Цэнтр Еўропы — у Міры!. 21.by

Цэнтр Еўропы — у Міры!

24.11.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Цэнтр Еўропы — у Міры!

Явы і таямніцы, легенды і рэчаіснасць замка і паселішча.

Паварочваем з Брэсцкай шашы — і праз нейкіх сем кіламетраў з-за сцяны векавых клёнаў і ліп паказваюцца абрысы бела-чырвоных вежаў. Ідзеш па вузенькіх вуліцах Міра і патанаеш у празрыстым тумане, пранізаным промнямі стомленага восеньскага сонца. Пасля таго як Мір рыхтаваўся да свята беларускага пісьменства, прайшло амаль дзесяць гадоў, а мястэчка захоўвае прыгажосць, наведзеную да свята. Гасцінна сустракае прыезджых плошча 17 Верасня, на якой размешчана аўтастанцыя. Асляпляе бялюткімі сценамі Траецкая царква. Таемнасцю і веліччу вабіць да сябе рэканструяваны касцёл Святога Мікалая, узведзены яшчэ ў XVI стагоддзі. Былі тут некалі базыльянская царква і кляштар. Шкада, не захавалася карчма, дзе, згодна з паданнем, польска-беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля пачуў гісторыю паштальёна і напісаў верш “Когда я на почте служил ямщиком...”

І ўсё ж мэта прыезду сюды — замак, адно з Сямі Цудаў Беларусі. Падыходжу да яго з хваляваннем. Наколькі змяніўся ён за час рэстаўрацыі? Што засталося “за кулісамі” яго аднаўлення?Адразу відаць, як пахарэшэла, яшчэ больш урачыстай стала плошча перад замкам. І ўжо тое, што стаю ля яго, велічнага, цалкам захаванага за пяць стагоддзяў гісторыі — само па сабе цуд. Пасля Вялікай Айчыннай у адным з пакояў замка жыла мая бабуля. Хату спалілі немцы, а ў замку яна арандавала закуток, дзе для яе адной дазвалялася паставіць толькі ложак. Бабка расказвала, што замак у той час прытуліў многіх гаротнікаў — у адным пакоі магло жыць чатыры сям’і. Нехта дажываў тут свае апошнія гады, а камусьці пашчасціла ў замку нарадзіцца.Мінулі дзесяцігоддзі. Мірскі замак першы з беларускіх помнікаў трапіў у поле зроку міжнароднай арганізацыі па захаванню даўніны ЮНЕСКА і быў унесены ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны. Дзякуючы гэтаму і дзяржаўнаму клопату аб нашай гісторыі мы, нашчадкі тых, хто ўзводзіў і аднаўляў замак пасля шматразовых разбурэнняў, можам любавацца не толькі яго сценамі.Размясціўшыся ў адным з нумароў новай гасцініцы ў замку, я, бы на “машыне часу”, перанеслася ў глыбіню сівой мінуўшчыны. Цікава, ці паверыць мне мая бабуля, калі раскажу ёй, што начавала ў замку ў шыкоўным пакоі, дэкарыраваным у адценнях спелай вішні з дарагой мэбляй і ўсімі выгодамі? Яна ж жыла тут, калі памяшканні ў замкавых карпусах не ацяпляліся. Сёння, акрамя таго, што тут можна пажыць з камфортам, заплаціўшы за суткі ад 450 тысяч рублёў, можна смачна паабедаць у рэстаране і адчуць “другую маладосць” у саўне. Але гэта пасля, спачатку — аб ежы духоўнай.Сёння, набыўшы білет за 23 тысячы рублёў (студэнтам і школьнікам — напалову менш), можна абысці з экскурсіяй увесь замак. З кожным годам наведвальнікаў з Беларусі і замежжа становіцца ўсё больш. “Калі летась Мірскі замак прыняў 160 тысяч турыстаў, то сёлета толькі за паўгода ўжо 150 тысяч”, — адзначае выконваючы абавязкі дырэктара музея “Замкавы комплекс “Мір” Сяргей Беразоўкі. “Ператварыўшыся” ў сярэднявечную князёўну, паблукаць па княжацкіх пакоях вырашыла і я.

