У Горках збіраюць подпісы за ратаванне дому Гарэцкага
03.01.2012 14:52
—
Новости Культуры
|
У Горках збіраюць подпісы за ратаванне дому Гарэцкага У райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне, зьбіраюцца зносіць дом, у якім у дваццатых гадах мінулага стагодзьдзя жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі. Знос будынку тлумачыцца тым, што ён занядбаны, а трэба парадкаваць тэрыторыю для сёлетніх "Дажынак". Грамадзкасьць райцэнтру выступае супраць разбурэньня дому Гарэцкага. Пачаўся збор подпісаў за яго ўратаваньне.
Дом Гарэцкага — на тэрыторыі сельгасакадэміі, на вуліцы Агранамічнай, 3. Цяпер у ім жыве восем сем’яў. Усе ўжо атрымалі паведамленьні, што неўзабаве пераедуць у новае жытло. Людзі не хаваюць, што гэтаму дужа рады. "Яшчэ дом быў добры, калі ня быў абкладзены цэглай. Цяпер бярвёны пачалі гнісьці. Вы ж паглядзіце, якая цэгла — усё прабіта. У мяне падваконьні ўсе гнілыя. Дому ж сто гадоў. Рамонту капітальнага не было сто гадоў", — наракае адна з жыхарак. Жыў Гарэцкі ў кватэры № 5. Цяпер у ёй жыве пэнсіянэрка Марыя Фёдараўна. Яна кажа, што за савецкім часам ёй дужа дакучалі камісіі зь Міністэрства культуры. Зьбіраліся ў кватэры рабіць кабінэт-музэй Гарэцкага. Потым і пра яе, і пра кватэру ўсе пазабываліся. Тым часам дом разбураўся, і то ня без удзелу мясцовых камунальнікаў: "Калі прыйшлі абкладаць дом цэглай, то ў мяне сэрца абрывалася. Рвалі жыўцом гэтыя сьцены — яны ж былі як драўлянае дойлідзтва. Дошкі потым пайшлі на сараі, якія вось тут побач былі. Гэты дом такім, якім ён быў за Гарэцкім, ніколі ўжо ня будзе", - кажа Марыя Фёдараўна. Дом Гарэцкага ня значыцца ў сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. На тэрыторыі акадэміі стаяць бюсты вядомых супрацоўнікаў, але бюста пісьменьніка няма — толькі сьціплая шыльда на будынку, які неўзабаве можа зьнікнуць: "У гэтым доме з 1926 да 1928 году жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі". Кандыдат гістарычных навук, былы супрацоўнік сельгасакадэміі Аляксандар Каданчык лічыць, што лёс будынку прадвызначаны: "Я выдатна разумею, што дом зьнясуць. Але сёньня яшчэ жывуць людзі, якія памятаюць, што тут была кватэра Гарэцкага. І гэта хутка забудзецца. Будзе тут газон ці яшчэ нешта. Гэтае месца трэба абавязкова адзначыць. Паставіць тут памятны знак ці бюст. Павінна нешта тут застацца". У райвыканкаме чыноўнікі наўпрост ня кажуць, што дом Гарэцкага будзе зносіцца. Тым ня менш яны заяўляюць, што "Дажынкі" дапамаглі вырашыць пытаньне з адсяленьнем людзей з аварыйнага дому. На яго месцы пройдзе дарога да пляцовак, дзе будзе ладзіцца фэстываль ураджаю. А што ж жыхары Горак? Спадар: "Мяркую, што яго трэба захаваць. Як помнік выдатнаму дзеячу і пісьменьніку. Трэба ўнутры адрамантаваць. Зрабіць усе неабходныя камунікацыі". Спадарыня: "Трэба зрабіць музэйчык невялікі. Ну няхай застанецца гэты дом. Чаго яго зносіць? І табліца там вісіць, што жыў Гарэцкі. Ім бы толькі зносіць". Дзьве спадарыні: "Вось гэтую цэглу можна было й прыбраць. І пакінуць яго ў тым старадаўнім выглядзе, якім ён павінен быць". Другая спадарыня: "Ён "Дажынкам" не пашкодзіць. Трэба яго падрамантаваць. Гэта культура наша". Максім Гарэцкі працаваў у сельгасакадэміі адразу, як вярнуўся ў Беларусь зь Літвы. Тут ён выкладаў беларускую мову й літаратуру. Пляніроўка кватэры, дзе пісьменьнік пражыў два гады, амаль не зьмянілася. Мала што зьмянілася і ў пад’езьдзе з драўлянымі, скрыпучымі лесьвіцамі.
Ці застанецца будынак, дзе жыў клясык беларускай літаратуры, — пытаньне адкрытае. Першыя паўсотні подпісаў, сабраных за захаваньне дому, неўзабаве перададуць у райвыканкам. Збор подпісаў працягваецца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне, зьбіраюцца зносіць дом, у якім у дваццатых гадах мінулага стагодзьдзя жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі. Знос будынку...
|
|