Да смаргонцаў на абаранкі. 21.by

Да смаргонцаў на абаранкі

01.02.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да смаргонцаў на абаранкі.

Ведала, што ў гісторыі Смаргоншчыны можна знайсці шмат цікавых і ўнікальных фактаў. Аднак звесткі пра тое, што Смаргонь лічыцца радзімай абаранкаў і што ў ХХ стагоддзі тут налічвалася каля 60 арцеляў, дзе вырабляліся гэтыя мучныя прысмакі, прызнаюся, мяне вельмі здзівілі. Тут жа захацелася даведацца больш пра абараначны промысел смаргонцаў. Праўда, пачуць пра яго з першых вуснаў мне не ўдалося. На жаль, не засталося нікога, хто займаўся гэтай справай. Аднак умелыя смаргонскія пекары паспелі пакінуць свае ўспаміны супрацоўнікам раённага гісторыка-краязнаўчага музея, якія з задавальненнем расказалі для чытачоў “НГ”, для каго вырабляліся першыя смаргонскія абаранкі, з чаго яны выпякаліся і дзе прадаваліся.

Ці можаце ўявіць, што першыя абаранкі ў Смаргоні з’явіліся яшчэ ў XVII стагоддзі і былі яны зусім не авальнай формы, да якой мы прывыклі. Гэта былі невялічкія палоскі цеста з мукі і вады, звараныя ў кіпені, а затым высушаныя. І што самае цікавае, першапачаткова такія абаранкі, ці “абваранкі”, як іх тады называлі, вырабляліся не для людзей, для... мядзведзяў. Так-так, менавіта для іх. У XVII—XIX стагоддзях у Смаргоні існавала мядзведжая акадэмія, заснаваная Радзівіламі, дзе займаліся дрэсіроўкай гэтых драпежных жывёл. Мядзведзікаў вучылі танцаваць пад музыку, кланяцца і дужацца адзін з адным. Вясной павадыры разам з вучонымі “акадэмікамі” адпраўляліся на заробкі на кірмашы Рэчы Паспалітай, Расіі, Венгрыі, Германіі, а восенню зноў вярталіся ў Смаргонь. Вядома, у дарогу трэба было штосьці браць для выхаванцаў. Аднак цягаць з сабой сена было нязручна, хлеб — дорага, а вось абваранае цеста — у самы раз. Каб мядзведзі лепш з’ядалі свай паёк, палоскі цеста часам пасыпалі соллю.З часам пачастунак ацанілі і людзі. У ХІХ стагоддзі пра смаргонскія абаранкі гаварылі ўжо не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што ў 30-я гады XX стагоддзя ў Смаргоні налічвалася каля 60 арцеляў, якія займаліся выпечкай абаранкаў. Праўда, супрацоўнікі раённага музея дакладна могуць назваць толькі каля дваццаці прозвішчаў такіх прадпрымальнікаў.— Найбольш абаранкавых пякарняў з’явілася ў Смаргоні ў 20-я гады мінулага стагоддзя, — расказвае супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Чагадаева. — У Першую сусветную вайну горад быў амаль увесь разбураны — разам з той багатай прамысловасцю, якая тут існавала. Каб хоць неяк пражыць, пачалі адчыняць абаранкавыя пякарні.Як правіла, гэта быў сямейны бізнес. Захаваліся ўспаміны Валянціны Булавы, якая расказвала, што ў іх абаранкавай пякарні працавала яе маці, яна і яшчэ дзве яе сястры. Рабочых наймалі толькі ў самы “гарачы” перыяд — перад святамі, калі смаргонцы са сваімі пачастункамі ехалі ў Вільню. Як правіла, гэта было два-тры разы на год: 24 чэрвеня на Яна, 29 чэрвеня на Пятра і Паўла і абавязкова — на Казюкаса, 4 сакавіка. Абаранкі вазілі вазамі і, як правіла, усё распрадавалі. Бо, па-першае, каштаваў пачастунак нядорага, а па-другое, вызначаўся сваім непаўторным смакам і якасцю: рабілі ж абаранкі ўручную.

 У ХІХ стагоддзі пра смаргонскія абаранкі гаварылі ўжо не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што ў 30-я гады XX стагоддзя ў Смаргоні налічвалася каля 60 арцеляў, якія займаліся выпечкай абаранкаў.

— Як мне расказвалі жанчыны, якія працавалі ў абаранкавых пякарнях яшчэ пры польскім часе, у арцелях існавала дакладнае раздзяленне працы, — распавядае Святлана Мікалаеўна. — Тыя, хто сядзеў за сталом і рабіў абаранкі, называліся калястольніцамі. Яны каталі цеста ў жгуцікі дыяметрам з аловак, а затым круцілі абаранак на палец, два ці больш — у залежнасці ад памеру абаранкаў, які быў неабходны. Каляварніцы працавалі ля чыгуна, што стаяў у печы. Іх задачай было ўкінуць сырыя абаранкі ў кіпячую ваду з цукрам і ў пэўны час адтуль дастаць. Каляпечніцы ж клалі звараныя абаранкі ў печ на дошкі шырынёй 20—25 сантыметраў, каб падрумяніліся.Працаваць у такіх пякарнях было няпроста: цеста замешвалі ў 2—3 гадзіны ночы, каб тое добра выхадзілася, а ў 5—6 гадзін раніцы палілі печ (дарэчы, толькі альховымі дровамі) і круцілі абаранкі.— У асноўным абаранкі былі прэсныя, — гаворыць Святлана Чагадаева. — Нават рэцэпт захаваўся: на 5 пудоў мукі бралі 250—300 грамаў дражджэй і 6 літраў вады. Аднак на святочныя дні рабілі асаблівыя абаранкі, дабаўлялі масла, мак і нават нейкую “чарнушку” (мне так і не ўдалося даведацца, што гэта такое). І муку розных сартоў бралі. Вядома, ад інгрыдыентаў і кошт абаранкаў залежаў. Але дарагія абаранкі рабіліся ў асноўным пад заказ.На жаль, смаргонскія арцелі паспяхова працавалі толькі да 39-га года, пакуль на Смаргоншчыну не прыйшла савецкая ўлада, якая ўвяла для прыватнікаў-“абараначнікаў” непад’ёмныя падаткі.Ці магчыма было б аднавіць вытворчасць смаргонскіх абаранкаў сёння?— Наўрад, — кажа Святлана Мікалаеўна. — Няма ні тых пекараў, ні тых рускіх печаў. Нават масла з мукой сталі іншымі на смак. Упэўнена, што смаргонскія абаранкі будуць ужо і не такімі духмянымі, і не так раставаць у роце...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Смаргонскімі абаранкамі частаваліся не толькі выхаванцы вядомай мядзведжай акадэміі, але і жыхары Вільні.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика