ЦУДазнаўства. 21.by

ЦУДазнаўства

02.09.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЦУДазнаўства

Каму хочацца пасля выдатна праведзеных канікулаў ісці ў класы і брацца за падручнікі матэматыкі, фізікі ці гісторыі, калі галава поўная ўспамінаў пра летнія падарожжы. Адзінаццацікласнікам Гярвяцкай школы, можна сказаць, проста пашчасціла. Пасля ўрачыстай лінейкі яны трапілі на незвычайны ўрок... цудазнаўства, які правяла карэспандэнт  “Народнай газеты”.

— Праект “Сем цудаў Беларусі”? — ажывіліся школьнікі, калі я расказала пра мэту свайго візіту. — Наш жа гярвяцкі касцёл увайшоў у фінал!

Менавіта таму, растлумачыла юнакам і дзяўчатам, я і завітала ў Гярвяты. Заўсёды цікава паразмаўляць з тымі, хто жыве побач з такой веліччу — візітнай карткай не толькі раёна, але, можна сказаць, і ўсёй Беларусі. Вядома, наведаць святыню прыязджаюць з Расіі, Польшчы, Літвы...

— А дзе вы былі гэтым летам? — пацікавілася ў адзінаццацікласнікаў. —  Прызнавайцеся!

— Я адпачывала на Нарачы, — самай смелай аказалася Саша  Рэкець. —  Вельмі прыгожае возера. Сапраўдны помнік прыроды. Нездарма яно трапіла ў спіс фіналістаў праекта.

— І, дарэчы, знаходзіцца пакуль што ў лідарах, — дабавіла я.

— Праўда? Вельмі здорава. Думаецца, дзякуючы газеце і вашаму праекту на возера звернуць яшчэ большую ўвагу — і беларусы, і турысты, і эколагі.

— А я быў толькі  за мяжой, — прызнаўся адзін з хлопцаў.  І нібы крыху засаромеўся.  Мне стала  цікава меркаванне школьнікаў наконт, здаецца, ужо вечнага пытання: чаму беларусы замест родных мясцін выбіраюць усё ж Турцыю, Егіпет, Польшчу?

— А што ў нас глядзець?! — здзівілася адна з вучаніц.

Прызнацца, я сумелася. І прапанавала  пазнаёміцца вучням з 42 фіналістамі нашага праекта, вядома, нагадаўшы, што на першым этапе ў ім удзельнічала больш за тысячу помнікаў мастацтва, архітэктуры, прыроды. Вось вам і “што глядзець”. А разам з тым папрасіла вызначыць сем аб’ектаў, найбольш вартых, на іх погляд, звацца цудамі Беларусі.Многія з аб’ектаў для школьнікаў сталі адкрыццямі. Яны нават не чулі пра брагінскі метэарыт, праваслаўнае свята “Бразгун” і 900-гадовы дуб у Маларыцкім раёне. Здзіўленнем для іх сталі і тыя факты, якія мне ўдалося ўспомніць з гісторыі цудаў. Школьнікаў уразіў расказ аб тым, што на лістоўніцы ў Слаўгарадскім раёне ў часы вайны размяшчаўся артылерыйскі нарад, што рост самага маленькага з кажаноў, якія водзяцца ў Брэсцкай крэпасці, не перавышае трох сантыметраў і што мужчын, якія спрабавалі трапіць на абрад “Пахаванне стралы”, жанчыны качалі па зямлі.Здзівілі і мяне школьнікі — досыць цікавым аказалася вызначаная імі “цудоўная” сямёрка. Найбольш вартымі звацца цудамі Беларусі, па меркаванні гярвяцкіх адзінаццацікласнікаў, аказаліся:

лістоўніца ля вёскі Улукі Слаўгарадскага раёна;

БелАЗ;

крыж Еўфрасінні Полацкай;

Брэсцкая крэпасць;

слуцкія паясы;

каменны крыж на Барысаглебскіх могілках у Тураве;

і, вядома, касцёл Святой Тройцы ў Гярвятах.

Дарэчы, пра свой цуд школьнікі ведаюць найлепш. Калі запыталася ў іх, што яны маглі б расказаць пра гярвяцкі касцёл, прыедзь да іх хто ў госці, тут жа пачулася з усіх бакоў:— Яму больш за сто гадоў!— Нядаўна ў касцёле з’явіліся ўнікальныя каменныя вароты.— Святыня вядома сваім дэндрапаркам.— І дванаццаццю скульптурамі апосталаў!А каб замацаваць веды школьнікаў пра толькі што адкрытыя ім аб’екты, правяла сярод вучняў  віктарыну, разыграўшы прызы ад “Народнай газеты”.  — Яшчэ раз упэўніўся, наколькі патрэбны гэты праект, — па-дзяліўся сваімі ўражаннямі пасля праведзенага мной урока Андрэй Трышын. — Людзі павінны ведаць, якімі цудамі багатая наша краіна. Для мяне, напрыклад, было вельмі цікава пачуць пра  900-гадовы дуб і  крыжы, якія растуць з зямлі.—  А мне наогул захацелася зараз жа адправіцца ў падарожжа, — прызналася аднакласніца Андрэя Анжэла Карэева. — І ў першую чаргу — у Брэсцкую вобласць. Аказваецца, гэта такі багаты рэгіён. Тут і Камянецкая вежа, і Белавежская пушча, і Брэсцкая крэпасць...  Аб’екты, якія на слыху, і не толькі. Адкрыццём для мяне, напрыклад, стаў Пружанскі палацык.  Прыемна, што ўрок ад “Народнай газеты” прайшоў для дзяцей з карысцю. Пакінуўшы клас, падумала: можа, варта “цудазнаўства” ўключыць у спіс школьных прадметаў?! Каб ужо з дзіцячага ўзросту ведалі беларусы, што і ў нашай краіне ёсць што паглядзець і чым ганарыцца. Але пакуль што гэта толькі мара, заходзьце на сайт “Народнай газеты” www.ng.by — і ўжо зараз атрымлівайце бясплатныя ўрокі цудазнаўства ў рубрыцы “Сем цудаў Беларусі”. І, канешне, галасуйце!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Менавіта такі першы ўрок для вучняў Гярвяцкай школы Астравецкага раёна правяла карэспандэнт “Народнай газеты”
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика