Ружанскі палацавы комплекс перавыканаў заданне па аказанні платных паслуг удвая
11.05.2012 11:32
—
Новости Культуры
|
Ружанскі палацавы комплекс перавыканаў заданне па аказанні платных паслуг удвая У музеі Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў даводзілася бываць не раз. Таму па праву адношу сябе да непасрэдных сведкаў адраджэння гісторыка-культурнага помніка. І магу адзначыць: маладая ўстанова не стаіць на месцы, развіваецца, абагачае і пашырае свае фонды. Наведвальнікам, у каторы раз яны не далучаліся б да гісторыі, заўсёды ёсць чаму здзіўляцца, адкрываць для сябе невядомыя дагэтуль старонкі мінулага…
![]() Прыемна, што работы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны не спыняюцца. Нарэшце завершана першая чарга рэстаўрацыі ўнікальнага палацавага комплексу: услед за ўсходнім і заходні флігель таксама гатовы прымаць турыстаў. Музей, які становіцца паўнапраўным гаспадаром новага будынка, атрымаў магчымасць пашырыць свае выставачныя і экспазіцыйныя залы. Сёння музей уяўляе сабой чатыры экспазіцыйныя, адну выставачную і адну канфэрэнц-залу, не ўлічваючы службовых і іншых памяшканняў. Турысты маюць магчымасць наведваць яго як з экскурсійнымі паслугамі, так і самастойна. Дзве залы прысвечаны гісторыі Сапегаў, адна распавядае пра гісторыю мястэчка як асноўную рэзідэнцыю знакамітага магнацкага роду. Некалькі квадратных метраў архітэктурных рэшткаў, выяўленых падчас археалагічных работ, закансерваваны пад шклом і выклікаюць асаблівую цікавасць у наведвальнікаў. ![]() Асобнай увагі заслугоўвае зала "Гасцёўня канцлера", дзе ў інтэр’ерах XVII-XVIII стагоддзяў можна зрабіць памятныя фотаздымкі, правесці ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу ці стаць удзельнікам тэатралізаванай мастацкай рэканстуркцыі, над стварэннем якой супрацоўнікі музея працуюць сумесна з мясцовым Домам культуры. Напрыклад, паводле слоў дырэктара музея Руслана Кнігі, распрацаваны сцэнарый тэатралізаванага мерапрыемства з багатымі пачастункамі, акцёрамі ў касцюмах, шляхты, стылізаваных пад ХVII стагоддзе. Унікальныя копіі і арыгінальная халодная зброя: шаблі, мячы, мушкеты, - а таксама мэбля ХVIIІ-ХIХ стагоддзяў дапамагаюць стварыць уражанне ўрачыстасці і акунуцца ў мінулае. Многія экспанаты, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, перададзены ў фонд музея археолагамі, працаваўшымі на тэрыторыі комплексу, святаром Свята-Траецкага касцёла ксяндзом Янушам Пулітам, краязнаўцамі Юрыем Малышэўскім і Міколам Папекам, а таксама жыхарамі пасёлка і раёна, у сем’ях якіх захаваліся каштоўныя рарытэты. У выставачнай зале свае работы можа выставіць на суд наведвальнікаў любы мастак. ![]() У пачатку 2012 года на ўязной браме з’явілася скульптура святой Ганны, якая шанавалася як праваслаўнымі, так і католікамі. - Святая Ганна - бабуля Ісуса Хрыста, апякунка бяздзетных, ткацтва, маленькіх мястэчак… Дарэчы, статую ўстанавілі не проста так, - удакладняе Руслан Кніга, - выява святой узвышалася тут і раней, аднак на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў была знішчана. Аднавіць яе ўдалося па старажытных чарцяжах, дзе было ўказана і яе знаходжанне. Аўтарства скульптуры належыць брэсцкаму майстру Аляксею Паўлючыку, вядомаму нам больш па скульптуры "Муха і Вец" у Пружанах. - Забягаючы наперад, скажу, што статую дапоўняць і лаўровыя вянкі, якія будуць вянчаць аснову кампазіцыі. Рэшткі сапраўдных, якія некалі ўпрыгожвалі ўязную браму, будуць рэстаўраваны. ![]() Нягледзячы на адсутнасць шырокай рэкламы, летась заданне па аказанні платных паслуг музей перавыканаў удвая. Таму сёлета планы куды больш амбіцыйныя: за год (не ўключаючы выручку ад продажу тавараў сувенірнай лаўкі) супрацоўнікі музея павінны зарабіць 50 мільёнаў рублёў. - Хаця турыстычны сезон звычайна адкрываецца толькі ў сярэдзіне красавіка, наплыў груп турыстаў быў ужо ў сакавіку, а гэта дае падставы меркаваць, што планы будуць выкананы і сёлета. Наогул, з завяршэннем першай чаргі рэстаўрацыйных работ у музея з‘явіліся прываблівыя перспектывы. У першую чаргу яны звязаны з наданнем абласному фестывалю "Ружанская брама" статусу традыцыйнага, яго арганізацыя ідзе поўным ходам. Усе планы наконт сёлетняга тут не сталі раскрываць, але зазначылі, што запланавана навуковая канферэнцыя па вывучэнні і папулярызацыі гістарычнай спадчыны роду Сапегаў. Удзел у ёй прымуць навукоўцы, дырэктары музеяў і архіваў з пяці краін Еўропы. Варта згадаць, што ў адной з музейных залаў вісяць не толькі партрэты славутых гістарычных дзеячаў Сапегаў, але і фотаздымкі прадстаўнікоў магнацкага роду, якія жылі і жывуць у розных краінах свету. - На некаторых продкаў Сапегаў, нашых сучаснікаў, мы выйшлі з запрашэннем прыняць удзел у "Ружанскай браме", - расказвае Руслан Сяргеевіч. - Таму спадзяемся, што хтосьці з іх знойдзе магчымасць прыехаць на гістарычную радзіму ўжо сёлета і стане шаноўным госцем нашага свята. З рашэннем асноўных гаспадарчых праблем, павелічэннем колькасці штатных супрацоўнікаў плануецца арганізаваць туры па ўнікальных гістарычных мясцінах не толькі Ружаншчыны, але і Брэстчыны і, магчыма, нават Беларусі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння музей уяўляе сабой чатыры экспазіцыйныя, адну выставачную і адну канфэрэнц-залу, не ўлічваючы службовых і іншых памяшканняў.
|
|