«Усе жанчыны былі закаханыя ў Турава. І нават я…»
02.11.2011
—
Новости Культуры
|
— Як усё пачалося? Я здымалася ў фільме Ігара Дабралюбава «Трэцяга не да- дзена» і там спявала песню, якую пачуў Тураў і ўзяў мяне ў свой фільм «Людзі на балоце». Там, на кінапробах, мы з ім і пазнаёміліся. Чалавек ён быў вельмі эмацыянальны, завадны, можа, таму так адчуваўся нерв у фільмах, — распавядае Таццяна МАРХЕЛЬ.
— Пасля кінапробаў я спытала ў другога рэжысера: «Як пробы?» — «Сказалі, што ты не адчуваеш камеру», — адказаў ён. Я засмуцілася. А ён: «Дык гэта добра, што не адчуваеш, гэта камплімент» (смяецца). Кампазітар Алег Янчанка пісаў сімфанічную музыку да фільма «Людзі на балоце». А Тураў сказаў яму: «Бяры Таніны песні, іх не апрацоўвай, а толькі абрамляй». І так мы сталі пісаць песні, бывала, за змену запісвалі дзве-тры. Рабілі па некалькі дубляў. А аператарам быў Дзіма Зайцаў. Так шыкоўна ім знята ў першых серыях прырода! Было гэта ў Домжарыцах, у Бярэзінскім запаведніку. Я спявала народныя песні маёй мамы. Хаця гэта песні не паляшуцкія, а з Цэнтральнай Беларусі, ды яны пра Палессе. Нашы акцёры гаварылі мне: «Віктар Цімафеевіч сказаў, перадайце Тані, што песні ляглі на «изображение». Вось так усё і пайшло. Вядома, усё гэта склалася вельмі хораша: песні, краявіды. Калі песні ўсе запісалі, я яшчэ адну ўспомніла: «У гародзе верба расла…» Прыехала да Турава і кажу: «Віктар Цімафеевіч, яшчэ адна песня ёсць». — «Ай, дык мы ж ужо ўсё запісалі». — «Такая харошая!» — «Дык заспявай!» Запісалі песню, а потым я гляджу, яе паставілі ў эпізод, дзе сядзіць дзед з малым і даглядаюць пчол. Унук пытаецца пра пчол, і ідзе панарама шырокага, высокага дрэва з лісцем, і такая ж шырокая і светлая песня гучыць. Я магу сказаць, што Тураў вельмі любіў акцёраў. Яны здымаліся ў яго проста з фільма ў фільм. Яны былі яго родныя людзі, сябры. Калі здымаліся «Людзі на балоце», я тады ў Віцебску працавала, а яшчэ на здымках былі акцёры з Мінска, Масквы, Ленінграда. І мы былі вельмі дружныя. Збіраліся разам. Аднойчы Тураў нават нас павёз зімой у Ялту. Мы прабылі там амаль месяц. Знялі там толькі некалькі эпізодаў: падзел зямлі і бойку. Помню, калі аператар здымаў, стараўся, каб не было відаць гор… Карацей, Тураў усім акцёрам даў шыкоўна адпачыць. Ён так жадаў зрабіць групе што-небудзь добрае, ён вельмі любіў лю- дзей, з якімі працаваў... Быў адкрыты для кожнага чалавека, і чалавек быў адкрыты для Турава. Вядома, «Людзі на балоце» — гэта цэлая эпапея. Былі розныя эпізоды. Памятаю, мы прыехалі на здымкі ў Домжарыцы і спачатку павінны былі здымаць жніво. Чакаем, бо прыехалі на здымкі, а здымкаў няма. Глядзім, ідзе Тураў паўз жыта, сярдзіты. А за ім яго «Волга» едзе. Усе занепакоіліся: «А што такое?» Аказалася, Тураў не хацеў здымаць, таму што колер жыта быў не той, што трэба. І мы чакалі патрэбнага колеру некалькі дзён. На здымкі прыехаў маладзенькі хлопчык, блакітнавокі, з гітарай. Гэта быў Дзіма Харацьян. І мы ўсе збіраліся, спявалі нашы, беларускія, песні. Харацьян іграў на гітары. Гэта была сям’я. Мяне яшчэ ўразіў на здымках Гена