Дзівосныя сцены і легендарны талісман

...Дасканалыя вежы накрыты шатрамі. Кранаю чырвоную сцяну — ад яе нібы вее цяплом. У тоўстых сценах, арнаментаваных парэбрыкамі, нішамі, паяскамі, бачу маленькія акенцы. Гэта — байніцы. І сёння праз іх можна агледзець наваколле. А раней з іх вёўся кругавы абстрэл праціўніка. З самага верху вежаў на заваёўнікаў кідалі камяні, лілі кіпень або смалу. Сцены ў таўшчыню дасягаюць трох метраў. І гэта не проста імкненне да нейкага стылю. Старажытны замак — найперш месца, дзе можна было схавацца ад ворага. Гэта жыллё феадальнага князя, караля, таму яно мела абарончы характар. Сцены рабілі трохслойнымі з камбінаванай сумесі каменю і цэглы. Для большай трываласці пры закладцы сцен выкарыстоўвалі будаўнічае смецце, а таксама тушы жывёл.Можа, з гэтай нагоды і пайшла па свеце легенда аб галаве барана, замураванай у паўднёвую сцяну замка. Любога жыхара мястэчка спытай, і кожны раскажа, што галава жывёліны, якая за столькі гадоў акамянела, і зараз знаходзіцца ў сцяне. Як толькі камень дастаць, Мірскі замак зруйнуецца да звання. Легенда інтрыгуе, але і навукоўцы даюць ёй тлумачэнне. Гісторык Валянцін Калнін сцвярджае, што ў XVI стагоддзі, калі ўзводзіўся замак, яшчэ адчуваўся ўплыў паганскай веры. Пры будаўніцтве чарадзей здымаў мерку з галавы жывёлы, затым знаходзілі такога ж памеру камень, абчэсвалі яго і замуроўвалі ў сцяну. Жывёла ж пры гэтым гінула, а яе прывід павінен быў хадзіць вакол замка і абараняць сцены. Людзі верылі, што замураваны ў сцены камень можа зберагчы такі вялікі замак у час ліхалецця. Калісьці Беларусь называлі краінай замкаў, аднак далёка не ўсе з іх уцалелі. Можа, таму, што не мелі падобных талісманаў?

Белы слон у сто квадратаў

Заходжу ў паўночны корпус. Не верыцца, што сярэдневяковы замак унутры можна аднавіць так сучасна і захаваць пры гэтым аўтэнтычнасць. “У нас пытаюцца, чаму так многа наватвору ў замку, — расказвае загадчыца сектара па навуковай рабоце музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга НАВІЦКАЯ. — Не магу з гэтым пагадзіцца. Увайсці ў музей наведвальніку павінна быць прыемна. У час рэстаўрацыі быў знойдзены кампраміс. Разам з тым, што музей і сам замак удалося зрабіць больш утульным, прыстасаваным для работы з наведвальнікамі, у ім сёння можна ўбачыць і не кранутыя рэстаўратарамі памяшканні. Дзве вежы замка поўнасцю захоўваюцца ў такім стане, якімі яны былі пяцьсот гадоў таму. Яны нават не ацяпляюцца зімой”.У залах Мірскага замка ўзноўлены інтэр’еры яго гаспадароў — “Сталовая ізба” XVII стагоддзя і “Партрэтная зала” 1740—1750-х гадоў. У іх адноўлены ляпныя пазалочаныя столі, устаноўлены і рэканструяваны печы і каміны, паркетная падлога, дэкор сцен. Узноўлены інтэр’ер гасцёўні князя Міхаіла Святаполк-Мірскага. У сапраўднасці яна займала больш за 100 квадратных метраў і насіла назву “Белы слон”. У гасцёўні ў запісе можна паслухаць голас Надзеі Святаполк-Мірскай, якая вельмі любіла спяваць рамансы.Заходжу ў кухонную хатку, дзе харчаваліся замкавыя слугі. А побач — кладоўка з ёмістасцямі для захоўвання прадуктаў. Іх назапашвалі столькі, каб хапіла на тры гады магчымай асады замка. Таму і мяса, і рыба, і агародніна знаходзіліся ў засоленым стане. Далей — вінны склеп, у якім у бочках і бутэльках захоўвалася віно. Звычайна яго прывозілі з Малдавіі, Грэцыі, Венгрыі.

