Выходзіць "Вялікі слоўнік беларускай мовы" на 223 тысячы словаў
15.05.2012 12:38
—
Новости Культуры
|
Выходзіць "Вялікі слоўнік беларускай мовы" на 223 тысячы словаў Хведар Піскуноў Паводле аўтара, у яго трапіла лексіка апошніх дзесяццігоддзяў, а таксама словы з былых часоў, якія раней не ўваходзілі ў слоўнікі. "Я патраціў на стварэнне слоўніка 12 год, а па факце — палову жыцця. — кажа ўкладальнік. — Гэта, можна сказаць, два слоўнікі адначасова — звычайны і граматычны - у яго ўваходзіць болей за трыста табліц з акцэнтнымі і словазамяняльнымі парадыгмамі. Насамрэч, тут можна знайсці словы, якія па ідэйных прычынах не траплялі ў іншыя слоўнікі: я апрацоўваў лексіку літаратуры 20-х, 30-х гадоў, шмат святарскай лексікі. У слоўніку каля 223 000 словаў, але тут для мяне важная не колькасць, а спроба зламаць стэрэатып „калі такога слова няма ў слоўніку, значыцца яго не існуе“. Рэч у тым, што гэтым заганным правілам карыстаецца абсалютная большасць рэдактараў. А гэта вялікая шкода для мовы". Як піша аўтар у прадмове, у рэестр выдання ўключаныя словы, ужываныя ў беларускамоўнай прэсе, творах мастацкай, навукова-папулярнай, навучальна-адукацыйнай і рэлігійнай літаратуры XX–XXI стагоддзяў. Пад увагу былі прыняты больш за 2300 літаратурных крыніц, апрацаваных метадамі камп’ютарна-інфармацыйных тэхналогій. Хведар Піскуноў — даследчык мовы. Cкончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Стваральнік лінгвістычнай часткі праграмы праверкі беларускай арфаграфіі "Літара" (2004), электроннага слоўніка беларускай мовы "Парадыгма" (2009). У слоўнік уключаныя ўзорныя табліцы скланення назоўнікаў і прыметнікаў (больш за 130 тыпаў) і спражэння дзеясловаў (больш за 140 тыпаў) і спісы афіцыйных назваў дзяржаў свету, назваў населеных пунктаў Беларусі, дзе ёсць паштовыя аддзяленні, і геаграфічных назваў свету. Наклад слоўніка зусім сціплы — надрукавана дваццаць экземпляраў, на гэтым тыдні з’явяцца яшчэ дзвесце. У рэдакцыйную раду ўвайшлі многія вядомыя беларускія творцы, сярод якіх Ніл Гілевіч. Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў. Мовазнаўца Сяргей Запрудскі станоўча адгукаецца пра новы слоўнік: "Атрымаўся вельмі варты слоўнік, што важна, ён ствараўся пры дапамозе базы, а не картатэкі. Магу дакладна сказаць, што "Вялікі слоўнік беларускай мовы" стварае сапраўдную альтэрнатыву афіцыйным слоўнікам". Такім чынам, сёлета беларуская культура займела два вялікія слоўнікі. Літаральна месяц таму выйшаў з друку акадэмічны "Слоўнік беларускай мовы". 916-старонкавы том уклаў калектыў супрацоўнікаў Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі на аснове "Слоўніка беларускай мовы" 1987 г. пад рэдакцыяй акадэміка М. В. Бірылы. У новым акадэмічным слоўніку 150 тыс. словаў. Такіх карысных дапаўненняў, як табліцы спражэнняў, слоўнік не мае. Хведар Піскуноў, фактычна, адзін зрабіў працу, параўнальную з высілкамі цэлага інстытута. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наклад слоўніка зусім сціплы - надрукавана дваццаць экземпляраў, на гэтым тыдні з'явяцца яшчэ дзвесце.
|
|