З0 верасня Народны паэт Ніл Гілевіч святкуе 80-годдзе
30.09.2011 10:22
—
Новости Культуры
|
З0 верасня Народны паэт Ніл Гілевіч святкуе 80-годдзе У літаратуры Ніл Гілевіч 65 гадоў — першыя яго вершы з’явіліся ў друку ў 1946-м.
Многія моманты біяграфіі аўтара першага беларускага рамана ў вершах самі сабой вартыя рамана — ад змены "савецкага" імя Нінел ("Ленін" наадварот) на гучнае і кароткае Ніл да складання культавага "Сказа пра Лысую гару" і дваццацігадовага маўчання пра яго. Ад аўтарства хіта "Вы шуміце, бярозы" да сённяшніх смелых публіцыстычных вершаў. ![]() Ад дзяржаўных узнагародаў да негалоснай забароны… Сімвалічна, што юбілей Гілевіча супаў з юбілеем Незалежнасці, да ўсталявання якой і ён прыклаўся. "У Вярхоўным Савеце Ніл Сымонавіч узначальваў Камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, — узгадвае Лявон Баршчэўскі, сябра Апазіцыі БНФ у ВС XII склікання. — Яго паважала партыйная наменклатура, і гэта давала магчымасць рухаць беларусізацыю. Гэта яго заслуга ў тым, што ўдалося ў пачатку 90-х хутка перавесці першыя класы на беларускую мову". Любоў да роднага краю -вызначальная характарыстыка паэзіі Гілевіча — ці лірыка гэта, ці публіцыстыка. "Гэта простая, спеўная паэзія, агульназразумелая, якую не трэба расшыфроўваць, — кажа Вераніка Кушнярэвіч, загадчыца кафедрай беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ. — Ключавыя радкі Гілевіча — хрэстаматыйныя: Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе: Мы — дзеці роднае сям 'і, I- дзеці Маці-Беларусі, I — дзеці Матухны-Зямлі. І ўжо народныя: Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы, Калышыце, люляйце свой напеў векавы, А я лягу-прылягу край гасцінца старога На духмяным пракосе недаспелай травы. "Да Ніла Гілевіча ніхто не звяртаўся да рамана ў вершах, — кажа паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль. — У 1940-я быў раман Змітрака Астапенкі, аднак гэта, хутчэй, паэма. "Родныя дзеці" -унікальны раман для беларускай літаратуры, не ведаю, ці будуць калі-небудзь яшчэ падобныя творы". Унікальнае валоданне словам, эрудыцыя, тонкае адчуванне стылю дазваляе Гілевічу ствараць такія разнапланавыя рэчы: ад вершаванага рамана да народных песняў і магутнай, знішчальнай публіцыстыкі. Як не згадаць класічнае: Быў час, быў век, была эпоха, Калі, наеўшыся ў адвал, Сёйтой прыкінуў, што "панчоха" — Зусім не кепскі ідэал. …Калі ў кампаніі парою Не зразумець было, хоць плач — Хто лезе чокацца з табою: Ці лепшы сябар, ці стукач. "Галоўная заслуга Гілевіча ў тым, што ён ёсць, ён піша, і мы можам спяваць ягоныя песні, — кажа саліст "Сяброў" Анатоль Ярмоленка, выканаўца суперхіта 1980-х "Вы шуміце, бярозы" на словы Ніла Сымонавіча. — Я зычу спадару Гілевічу здароўя, каб у яго атрымалася шмат новых твораў, якія ў нас будуць вывучаць, а мы з задавальненнем будзем спяваць песні на яго вершы". Галоўнымі радкамі Гілевіча Анатоль Ярмоленка лічыць "І усё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі" … Равуць вятры, грымяць грамы, Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж, I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы Да Беларусі!.. Шлях да Беларусі, пабачаны паэтам у 1992-м, нібы ілюструе дзень сённяшні. Пераадоленне сумневаў, пераадоленне страху -лейтматыў яго паэзіі сёння. Сучасныя вершы — гаркава-іранічныя. Але і лекі бываюць горкімі. Так, адгукнуўся патрыярх беларускай паэзіі і на маўклівыя акцыі пратэсту, дакладна схапіўшы іх настрой: I. Во хітруга! Не б’е ў барабан. Не пяе, Не крычыць. А стаіць і маўчыць. Як нямы! Вось у нас і напруга. Каб ён проста маўчаў — Дык жа не! Ён пра нешта маўчыць! А пра што? А пра што ён маўчыць? Прызнавайся, хітруга! II. О народ беларускі! Ты так красамоўна маўчыш, Што маўчанне тваё Ім страшней За бунтоўныя крыкі. Не, не доўга ўжо несці табе Свой пакутніцкі крыж. Ты — не раб. Ты — вялікі. Ва ўсім. І ў маўчанні вялікі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У літаратуры Ніл Гілевіч 65 гадоў — першыя яго вершы з’явіліся ў друку ў 1946-м. Многія моманты біяграфіі аўтара першага беларускага рамана ў вершах самі сабой вартыя... |
|