Ніхто не забыты

Нельга абмінуць Залу памяці, дзе адзіны экспанат — кніга са спісам імён людзей, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Тады замак стаў сведкам страшэнных зверстваў фашыстаў, якія расстрэльвалі каля яго сцен мясцовых жыхароў, а сам замак ператварылі ў гета і турму. Калі слухаеш успаміны тых, каму ўдалося выжыць, немагчыма стрымаць слёз.“Маёй стрыечнай сястры Рыве было пяць гадоў, — расказвае ўраджэнка Міра Сара Ландэр. — Яна разам са сваімі бацькамі знаходзілася ў гета. Хтосьці ішоў на самагубства, рэзаў вены. А кроў не ішла, бо пульс быў слабы. У цёткі і дзядзькі была атрута. Яны прынялі яе самі і далі пяцігадовай дачцэ. Яна заснула і не прачнулася. А праз дзве гадзіны аказалася, што белы парашок на іх саміх не падзейнічаў. І іх павялі да ямы ў вёску Яблонаўшчына, што ля Міра. Людзі ведалі, што іх вядуць на смерць, апраналі самае чыстае адзенне. На галоўках дзяцей былі белыя хусцінкі. 750 чалавек расстралялі, а некаторых закапалі жывымі. За дзень да расстрэлу мама вывела мяне з гета, і так я засталася жыць”.У экспазіцыі, прысвечанай мірскім яўрэям, — асабістыя рэчы вязняў гета. Сурвэтку з вышытымі на ёй кветкамі за дзень да свайго расстрэлу яўрэйская жанчына Хася падарыла мясцовай жыхарцы Надзеі Гайсюк на памяць аб сабе. Яе сям’я захоўвала сурвэтку на працягу шасці дзесяцігоддзяў, а потым перадала ў музей.Пад шклом бачу кашалёк з чатырма рублямі, якія выкінуў па дарозе на расстрэл трыццацігадовы Якаў Разоўскі. Ён да апошняга спадзяваўся, што будзе жыць. Таму выкінуў кашалёк, каб указаць кірунак, па якім яго вялі ў лес. Праз некалькі дзён рэчы знайшла яго сястра Соня. А потым даведалася, што ён загінуў.

Сны ў княжацім палацы

Мір не адасобліваўся ад еўрапейскай культуры. І нядзіўна. Кажуць, што калі ўзяць у рукі цыркуль і на геаграфічнай карце свету абвесці кругам Еўропу, то цэнтр яе будзе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі — дзесьці паміж Мінскам і Гродна. На больш падрабязных картах месца, куды трапіла ножка цыркуля, можна ўдакладніць. Гэта — Мір. А знамянальная геаграфічная кропка зафіксавана якраз пад сценамі Мірскага замка.“Адвандраваўшы” цэлы дзень па замкавых вежах, назбірала столькі ўражанняў, што ноччу блукала па ім у сне. Спускаюся па замшэлых прыступках пад зямлю, бачу даволі шырокі калідор. Напэўна, гэта той легендарны падземны пераход, што злучае Мірскі і Нясвіжскі палацы? Побач пранесліся па ім дзве карэты. Можа, тут дзесьці схаваны скарб?  Чуткі хадзілі пра гэта. Людзі шукалі, але нічога не знайшлі....Князь Мікалай Святаполк-Мірскі стаіць ля возера. На яго вачах слёзы. Напэўна, ён шкадуе, што некалі загадаў высекчы толькі што пасаджаны яблыневы сад. Парабкі не асмельваліся яго высякаць, тады князь сам зламаў некалькі квітнеючых дрэўцаў. Возера выкапалі, але неўзабаве князь памёр. Мужчынскія цені вакол. Возера неглыбокае, але кожны год у ім доўгі час тапілася па аднаму мужчыну. Так людзі расплачваліся за вялікі грэх князя Мікалая....На балі, што склікаў Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку, яблыку няма дзе ўпасці. Сталы ледзь не ломяцца ад колькасці заморскіх страў і прысмакаў. Удосталь пачаставаўшы гасцей, Пане Каханку загадвае: “На дарозе рассыпаць соль, запрэгчы мядзведзямі сані. Будзем катацца!” Шум, смех, музыка не сціхаюць.Вярталася з Міра, а перад вачыма стаяла выява Хрыста, што мазаікай выкладзена на капліцы-пахавальні. Яна прыцягвае сваім незвычайным позіркам, які, куды б ні пайшоў, пільна сочыць за табой. Дзіўныя вочы Збавіцеля ўсё яшчэ зазіралі ў душу. Пэўна, ён хацеў пераканацца, што ўбачанае ў Міры мы запомнім і пастараемся захаваць. Для тых, хто прыедзе пасля нас....А бабуля, дарэчы, сучаснай раскошы замка не паверыла. Наступным разам, вазьму яе з сабой, хай увачавідкі паглядзіць на мірскія цуды.

