Як прайшоў фэст "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску"
08.12.2011 12:04
—
Новости Культуры
|
Як прайшоў фэст "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску" "Скажыце, а вы ведаеце, хто такая Валярына Кустава?" - запыталіся ў мяне дзяўчаты з камерай, апранутыя ў найлепшых сталічна-клубных традыцыях. “Мы тут праводзім сацыяльнае апытанне…” – патлумачыла адна з іх, наладжваючы мікрафон і становячыся перад камерай так, каб было бачна нас абедзьвух… У Мінску праходзіў першы літаратурна-музычны фэст беларускай еўрапейскай лірычнай культуры “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску”.
Дзень першы: нудзіліся Арганізатараў фэсту журналістам так і не паказалі. Хто хаваецца пад шыльдай “культурніцкая ініцыятыва “Твой фэст”, невядома. Валярына прызналася мне толькі, што за мерапрыемствам стаіць купка маладых людзей, для якіх гэта было першым зарганізаваным мерапрыемтвам. Сама Валярына, аўтар ідэі фэсту ды вядучая, узяла на сябе многія арганізатарскія функцыі: ад рассылкі інфармацыі журналістам да сустрэчы гасцей і выступоўцаў… “Ініцыятыва” не прамахнулася, прапанаваўшы Валярыне стаць тварам фэсту: і вядучая выдатная, лоўка запаўняла затрымкі, што ўзнікалі ў выступоўцаў, і паэтка моцная ды яшчэ і як арганізатар – адказная і актыўная.
Першы дзень фэсту, літаратурна-бардаўскі, быў да немагчымасці нудным. Наведнікі, якіх было да крыўднага мала, пазяхалі, многія не вытрымлівалі і сыходзілі. Толькі выступы знакамітага беларускага шведа Стэфана Эрыксана, паэтаў Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча слухалі з цікавасцю, што не дзіўна: прамова Стэфана пра сустрэчу Уладзіміра Арлова з набелеўскім лаўрэатам Томасам Транстромерам была насамрэч захапляльнай, а вершы названых аўтараў нікога не пакідаюць раўнадушнымі. Дарэчы, для абодвух вядомых паэтаў дзень 5 снежня – лёсавызначальны. Алесь Разанаў нарадзіўся, а Андрэй Хадановіч пабраўся шлюбам.
Дзязька Рыгор (Рыгор Барадулін) не прыйшоў на вечар, што многія прадказвалі: па стане здароўя яму складана кудысці выбрацца. Тым болей, у шумны ды накураны клуб. Віктар Шалкевіч распачынаў вечар другога, музычнага, дня. Сяргей Панізнік, заяўлены сярод выступоўцаў, прысутнічаў, але на сцэну так і не выйшаў. Не было і вядомага беларускага немца Андрэ Бёма: відаць, не змог вырвацца ад сваіх студэнтаў. Затое завіталі “рэгіянальныя зоркі”, як іх называла Валярына. Лірычная гераіня гарадзенскага барда Тацяны Салаўёвай чамусьці “зачыняла вочы” у той час, як усе астатнія іх заплюшчваюць. З Полацка прыкацілася“Яблынька”. Абяцалася прыхапіць з сабой “шмат бабулек”, але замест іх на сцэну выйшлі два мужчыны. А шкада. Глядзіш, пад бабулек было б весялей. Нямногія дачакаліся барда Тацяну Беланогую. Арганізатары і яе залічылі ў шэрагі “зорак з рэгіёнаў”. Але яна, дзяўчына з Маладзечна, даўно і паспяхова выступае ў Мінску, выпусціла чатыры кружэлкі, заваявала сэрцы многіх беларусаў. На жаль, Тацяна выканала ўсяго две песні “Балюча” і “Да цябе” – сапраўдныя хіты, якія падпявала ўся нешматлюдная на той час зала.
Дзень другі: як ціхае мерапрыемства стала гучным Дзень другі быў больш разнастайным. Музычным. Дынамічным. Гурт Аkute з Магілёва, выступу якога чакалі ўсе прысутныя, знакамітае Recha з няўрымслівым салістам Андрусем Такіндангам, нечаканы гурт “Cпрат” з Берасця, саліст якога, падбазёрваючы моладзь, зазначаў: “Нешта ціхае мерапрыемства атрымоўваецца!”, новае BosaeSonca, гурт інтуітыўнай імпаравізацыі і выдатнай паэзіі Віктара Сямашкі “Князь Мышкін”, панкіPANaNieba з Вілейкі (праўда, я не зусім разумею, чым яны адрознічаюцца ад чаго ж "ЧпБ". Хіба тым, што могуць сабе дазволіць сказаць: “мать вашу”паміж песнямі…), гурт “Нельга забыць”, удзельнікі якога пазычылі не толькі назву рамана Уладзіміра Караткевіча для сваёй назвы, але і вершы ўсемі любімага класіка, песні на якія і выконваюць, нечаканы Dzivasil, салістка якога Іна Перасецкая проста зачаравала ўсіх сваім неверагодным голасам, магілёўская Nevma з мужчынска-жаночым вакалам і аднымі выразам цягам усёй кампазіцыі… Паслухаць сапраўды было што! Сапраўдным падарункам для наведнікаў другога дня фэсту стаў выступ салісткі гурта Naka Насты Шпакоўскай. Вядомыя кампазіцыі “Бяжы”, “У баі”, “Баю-бай” былі выкананыя як заўжды з надрывам і шчырасцю. Віктар Шалкевіч, бадай, адзіны з выступоўцаў, хто задумаўся над сэнсам назвы фэсту “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску”. “У Сярэднчвеччы ведалі дзве позы: “па-божаму”, ды “па-сабачаму”. А вось што такое “па-беларуску”, я не ведаю. Мабыць, беларусы вынайшлі невядомую адтуліну на целе, і прыйшла новая эра кахання…” Напрыканцы ж другога дня наведнікі пачалі танчыць і актыўна апладзіраваць: маладыя ды таленавітыя музыкі (асабліва добра разварушыць публіку атрымалася ў Андруся Такінданга, які зладзіў танцавальны конкурс сярод параў (“Кахай па-беларуску!”, як-ніяк)) нарэшце нагадалі ўсім, што яны ў клубе на цікавым канцэрце, а не ў школьнай бібліятэцы на дні самадзейнасці. Калі б выступы некалькіх гуртоў, якія выступалі 6 снежня, арганізатары перанеслі на папярэдні дзень, магчыма, не была б заўважная настолькі вялікая розніца паміж імі і бардамі. Калі ж улічыць, што арганізатары – напаўміфічныя маладыя людзі, можна зрабіць ім зніжку і адзначыць першы фэст беларускай лірычнай культуры як удалы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Скажыце, а вы ведаеце, хто такая Валярына Кустава?" - запыталіся ў мяне дзяўчаты з камерай, апранутыя ў найлепшых сталічна-клубных традыцыях. “Мы тут праводзім... |
|