Гарбук, які іграў Васіля ў тэатры і ў тэлефільме, а тут бацьку Ганны Чарнушкі. Ён апранаў свой касцюм за дзень да здымкаў, і ўвесь час у ім хадзіў. Абжываў адзенне. І ролю сваю сыграў вельмі хораша. Такія добрыя ўспаміны… Яшчэ быў такі цікавы момант: на здымкі прыехаў Аляксандр Галібін, маскоўскі акцёр. Ён павінен быў іграць Васіля. І тут акцёры кажуць: «Галібіна адправілі!» Галібін прыехаў у Домжарыцы, паглядзеў, што там такая вясковая гасцініца, не з усімі выгодамі, нешта там запатрабаваў. А Тураў: «Так, адпраўляйце!» І, глядзім, вязуць Казючыца, які не прайшоў пробы на ролю Васіля. І Галібіна адвозяць у Мінск на самалёт. І яны сустракаюцца... Я думаю, вельмі добра, што так склалася. Казючыц, вядома, цудоўны Васіль. Ён такі мяккі, такія ў яго вочы! Дарэчы, мясцовыя людзі прыходзілі да нас на здымкі. Алена Барзова, якая грала Ганну, вазіла ім нейкія шпалеры з Масквы, а адсюль — журавіны. Гэта былі такія сябры! Жанчыны запрашалі нас да сябе дамоў! Помню, здымаюць на гаці балота, там мокра. Мы акалелі, і жанчын паслалі самагонкі прынесці. Вядома, п’янства не было, але калі акалелі, то дазвалялася… І палатно льняное, даматканае, нам жанчыны дарылі і танна аддавалі. Нашы ж людзі ў вёсцы такія цудоўныя, што душу аддадуць... А ці быў Тураў незадаволены? Вядома. Часцей за ўсё. Ён быў вельмі патрабавальны, нерваваўся. Але няцяжка было з ім здымацца. А калі нешта добра атрымоўвалася, ён быў такі шчаслівы! Пасля здымак мы з Туравым бачыліся. Калі я была на гастролях у Магілёве, ён сказаў: «Таня, схадзі, запрасі маму маю і айчыма на спектакль». А яны жылі дзесьці ля чыгункі. І я іду па сцежачцы і ў брамку кірую, гляджу — Тураў! У яго мамы абсалютна такая ж паходка. Ён трошкі касалапіў. І бацькі Турава прыйшлі да мяне на спектакль. І другі раз я бачыла маці Віктара Цімафееіча. Калі ён памёр. Мы прыйшлі развітацца, яго ўжо везлі па горадзе на могілкі. І я ішла, апусціўшы галаву, і бачу перада мной — тая ж паходка, маці ідзе. Яе вядуць пад рукі, таму што ёй вельмі цяжка. Гэта вядома вельмі балюча, калі маці хавае дзяцей... А перад гэтым у Турава быў юбілей. Я не была, а казалі, што ён вельмі сябе дрэнна адчуваў. І ён усё-такі абязболіўся, але да людзей выйшаў. Ён заўсёды думаў не пра сябе, а пра людзей. Каб было ў іх свята… Рэдкі чалавек, ён вельмі любіў Беларусь. І калі да яго прыязджалі маскоўскія акцёры, ён вазіў іх па краіне, паказваў яе. І першую песню Высоцкага запісаў, яна гучала ў фільме «Сыновья уходят в бой». І Высоцкі часта прыязджаў да Турава, калі былі тут у яго канцэрты. Нават заязджаў з Марынай Уладзі. Хлебасольны быў чалавек — Тураў. Такі апошняе аддасць. Ён гарэў на здымках. Калі што не так, крычаў. Але ніхто не крыўдзіўся, таму што ведалі, што ён хоча, каб было лепш. Усё браў блізка да сэрца. У яго ўсе жанчыны былі закаханыя, і нават я. Запісала Вера ГНІЛАЗУБ, «БН» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Як усё пачалося? Я здымалася ў фільме Ігара Дабралюбава «Трэцяга не да- дзена» і там спявала песню, якую пачуў Тураў і ўзяў мяне ў свой фільм «Людзі на балоце». Там,... |
|