Польская культура будзе прадстаўлена ў Мінску маштабнай праграмай. 21.by

Польская культура будзе прадстаўлена ў Мінску маштабнай праграмай

07.09.2011 16:06 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Польская культура будзе прадстаўлена ў Мінску маштабнай праграмай


Польшча прадставіць у Мінску міжнародную культурную праграму, прысвечаную польскаму старшынству ў Еўрасаюзе. Сёння арганізатары пазнаёмілі з падрабязнай праграмай запланаваных мерапрыемстваў, якія ў такім масштабе будуць прэзентаваны ў беларускай сталіцы ўпершыню.

У першы раз старшынства ў Еўрасаюзе асаблівую ўвагу Польшча вырашыла надаць нацыянальнай культуры, якую краіна прадставіць у 10 сталіцах свету: Лондане, Берліне, Мадрыдзе, Токіё, Пекіне, Брусэлі, Парыжы, Маскве, Кіеве і Мінску, адзначыў сёння Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка. На працягу 100 дзён - з верасня па снежань 2011 года – адбудзецца больш за 400 разнастаўных мерапрыемстваў.

Міжнародная культурная праграма I, Culture ("Я, культура") пазнаёміць Мінск з выбітнымі прадстаўнікамі польскай культуры сучаснасці і мінулага: пісьменнікамі, кампазітарамі, мастакамі, паэтамі і рэжысёрамі. Мерапрыемствы праграмы пройдуць на пляцоўках па ўсім Мінску: у галерэях, канцэртных залах, тэатрах і кінатэатрах.

Праграма пачнецца ўжо сёння – з прэзентацыі аўдыёкнігі выбітнага паляка, аднаго з чатырох польскіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры Чэслава Мілаша, якая адбудзецца ў межах літаратурнага форуму "Вялікае Княства Паэзіі". На беларускую мову яго творы пераклаў беларускі паэт Андрэй Хадановіч, а прэзентацыя аўдыёкнігі будзе суправаджацца серыяй чытанняў (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі).


Графічнае мастацтва Польшчы і Беларусі можна будзе параўнаць на фестывалі графічнага дызайну Dialog Design, які пройдзе ў Мінску з 7 па 9 верасня. Падчас мерапрыемства прадугледжаны майстар-класы і семінары.

13 верасня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі можна будзе пачуць музыку Караля Шыманоўскага, польскага кампазітара, якога называюць "другім пасля Фрыдэрыка Шапэна".

На 18 верасня запланавана творчая майстэрня па сучасным рамястве I, CULTURE Puzzle. Усіх ахвотных запрашаюць прычыніцца да стварэння мінскай часткі пазла-палатна I, CULTURE у тэхніцы пэчворк. Фрагменты палатна размеркаваны сярод 10 сталіц-удзельніц праграмы: кожная краіна падрыхтуе сваю частку, пасля чаго з іх сшыюць адзінае палатно.

Беларусы ўбачаць і лепшыя польскія спектаклі – падчас міжнароднага форума тэатральнага мастацтва “Тэатр”, які пройдзе з 7 па 26 кастрычніка. Польскія калектывы прывязуць у Беларусь 7 сучасных спектакляў, што мелі найбольшы поспех у свеце. Асаблівую ўвагу арганізатары надаюць спектаклю знакамітага польскага рэжысёра Гжэгажа Яжыны “У нас усё добра” па п’есе сучаснага польскага драматурга Дароты Маслоўскай.

З 27 па 29 кастрычніка пройдуць Дні люблінскага тэатра: свае пастаноўкі пакажуць тры калектывы з Любліна, у тым ліку "Братоў Карамазавых" ад тэатра "Правізорыум".

Авангардны спектакль “Планета Лем”
Авангардны спектакль “Планета Лем”
Прывязуць у Мінск таксама авангардны спектакль “Планета Лем” - шоу-перфоманс, заснаваны на творах выбітнага польскага пісьменніка Станіслава Лема (11 лістапада ў Палацы Спорта). Гледачоў чакаюць арыгінальная сцэнаграфія, незвычайныя касцюмы, гукавыя спецэфекты і мультымедыйныя праекцыі. 

А з дасягненнямі польскай кінематаграфіі беларусаў пазнаёмяць падчас XVIII Мінскага міжнароднага кінафестываля "Лістапад", якія мае адбыцца 5-12 лістапада. Як адзначыў праграмны дырэктар фестываля Ігар Сукманаў, упершыню ў асноўны конкурс трапілі адразу дзве польскія карціны. Дарэчы, каб прэзентаваць праграму культурных мерапрыемстваў, Мінск наведаў знакаміты польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі. 

Таксама падчас "Лістападу" будзе прэзентавана серыя дакументальных фільмаў пра сучасную Польшчу. Кінастужкi распявядуць пра прыхiльнасці палякаў да рок-музыкi, моды, гульняў і цацкаў, альпінізму і больш iнтымныя звычкі. Сярод аўтараў – намiнанты на мiжнародныя кiнапрэмii кшталту "Оскар", адзначаюць аранізатары. А польская акадэмія дакументальнага кіно Dragon Forum правядзе майcтар-класы для маладых кінематаграфістаў.

Аматарам музыкі варта будзе трапіць на канцэрт аднаго з самых папулярных польскіх гуртоў “Zakopower”, якія спалучаюць розныя стылі – ад рока і джаза да афрыканскіх рытмаў. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, канцэрт аббудзецца ў к/з "Мінск" 22 лістапада.

Завершыць культурную праграму выстава (з 25 лістапада да 31 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь) польска-беларускага мастака, майстра краявідаў Фердынанда Рушчыца, якія нарадзіўся і памёр на Валожыншчыне.

Усе праекты курыруе Інстытут Адама Міцкевіча сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы беларускіх партнёраў: Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" і інш. 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Польшча прадставіць у Мінску міжнародную культурную праграму, прысвечаную польскаму старшынству ў Еўрасаюзе. Сёння арганізатары пазнаёмілі з падрабязнай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика