Фільм "пра Франка Вячорку" пакажуць у Канах
16.05.2012 13:38
—
Новости Культуры
|
Фільм "пра Франка Вячорку" пакажуць у Канах 22 мая на Канскім кінафестывалі пакажуць фільм польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча "Viva Bel@rus (Zyvie Biel@rus)". Раней паведамлялася, што фільм польскага рэжысёра распавядае пра маладых беларускіх апазіцыянераў. Адным з правобразаў галоўнага героя стаў Франак Вячорка. У фільме знялася зорка польскага кіно Караліна Грушка. Галоўнага героя грае рэпер Вінсэнт. Таксама ў фільме можна будзе пабачыць вядомага музыку Аляксандра Памідорава. Франак Вячорка: Дзіўная мова, дзіўныя імёны акцёраў — таму фільм і ў Канах Чаму героі фільма “Жыве Беларусь” не пойдуць па чырвонай дарожцы ў Канах, а ад продажу фільма нешта атрымае толькі Вольскі, расказаў Еўрарадыё Франак Вячорка. Еўрарадыё: Кінааматары ва ўсім свеце з захапленнем назіраюць трансляцыю таго, як галоўныя героі фільмаў Канскага кінафестывалю ўрачыста ідуць па чырвонай дарожцы. Фільм “Жыве Беларусь”, суаўтарам якога ты з’яўляешся, 22 мая пакажуць у межах Канскага фестывалю. Цябе мы там таксама ўбачым? Франак Вячорка: Па чырвонай дарожцы на Канскім фестывалі будзе ісці Сяргей Лазніца з ягоным фільмам “У тумане” паводле твора Васіля Быкава. І наколькі я разумею, пад песню Касі Камоцкай “Паляўнічы, ты мой паляўнічы”. Справа ў тым, што фільм Сяргея Лазніцы ўдзельнічае ў конкурснай частцы фестывалю — там будзе адбывацца паказ конкурсны і паказ у межах “кінакірмашу”. Падача заявак на конкурсную частку закончылася ў сярэдзіне красавіка. А паколькі наш фільм быў закончаны практычна некалькі дзён таму, то на конкурсную частку мы нават не падавалі заяўку. Але наш фільм трапіў на “кінакірмаш”, дзе будзе 4 тысячы розных прадзюсараў, дыстрыбутараў, распаўсюджвальнікаў, кіраўнікоў аддзелаў дыстрыбуцыі тэлеканалаў. Яны будуць выбіраць фільмы для паказаў у межах сваіх краін. Наш фільм будзе мець два паказы — 22 і 23 мая ў межах гэтага "кінакірмашу", а таксама — у адным з кінатэатраў Канскага кінафестывалю. Звычайна туды прыязджае прадстаўнік прадзюсара, прадстаўнік рэжысёра. Але там няма выхаду па чырвонай дарожцы і ўрачыстых апладысментаў аўтарам. Еўрарадыё: Няўжо нават не абмяркоўвалася магчымасць тваёй прысутнасці ў Канах? Франак Вячорка: Акурат у гэты момант гэта абмяркоўваецца. Справа ў тым, што прадзюсары — гэта дзве вялізныя кампаніі. Адна — дзяржаўная польская кінастудыя, другая — французскі Canal+. Усё залежыць ад іх рашэння. Практычна, рэжысёр і сцэнарыст — закладнікі сітуацыі і падпарадкуюцца рашэнню начальніка. Калі будзе рашэнне ці мяне, ці Кшыштафа Лукашэвіча ў Каны, то я з задавальненнем паеду, і мы гэты фільм прасунем куды трэба і як трэба. Еўрарадыё: Якія ёсць спадзяванні, чаго чакаеце ад гэтага паказу? Франак Вячорка: Гэта першы беларускамоўны фільм, які калі-небудзь быў паказаны на Канскім кінафестывалі. І, магчыма, увогуле за мяжой Беларусі. У прынцыпе, гэта была галоўная прычына таго, чаму ён так зацікавіў арганізатараў і яго ўзялі на гэты "кінакірмаш". Дзіўная мова, дзіўныя імёны акцёраў, а ў нас палова акцёраў — беларусы. І ў мяне ёсць вялікія надзеі на тое, што дзякуючы гэтаму паказу пра фільм даведаюцца ў свеце. Але вялікая прэм’ера адбудзецца ў Брусэлі альбо ў ЗША. Еўрарадыё: І як будзе выглядаць гэтая вялікая прэм’ера? Франак Вячорка: Мы разглядаем варыянт прэм’еры альбо ў Еўрапейскім парламенце, альбо — у Кангрэсе ЗША. Еўрарадыё: А як наконт беларускага гледача? Франак Вячорка: Пра гэта пагаворым пазней. Калі будзе згода прадзюсара і рэжысёра — пакуль я буду маўчаць. Еўрарадыё: Не баіцеся, што ў Канах піраты скрадуць ваш фільм і ён пойдзе ў народ не ў вельмі добрай якасці? Франак Вячорка: Па мне, дык хай бы піраты яго скралі. Галоўнае — каб скралі ў добрай якасці, фінальную версію, з усімі спецэфектамі, агучкамі, папраўленымі памылкамі. І хай ён распаўсюджваецца. Гэта ў маіх інтарэсах. У інтарэсах прадзюсара захоўваць яго ў таямніцы і прадаць яго як мага шырэй. Паглядзім, хто пераможа! Еўрарадыё: А як выручка ад продажу фільма будзе дзяліцца? Франак Вячорка: Усё атрымае прадзюсар. У фінансавым плане ні беларусы, ні аўтары нічога мець з гэтага не будуць. Хіба што, аўтар музыкі Лявон Вольскі будзе мець нейкія адлічэнні. Еўрарадыё: Мяркуеце, астатнія акцёры не пакрыўдзяцца на гэта? Франак Вячорка: Я спадзяюся, што акцёры і ўсе, хто ўдзельнічаў, рабілі гэта не дзеля грошай. Я спадзяюся, што гэты фільм добра стартане, добра прэзентуе беларускае кіно ў свеце, а потым мы зробім новыя фільмы. Ужо вось мы размаўлялі з Кацярынай Кібальчыч, з Наталкай Бабінай, у мяне з нашым рэжысёрам ёсць ідэя наконт наступнага мастацкага фільма. Калі будзе добры старт, то будзем гэта развіваць, а пасля падумаем пра грошы. Кіно — гэта вельмі цікавы свет, які імкліва зацягвае. Еўрарадыё: Ці задаволены ты, як суаўтар фільма, працай акцёраў? Як прафесійных, так і нашых агульных сяброў-непрафесіяналаў. Франак Вячорка: Нічога, што тычыцца зместу фільма, працы акцёраў я не магу казаць. Кожны творца: і сцэнарыст, і сурэжысёр падпісваюць дамову аб неразгалошванні любой інфармацыі, звязанай з фільмам, да таго моманту, пакуль не будзе адпаведнага дазволу ці прэм’еры фільма. Таму пакуль ад каментарыяў я ўстрымаюся, але пасля 23 мая я змагу гаварыць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Франак Вячорка: Па мне, дык хай бы піраты яго скралі. Галоўнае - каб скралі ў добрай якасці, фінальную версію, з усімі спецэфектамі, агучкамі, папраўленымі памылкамі.... |
|