Пружанскі палацык - адзіная адноўленая сядзіба стылю мадэрн у Беларусі
27.08.2011
—
Новости Культуры
|
Бялюткі будыначак дзіўных абрысаў адкрываецца воку ў рамантычнай аправе дрэў старажытнага парку, нібы вытанчаная цацка Падыходзіш бліжэй — і трапляеш у палон нейкай незразумела прыемнай аўры, нібы вяртаешся ў дзяцінства, напоўненае казачнасцю светаўспрымання. Здаецца, вось-вось да ўваходу пад’едзе карэта — і ступяць з яе на брукаваную дарожку шыкоўна апранутыя пан з паненкаю, прыязна прывітаюцца з табою ды нетаропка ўздымуцца па лесвіцы ў Вялікую залу... Аздоба горада — Гэты будынак аздабляе сабою Пружаны вось ужо паўтары сотні гадоў. Праз усе разбуральныя войны, што адбыліся за гэты час на нашай зямлі, яго ратавала прыгажосць, бо імкненне да яе прысутнічае ў падсвядомасці кожнага чалавека, — упэўнены дырэктар музея-сядзiбы “Пружанскi палацык” Юрый Зялевіч, чалавек, па-сапраўднаму апантаны гісторыяй роднага краю.Напэўна, менавіта такую ўстаноўку — далучэнне да казкі, якая ўздзейнічае на нас і сёння, заклаў стваральнік дзівоснага дома пры яго будаўніцтве. — Уявіце сабе Пружаны 50—60-х гадоў ХІХ стагоддзя, — вяртае да вытокаў Юрый. — Павятовы цэнтр Гродзенскай губерні, фактычна ж звычайная правінцыяльная “дзірка”, якіх у тыя часы багата мелася на Беларусі. З насельніцтвам пяць з нечым тысяч жыхароў — пераважна гэта былі рамеснікі і гандляры. Выгляд горада мала чым цешыў вока. Вузкія, амаль усе небрукаваныя, брудныя вуліцы. Уздоўж іх маркотнымі шарэнгамі выцягнуліся падобныя адзін да аднаго драўляныя мяшчанскія дамы і крамкі... I раптам такі цуд — сапраўдны палац, хаця і ў мініяцюры! Як выклік шэрай будзённасці, як матэрыялізаваная мара аб лепшым і больш прыгожым жыцці, якога заўсёды трэба прагнуць... Неўтаймоўны шляхціцНа працягу трох пакаленняў гаспадарылі тут Швыкоўскiя, прадстаўнiкi заможнага шляхецкага роду, якія мелі ўладанні ў розных мясцінах Беларусі і вылучаліся высокай культурай, эрудыцыяй, патрыятызмам, гаспадарлівасцю. З гэтым прозвiшчам і звязаны слава ды росквiт пружанскага маёнтка. Сваiм з’яўленнем палац абавязаны Валенцiю Швыкоўскаму, якi стаў тут гаспадаром у 1843 годзе. Ён, маршалак Пружанскага павета, быў менавіта такі — шэрасць штодзённасці імкнуўся ператварыць у квітнеючы сад. Валенцій і Гермінія Швыкоўскія, на жаль, не мелі дзетак, і таму ўсё каханне адзін да аднаго, усю прызначаную лёсам любоў да жыцця ўвогуле, гонар і годнасць, з якімі ішлі па ім поруч, яны ўкладвалі ў абуладкаванне не толькі свайго гняздзечка, але і на той час занядбанага павятовага горада. Гісторыя палацыка — гісторыя краіныУ 1863 годзе, пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, маёнтак быў адабраны дзяржавай — у доме шляхціца, які падтрымліваў паўстанцаў, размясцілася павятовая адміністрацыя. Апальнаму гаспадару ўдалося пазбегнуць арышту і эмігрыраваць у Бельгію. Чатыры гады правёў пружанскі маршалак у выгнанні. Увесь гэты час Гермінія Парфір’еўна, якая жыла ў