Ідзе рэстаўрацыя вядомага вішнеўскага касцёла на Валожыншчыне
16.12.2011 14:16
—
Новости Культуры
|
Ідзе рэстаўрацыя вядомага вішнеўскага касцёла на Валожыншчыне Не так даўно на маладзечанскім вакзале мне давялося сустрэцца з вядомым беларускім мастаком і рэстаўратарам Алесем Пушкіным. Мой суразмоўца трымаў шлях у в. Вішнева Валожынскага раёна, куды навукова-метадычнай радай Міністэрства культуры ён быў прызначаны кіраўніком рэстаўрацыйных работ у касцёле Дзевы Марыі.
Алесь з такім захапленнем распавядаў аб сваім новым месцы працы, што мне, шчыра кажучы, проста закарцела напрасіцца на госці. Да таго ж вішнеўскі касцёл вельмі знакавы ў нашай гісторыі. Першапачаткова пабудаваны ў 1424 годзе з дрэва, у 1637-1641 гадах перабудоўваўся з цэглы ў стылі ранняга віленскага барокка. Нягледзячы на войны і пажар 1777 года там захавалася процьма ўзораў старажытнага беларускага мастацтва: цудоўнейшы алтар, абразы, драўляныя скульптуры… Нездарма касцёл адносіцца да другой катэгорыі помнікаў рэспубліканскага значэння. Што да навейшай гісторыі, то там ажно з 1953 года, дзякуючы намаганьням кс. Уладзіслава Чарняўскага, служба вялася на беларускай мове. Касцёлу не давялося быць ані клубам, ані складам пад угнаенні. Такім чынам гэта адзінае месца, дзе захавалася касцельная беларуская традыцыя яшчэ з міжваеннага перыяду. Менавіта тут ксёндз Уладзіслаў перакладаў на беларускую мову Новы Запавет. Касцёл у Вішневе І вось, мы з Алесем накіроўваемся да храма, дзе ўжо колькі месяцаў ён займаецца неацэннай справай для нашай культурнай спадчыны, вяртае жыццё старажытным абразам і скульптурам. На маё пытанне, ці шмат падобнага роду спецыялістаў па рэстаўрацыі ў Беларусі, Пушкін адказаў, што спецыялістаў выпускаюць штогод, але не кожны жадае ехаць на вёску працаваць і жыць там месяцамі. Да таго ж кошты рэстаўрацыйных работ вельмі дарагія. Не заўсёды парафіяне могуць знайсці адпаведныя грошы. Вось так і знікае паволі хараство мінулых гадоў. Унутранае ўбранства касцёла А касцёл за апошні час папрыгажэў. Фасад пачалі фарбаваць у блакітны колер. Вакол будынка плануецца пабудаваць пляцоўку для машын, пасаджана 111 маладых вішань, адбудавана і акультурана святая крынічка, што вядома яшчэ з 1414 года. Легенда падае, што на квітнеючай вішні аднаму набожнаму чалавеку аб’явілася Дзева Марыя і папрасіла пабудаваць тут бажніцу ў гонар яе Боскага Сына Ісуса Хрыста. У знак гэтых слоў з зямлі пачала біць крынічка з чыстай вадой. Распавёў мне мастак яшчэ адну гісторыю: “Адбылося гэта ў пасляваенны час. Сам ведаеш, як камсамольскія актывісты тут шалелі. Выслужваліся адзін перад адным у вернасці партыі. Зусім на Бога забыліся. Абраз Дзевы Марыі, што стаіць праваруч ад касцёла, ноччу вынеслі і скінулі ў прыбіральню. Надбудову з гуты хацелі трактарам расцерушыць – не здолелі. Ксяндзу жыцця не давалі. Быў выпадак што ноччу выкралі з хаты і ў лес адвялі з мяшком на галаве, бы на растрэл… Дык вось, у той час знішчылі адзін стары крыж, што стаяў у цэнтры мястэчка. Адметна, што на тым крыжы была драўляная скульптура Хрыста, старанна выразаная мясцовым майстрам. Пасеклі ўсё ды скінулі ў балота. І хто б мог падумаць, што міне больш за паўстагоддзя, з балота раскапаюць возера, і сын касцельнага старасты, ляснік Пятро Міхайлавіч Балдоўскі паплыве на чоўне вудзіць рыбу і дастане з вады гэтую скульптуру. Вось дзе цуд!” Скульптурка была моцна пашкоджаная. Не засталося рук. І мастак па-свойму пераасэнсаваў і даў другое жыццё выяве. “Адрэстаўраваў і ўклаў у раму на белым даматканым абрусе. Такім ён павінен вярнуцца да знайшоўшага яе чалавека!” Алесь Пушкін і адноўлены ім крыж Доўга мы з Алесем хадзілі па касцёле, глядзелі, разважалі. Абмяркоўвалі спрэчную думку аб тым, што тут некаторыя выявы зробленыя Фердынандам Рушчыцам, вядомым мастаком, які нарадзіўся ў вёсцы Багданава. Рэстаўратар да яе падышоў са скептыцызмам, пасля таго, як правёў цэлы шэраг рэстаўрацыйных работ. “Малюнкі зробленыя на сценах, наўпрост на тынкоўку, без адпаведнай падрыхтоўкі, без грунтоўкі. Наўрад ці вядомы майстар будзе так працаваць. Да таго ж праца выканана крыху грубавата, а Рушчыц скончыў Імператарскую Акадэмію мастацтваў. Вучыўся ў славутага Івана Іванавіча Шышкіна!”. Надыходзіць час касцельнай службы, і мы мусім сыходзіць. Ідзем у госці да спадарыні Ірыны Бітэль. Яна з дзяцінства памятае айца Уладзіслава Чарняўскага. Памятае як сябру сям’і. Гэтыя ўспаміны найкаштоўнейшыя. Пра айца Чарняўскага ўжо пісалі і яшчэ не раз напішуць нашы даследчыкі. Але вось убачыць яго звычайным чалавекам, сябрам сям’і, аднавяскоўцам і настаўнікам куды цікавей. Непаўторнае мястэчка Вішнева, багатая яго гісторыя, прыгожыя краявіды, цікавыя людскія лёсы. Але мушу развітвацца з сваімі сябрамі і вечаровым цягніком вяртацца дадому. Спадзяюся, яшчэ не раз давядзецца тут пабываць, і пабачыць у аб’ектыве фотаапарата касцёл сярод мора квецені вішань. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не так даўно на маладзечанскім вакзале мне давялося сустрэцца з вядомым беларускім мастаком і рэстаўратарам Алесем Пушкіным. Мой суразмоўца трымаў шлях у в....
|
|