Якой была беларуская мова на пачатку ХХ стагоддзя. У Віцебску прэзентавалі "Віцебскі краёвы слоўнік"
18.05.2012 17:32
—
Новости Культуры
|
Якой была беларуская мова на пачатку ХХ стагоддзя. У Віцебску прэзентавалі “Віцебскі краёвы слоўнік” У Духаўскім кругліку было прэзентавана факсімільнае перавыданне “Віцебскага краёвага слоўніка”. Кніга з’яўляеца тэматычным дадаткам да аднаго з нумароў часопіса “Arche”, прысвечанага беларускаму мовазнаўству 1920-х гадоў. З выданнем прысутных пазнаёміў рэдактар часопіса Валер Булгакаў.
“Віцебскі краёвы слоўнік” складаецца з 9703 слоў, зафіксаваных у 1924-1926 гадах у 591 населеным пункце тагачаснай Віцебскай акругі. Гэта былі не толькі дыялектныя, але агульнаўжывальныя словы. Аўтар слоўніка – навуковы сакратар Віцебскага акруговага таварыства краязнаўцаў Мікалай Каспяровіч. Ён запісваў лексіку шляхам гутарак з сялянамі, бываючы на кірмашах, фэстах і ў іншых месцах, дзе збіралася шмат людзей. Аднак праца па збіранні народнага моўнага багацця была агромністая, і пазней да М. Каспяровіча далучылася больш за 200 настаўнікаў, аграномаў, паштальёнаў, работнікаў хат-чытальняў з усёй акругі. Яны запісвалі словы на спецыяльныя карткі і перасылалі ў Віцебск. “Віцебскі краёвы слоўнік” быў першым з серыі краёвых слоўнікаў, якія падрыхтаваў Інстытут беларускай культуры. Акрамя Віцебшчыны, народныя словы яшчэ збіралі на Міншчыне, Мазыршчыне, Бабруйшчыне і ў іншых рэгіёнах. Слоўнік пабачыў свет у Віцебскім выдавецтве “Заря Запада” ў 1927 годзе. Асаблівасцю выдання з’яўляецца тое, што да кожнага беларускага слова дадаецца пераклад на рускую мову і прыклад – фраза, ўзятая з жывой народнай мовы з абавязковым мясцовым абазначэннем. Каб нашы чытачы маглі ўявіць сабе, якой была беларуская мова ў яе віцебскай іпастасі на пачатку ХХ стагоддзя, прапануем вам 20 прыкладаў з “Віцебскага краёвага слоўніка”: Абвіртасам – быстро, скоро, мигом. Ідзі, ды абвіртасам назад (Казьяны, Сіроцінскі раён) Абэлка – клевета, наговор. У гэтых казках на яго – адна абэлка. (Пустынкі, Сенненскі раён) Загарак – часы. “Катора гадзіна?” – “Няма ў мяне загарка” (Шафраны, Сенненскі раён) Дзейка – молва, слух. Вось якую дзейку пра яго пусьцілі (Лужасна, Кузняцоўскі раён) Іванькавы шапачкі – колокольчики. Вянок быў сплецен з іванькавых шапачак (Вядрэнь, Чашніцкі раён) Карафашка – лёгкая повозка. Паедзем на карафашке (Астроўка, Віцебскі раён) Карапузіцца – хвастаться. До табе карапузіцца! (Запруддзе, Сенненскі раён) Лістапад – туберкулёз. Каб цябе лістапад зламіў (Лазова, Сенненскі раён) Момніць – жевать, молоть во рту. Ты дужа шыбка момніш (Макаравічы, Віцебскі раён) Набрачок – рассвет. Набрачок заняўся, як яна пабегла (Смалякі, Гарадоцкі раён) Пацапешка – корзинка. Набраў пацапешку грыбоў (Валкі, Суражскі раён) Размарын – усталость. Размарын напаў (Сянно) Рандэлік – кастрюля. Падай мне рандэлік з малаком (Гуліна, Сенненскі раён) Ракамась – кое-как. Ракамась запахаў яр. (Стралкі, Бешанковіцкі раён) Савеччы – советский. Савеччыя газэты. (Гарадок) Салоха – неряха. Ходзіш, як салоха, хаця-п ты памылася добра (Вядрэнь, Чашніцкі раён) Туйка – 1) чучело. Туйка ты дурная! (Выгары, Кузняцоўскі раён); 2) лентяйка. І такая туйка, дык ужо з туек туйка (Гарадок) Хольна – красиво. Дужа хольна! (Гарадок) Чалавечак – зрачок. У нашай мамы на чалавечку ёсьць пляма (Русінава, Сенненскі раён) Чыпельнікі – губы (насмешливо). Не складай ты сваі чыпельнікі! (Балдыкова, Азярышчанскі раён). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якой была беларуская мова на пачатку ХХ стагоддзя. У Віцебску прэзентавалі "Віцебскі краёвы слоўнік" "Віцебскі краёвы слоўнік" складаецца з 9703 слоў, зафіксаваных у 1924-1926 гадах у 591 населеным пункце тагачаснай Віцебскай акругі.
|
|