7 каштоўнасцей Мірскага замка

Паўночны корпус замка раней быў без акон, без дзвярэй і без перакрыццяў паміж паверхамі. Сёння ў ім размешчана пастаянная экспазіцыя. І нават калі наведвальнік прыйшоў сюды без экскурсавода, ён можна даведацца пра самыя каштоўныя экспанаты з дапамогай інфакіёска. Націснеш на патрэбную кнопку і пачуеш кароткую інфармацыю пра тое, што зацікавіла. Напрыклад, пракавалерыйскі барабан XVIII стагоддзя. Ён адзіны па сваіх характарыстыках у музейных зборах Беларусі. Выкарыстоўваўся для падачы сігналу ў час баявых дзеянняў. Бліжэй да ХІХ стагоддзя такія барабаны былі перададзены ў каталіцкія храмы, дзе пад іх гукі праходзілі ўрачыстыя цырымоніі.

Пояс слуцкага тыпуСлуцкія паясы нездарма называюць золататканымі — у шоўкавую аснову ўпляталіся залатая і срэбная ніці, якіх у адным поясе магло быць да 500 грамаў золата. У пачатку ХХ стагоддзя іх спрабавалі спальваць, каб атрымаць каштоўныя металы. Гэты працэс быў спынены калекцыянерамі.

Шпалера “Паляванне на тура”Фламандская шпалера канца XVI стагоддзя, выкананая на ткацкай мануфактуры Аўдэнардзэ, — асаблівы гонар калекцыі Мірскага замка. Гэта ўнікальны экспанат. Шпалеры ў інтэр’ерах замкаў эпохі Рэнесансу і барока выконвалі двайную функцыю — уцяплення сцен і іх упрыгажэння. Яны ткаліся ўручную шляхам перакрыжаванага перапляцення нітак. Бязворсавыя дываны цаніліся вельмі дорага. На шпалеры ўвасоблена кульмінацыя дзеяння — момант адзінаборства князя з турам.

Рогі тураПаляванне ў часы княжання Радзівілаў было не толькі любімым баўленнем часу, але і знакам свецкага жыцця. Паляванне на тура — дзікага быка, блізкага суродзіча зубра — было найбольш небяспечным. Вядома, што апошняга тура на тэрыторыі Рэчы Паспалітай знішчылі ў 1627 годзе ў лясах пад Варшавай. Музей у Мірскім замку набыў такі рэдкі экспанат. Рогі тура былі знойдзены ў рацэ Шчара пад Слонімам.

КасанэГэта куфар, упрыгожаны разьбой. Сімвал багацця сям’і. У ім захоўвалі ўсё — ад манет да тканін, ад харчовых запасаў да святочнага адзення і каштоўнасцей. Касанэ з калекцыі Мірскага замка належыць да тыповых вырабаў італьянскіх майстроў эпохі барока, выкананых пад уплывам позняга Рэнесансу. Куфар па абрысах нагадвае саркафаг, пастаўлены на ножках у форме постацей ільвоў з незадаволенымі сваёй доляй пысамі, аздоблены выявай ці то арлоў, ці то кажаноў з распрасцёртымі крыламі. На бакавых філёнгах выразаны малюнкі дэманаў ці хімер, якія павінны адпудзіць магчымага рабаўніка.

