Вёска кучаравых?!
19.08.2011
—
Новости Культуры
|
Праязджаючы з сям’ёй па Талачынскаму раёну Віцебскай вобласці, прачыталі паказальнік “Усвейка-Курчаўская”. Былі вельмі здзіўленыя і, канечне, узрадаваныя. Прыемна мець у аднафамільцах населены пункт. На жаль, не хапіла часу, каб наведаць гэта месца. Але, думаем, мы гэта абавязкова яшчэ зробім. Нас цікаваць, адкуль з’явілася гэта назва. У саміх атрымалася даведацца толькі, што Усвейка — рачулка. А вось як у назву трапіла прозвішча Курчаўская?Марына Алейнік (дзявочае прозвішча Курчаўская), Полацк — Паважаная спадарыня Марына! Супадзенне прозвішча і населенага пункта не такая рэдкая з’ява для Беларусі. Даволі часта сустракаюцца вёскі, у якіх амаль усе жыхары маюць аднолькавае прозвішча, аднайменнае з назвай паселішча. Назва вёскі Усвейка-Курчаўская складаецца з дзвюх частак. Першая частка назвы, як вы правільна заўважылі, утворана ад назвы ракі Усвейка. Гэта рака працякае па землях Талачынскага і Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці, з’яўляецца правым прытокам ракі Ула, адносіцца да басейна Заходняй Дзвіны. Даўжыня ракі складае 116 кіламетраў, а таму на розных участках гэта рака мае розныя найменні: Усвейка, Альшанка, Усвея, Усвіж-Бук, Усвіца, Язва. Адметна тое, што рака пачынаецца менавіта каля вёскі Усвейка-Курчаўская. У некаторых даведніках, у прыватнасці ў “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі” В.А.Жучкевіча, вы можаце знайсці тлумачэнне гэтай назвы як арыенцір: месца каля звея — звеянага пяску. Існуе таксама меркаванне, што ў мінулым назва ўтварылася з двух слоў: вусце (у найменне ўвайшла частка ус) і старажытнага ландшафтнага тэрміна віць “вільготнае месца”. Верагодна, што так нашы продкі ў далёкім мінулым маглі адзначыць у назве паселішча тое, што каля яго брала пачатак рака. Але найбольш верагодным, на наш погляд, бачыцца навуковае тлумачэнне вядомых вучоных В.У.Тапарова і А.М.Трубачова. Паводле іх версіі, назва суадносіцца з балтыйскім дыялектным словам asvina, старажытнапрускім asvene “ручай”. Такім чынам, першая частка назвы ўказвае на раку, на берагах якой было заснавана паселішча. А вось неабходнасць у другой частцы наймення была выклікана тым, што па берагах ракі былі ўтвораны і іншыя вёскі, у назвах якіх заснавальнікі таксама хацелі адлюстраваць назву воднага аб’екта. У сувязі з гэтым да асноўнай назвы дадавалася яшчэ адно найменне, якое і адрознівала дадзенае паселішча ад іншых. Звычайна ў якасці другога наймення выкарыстоўваліся словы, якія заканчваліся на скі. Пераважная колькасць найменняў на скі ўтварылася ад імёнаў, імёнаў-мянушак або прозвішчаў людзей і ўказвала на прыналежнасць геаграфічнага аб’екта. Акрамя таго, многім тапонімам на скі было ўласціва адноснае значэнне: яны ўказвалі на месца размяшчэння паселішча або зямельнага ўчастка адносна іншага населенага пункта. Такім чынам, другая частка назвы вёскі, якая больш за ўсё вас і зацікавіла, магла ўтварыцца двума шляхамі: ад назвы паселішча Курчы або Курчава, размешчанага на беразе ракі, або ад імя-мянушкі ці прозвішча землеўласніка або першага заснавальніка паселішча Курчаўскі або Курч. У сваю чаргу і ў аснове назвы вёскі, і ў аснове назвы прозвішча ляжыць імя-мянушка чалавека, дадзенае ў свой час па знешніх асаблівасцях яго носьбіта: ён меў кучаравыя (размоўнае слова курчавыя) валасы. Не выключана таксама, што першы носьбіт гэтай мянушкі мог мець і фізічныя недахопы: у беларускіх народных гаворках, а таксама ў іншых славянскіх мовах слова курч ужывалася ў адносінах да людзей, якія пакутавалі ад судараг.Беларускай формай паселішча з’яўляецца Курчаўская Усвейка, адваротнае напісанне праз злучок Усвейка-Курчаўская ўзнікла пад уплывам польскай мовы. У Польшчы такая мадэль назваў надзвычай распаўсюджана. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праязджаючы з сям’ёй па Талачынскаму раёну Віцебскай вобласці, прачыталі паказальнік “Усвейка-Курчаўская”. |
|