Пружанах, дабівалася праўды. Яна пісала лісты да расійскага імператара Аляксандра ІІ, і ў рэшце рэшт здарылася амаль немагчымае — сваім асабістым загадам ён зняў арышт на маёмасць Швыкоўскіх. Выгнанніку пашчасціла вярнуцца на радзіму ў свой маёнтак. Лёсам было адведзена яшчэ многа шчаслiвых гадоў у любiмым iмi палацыку, дзе Швыкоўскія прымалi дарагiх сваiх гасцей — мастака Напалеона Орду, пiсьменнiка Юзафа Крашэўскага, iншых вядомых навукоўцаў i людзей мастацтва... Пасля Швыкоўскіх у палацыка было нямала гаспадароў. За польскiм часам палацык займала павятовае староства, у апошнюю вайну тут месціўся штаб генерала Гудэрыяна, потым — iнтэрнат нямецкiх афiцэраў, пасля вайны — аграбіястанцыя, дзiцячы садок, стаматалагiчная палiклiнiка... Будынак доўга збiралiся рэстаўраваць, доўга рэстаўравалi i нарэшце ў 1998 годзе адкрылi. Сюды пераехаў краязнаўчы музей, якi стаў называцца музей-сядзiба “Пружанскi палацык”. Гістарычны помнік стылю мадэрн сёння ахоўваецца дзяржавай. Гэта адзіная адноўленая сядзіба такога тыпу на Беларусі. Разам з Юрыем Зялевічам вандруем па музейных залах, спускаемся на першы паверх. Дакладна невядома, як выглядаў гэты прасторны, светлы салон, таму аформілі яго на манер утульнага інтэр’ера звычайнага сядзібнага дома з адмысловым густам. Тут і раней было шмат канапаў ды мяккіх крэслаў для размяшчэння гасцей, гучаў раяль. Кветкавая зала з камінам, які больш за сотню гадоў таму служыў гаспадарам. Невялічкі зімовы сад, куды прыносілі з аранжарэі квітнеючыя расліны — гэты пакой прызначаўся для самоты і адпачынку. Паляўнічы кабінет, аздоблены трафеямі, дзе пад кілішак каньяку, папыхваючы люлькамі, гадзінамі маглі распавядаць аб сваіх прыгодах у пушчанскіх лясах сябры Валенція Швыкоўскага. Дарэчы, тут стаіць канапка, адзіны прадмет мэблі, што захаваўся з тых часоў, — ад’язджаючы ў эміграцыю, гаспадар падарыў яе свайму конюху. Увага, здымаецца кіно!У апошнія тры гады палацык зрабіўся прывабнай здымачнай кінапляцоўкай. Напрыклад, першыя хвіліны знакамітай мастацкай беларуска-расійскай карціны “Брэсцкая крэпасць” здымаліся менавіта тут — на тэрасе палацыка. Летась ён стаў галоўным асяродкам падзей шматсерыйнага тэлефільма “Талаш”. У масоўцы знялася частка калектыву музея, а дырэктар нават атрымаў ролю афіцэра царскага войска. Як стала вядома, наступнай нагодай хуткага прыезду кіношнікаў у Пружаны стане натура для серыяла “Паляванне на гаўляйтара”. Сёння сядзiба — гэта грамадска-культурны i навуковы цэнтр Пружан. Тут праводзяцца лiтаратурныя i музычныя вечарыны, навуковыя канферэнцыi па захаваннi гiстарычнай спадчыны, наладжана ўжо каля сямi дзясяткаў тэматычных выстаў. У год музей наведваюць больш за шэсць тысяч турыстаў, у тым ліку замежных, і цікавасць да яго расце. Зноў расправіўшы свае белыя крылы, палацык, як і сто пяцьдзясят гадоў назад, стаў сапраўднай візітоўкай горада. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
І да таго ж ён - фіналіст праекту "Сем цудаў"!
|
|