прасцей. Бо жывём жа ў Польшчы. Цяпер толькі ў некаторых школах Падляшскага ваяводства выкладаецца беларуская мова, і ў рэгіёне пераважаць стала польская мова. Хаця калісьці мне было няцяжка да кагосьці падысці і, загаварыўшы па-беларуску, дамовіцца пра нешта. — Як мне пачуць на вуліцы Міхалова беларускую мову, калі, здаецца, усе вакол гавораць па-польску? — Калі ты падыдзеш да чалавека ды пачнеш з ім размаўляць на беларускай мове, ён табе таксама адкажа. Але калі ты падыдзеш і пачнеш размаўляць на польскай — ён табе адкажа па-польску. (На жаль, такі эксперымент мне не ўдаўся: мо таму, што трапляліся на вочы найперш дзяўчаты, якія па-беларуску з-за свайго маладога веку ўжо нічога не ўмелі сказаць. — В.К.) — Як зразумець такую з’яву, што ёсць на Падляшшы “палякі”, якія лічаць сябе праваслаўнымі? Хто гэтыя людзі, хаця іх продкі гаварылі па-беларуску? — Гэтыя людзі нарадзіліся ў Польшчы — таму яны палякі, але па культуры яны застаюцца беларусамі. — Але чаму ў часе перапісу насельніцтва яны запісваюцца менавіта палякамі, а колькасць беларусаў увесь час змяшаецца? — Бо былі неспрыяльныя часы ў мінулым стагоддзі, калі беларусы не асмельваліся прызнавацца, што яны беларусы, бо маглі праз гэта страціць працу. І да гэтай пары цень таго страху застаўся. — А як польскія ўлады ставяцца да вашага фестывалю? — Яго арганізатары — бурмістр Міхалова Марак Назарка, Таварыства сяброў Міхалоўскай зямлі, Міхалоўскі гмінны цэнтр культуры, фінансавую падтрымку забяспечылі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, Маршалкоўскі ўрад (адміністрацыя кіраўніка выканаўчай улады) Падляшскага ваяводства. Улады лічаць, што такія фестывалі спрыяюць развіццю культуры ў рэгіёне. — Як вядома, у некаторых гмінах Падляшша беларуская мова ўведзена ва ўстановах у якасці другой афіцыйнай, побач з дзяржаўнай польскай. А ці збіраюцца зрабіць так і ў Міхалове? — Пытанне разглядаецца. Польскай культуры ў Польшчы шмат, а беларуская — толькі на Падляшшы. І гэта цэняць турысты, якія да нас прыязджаюць. Яны шчыра захапляюцца гэтым. — Чым вы займаецеся, апрача “Прымакоў” і “Прымацкай бяседы”? — Па прафесіі я праваслаўны тэолаг, быў рэгентам царкоўнага хору ў Гарадку. — А якую ролю адыгрывае царква ў развіцці беларускай культуры на Падляшшы? — Царква — неадлучны элемент беларускай культуры ў нашым краі. На беларускай мове стараюцца прамаўляць казанні ў храме свяшчэннікі, каб быць больш зразумелымі людзям. Царкоўная музыка таксама — частка самабытнай беларускай культуры нашага рэгіёна. — Да таго, як вы з’явіліся ў Міхалове, тут, здаецца, не было актыўнага беларускага культурнага руху. Усё вырашае роля асобы? — Я б не сказаў. Міхалова ад Гарадка ляжыць усяго за 8 кіламетраў. Таму тут усё ўзаемазвязана. У горадзе Міхалове жывуць каля 4 тысяч чалавек, і нямала сярод іх беларусаў. Беларуская культура тут заўсёды была. Але праблемы з яе захаваннем на Падляшшы застаюцца. Бо быў паказальны выпадак, калі тэлежурналісты пачулі ў вёсцы Залукі, як людзі чыста і цудоўна гавораць па-беларуску, амаль на літаратурнай мове. А калі ім сказалі, што прыедуць на наступны дзень рабіць інтэрв’ю, то мясцовыя жыхары давалі адказы... па-руску. — Цікава, ці ваша жонка, пані Багуся, падтрымлівае вас у беларускай справе? — Яна з паходжання полька, а ў душы беларуска. І такіх людзей на Падляшшы многа, якім, нягледзячы на паходжанне, неабыякавая беларуская культура. Віктар Андрэеў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Песня дапамагае беларусам польскага рэгіёна захоўваць нацыянальную самабытнасць |
|