Веер XVIII стагоддзяМода на вееры прыйшла ў Еўропу ў эпоху Адраджэння з Усходу, верагодна, з Венецыі, дзе імі карысталіся падчас карнавалаў. Веер тыпу brise — складны, двухбаковы, з пласцінкамі са скразной разьбой, упрыгожаны пачуццёвымі сцэнамі палацавага гарэмнага жыцця з амурамі і адаліскамі.

Стогадовая чорная саснаУ старажытнасці італьянскі сад каля Мірскага замка славіўся экзатычнымі раслінамі і дрэвамі. Каля замка ў пейзажным англійскім парку расце вельмі рэдкая для Беларусі чорная сасна, пасаджаная князямі Святаполк-Мірскімі. Многія дрэвы пейзажнага парку вымерзлі ў суровую зіму 1939/40 года, частка была высечана пасля вайны мясцовымі жыхарамі. Чорная сасна можа дасягаць узросту 800 гадоў.

Наведайце замкі БеларусіАкрамя Мірскага замка ў нашай краіне ёсць яшчэ некалькі яго велічных “братоў”Лідскі замакВыдатны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя. Знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Сёння адкрыты для турыстаў круглы год. Размешчаны за 112 кіламетраў ад Гродна і прыкладна на такой жа адлегласці ад Мінска. У Ліду можна дабрацца на аўтамабілі з Гродна і Мінска, чыгуначным транспартам з Гродна і Маладзечна, аўтобусамі з Мінска і Гродна.Навагрудскі замакЗамак існаваў з сярэдзіны XI стагоддзя як драўляны нагорны дзядзінец. У нашыя дні захаваліся толькі руіны трох вежаў і невялікія ўчасткі сцен. Дабрацца можна на аўтамабілі або на аўтобусе з Гродна і Мінска.Крэўскі замакАдзін з самых старадаўніх беларускіх замкаў, узведзены ў пачатку XIV стагоддзя. Знаходзіцца ў вёсцы Крэва паблізу горада Смаргонь у Гродзенскай вобласці. Размешчаны за 70 км ад Мінска. Сёння ад замка засталіся толькі руіны. Да Крэва лёгка даехаць па дарозе Мінск — Вільнюс. Замак знаходзіцца ўсяго за кіламетр ад трасы.Гальшанскі замакПомнік палацава-замкавай архітэктуры XVII—XX стагоддзяў. Захаваліся палавіна заходняга корпуса і прыбудова да яго, больш за палавіну паўночна-ўсходняга корпуса і паўночная вуглавая вежа. Даехаць можна з Мінска на аўтобусе “Мінск—Трабы”.Стары замак у ГроднеКлючом да зямель беларускага Панямоння называюць Гарадзенскі замак сучаснікі. Часта цярпеў аблогу крыжакоў. Але кожны раз над спаленымі сценамі замка паўставалі новыя, больш магутныя збудаванні. Зараз у разбураным стане, закансерваваны.Любчанскі замакУзнік на краі мястэчка на высокім левым беразе Нёмана. Сёння з паўднёвага захаду і паўднёвага ўсходу замчышча захаваліся дзве магутныя мураваныя вежы. Знаходзіцца ў Навагрудскім раёне. Даехаць можна з Мінска на аўтобусе “Мінск—Любча”.Белы КовельЗамак знаходзіцца ля вёскі Смаляны. У заняпад прыйшоў у ХІХ стагоддзі, калі новы гаспадар расійскі сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу. Смаляны — мястэчка за 25 кіламетраў ад Оршы і 6 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Смаляны, каля аўтадарогі Орша—Лепель.

Аўтар выказвае падзяку загадчыцы сектара па навуковай рабоце музея “Замкавы комплекс Мір” Вользе НАВІЦКАЙ за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Явы і таямніцы, легенды і рэчаіснасць замка і паселішча.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика