Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў
13.06.2012 02:00
—
Новости Культуры
|
Як Дранько-Майсюк з Акудовічам жыў Прэзентацыя пятнаццатай па ліку кнігі аднаго з самых вядомых і любімых беларускіх пісьменнікаў Леаніда Дранько-Майсюка прайшла ў жартаўлівай, цёплай атмасферы. Гучалі вершы, згадваліся шматлікія байкі, вясёлыя выпадкі з пісьменніцкага жыцця, гучалі віншаванні, паціскаліся далоні, раздаваліся пацалункі. Было месца і літаратурным містыфікацыям, на якія Леанід Дранько-Майсюк – вялікі мастак. “Кніга для спадарыні Эл” – менавіта так называецца новы зборнік, у якім паэзія, проза ды п’еса. Пачынаючы вечар, Леанід Васільевіч зазначыў, што калі выйшла кніга, ён наагул не хацеў рабіць ніякай прэзентацыі. Але паэт Эдуард Акулін задаў яму простае пытанне: “А са сваімі сустрэцца?” Вечар, як і чакаў аўтар новай кнігі, сталася сустрэчай сваіх, тых, хто любіць беларускае слова і беларускую паэзію. А іх – шмат. Вялікая зала Музею гісторыі беларускай літаратуры ледзьве змагла змясціць усіх ахвотных. Людзей усё большала і большала. Выступоўцы гаварылі і гаварылі праўдзівыя словы пра “юбіляра” Дранько-Майсюка. Пісьменнік выявіў сябе добрым дыпламатам: людзі ад літаратуры, якія выходзілі на сцэну, былі размеркаваныя вядучым і віноўнікам вечара строга “па рангах”. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які “піша лепей за чужых і за сваіх - таксама”, зазначыў, што Леанід Дранько-Майсюк чытае свае кнігі як чужыя, а чужыя як свае. Аб тым, што Леанід Васільевіч – выдатны, надзвычай таленавіты чытач і слухач, гаварылася не аднойчы. “Мы разам аб’ехалі ўсю Беларусь з выступамі, і я бачу, як яго прымаюць. Людзі ўсіх узростаў ведаюць яго творы. Нават дзеці падхопліваюць вершы, цытуюць іх на памяць!” – падзяліўся з прысутнымі Барыс Пятровіч. Першы намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч вырашыў крыху сапсаваць бочку мёду, з якой частаваў Леанід Дранько-Майсюк усіх прысутных. “Кніга выйшла не за месяц, як раней сказаў нам аўтар. Яна рыхтавалася цягам шасці гадоў! Гэта плён працы пісьменніка за гэты час. Я хачу вам прызнацца, што Леанід Васільевіч – найвытанчаны эстэт, гэта чалавек-літаратурная акадэмія. Ён разбіраецца не толькі ў спадарынях і дзяўчатах, але і ў ландшафтах, у матэматыцы, у лірыцы…” Паводле Алеся Пашкевіча, Леанід Дранько-Майсюк – творца рытму: “Рытм яго твораў як рытм сэрца аўтара”. Намеснік старшыні СБП Эдуард Акулін падзяліўся з прысутнымі, што карыснага ён узяў для сябе з новай кнігі Леаніда Дранько-Майсюка: “Так, напрыклад, я падзяляю думку аўтара аб тым, што шлях сапраўднага мужчына палягае ад Дон Жуана да Дон Кіхота, а не наадварот”. У разгар падзей Еўра-2012 Эдуард Акулін скарыстаўся спартыўнай метафарай для абазначэння паэта і сябра Леаніда Дранько-Майсюка: “Ты гэтай кнігай ператварыў у аўтсайдэраў цэлую сборную літаратараў!” Таксама Эдуард Акулін паабяцаў, што “Кнігу для спадарыні Эл” расцягнуць на цытаты. Генадзя Вінярскага, выдаўца кнігі, аўтар папрасіў пацалаваць у шчочку вярстальшчыцу зборніка Ларысу, на што выдавец адказаў: “Сам прыйдзеш!” А Дашы Бунеевай, дызайнеру кнігі, аўтар пажадаў… добра выйсці замуж. “Наша гісторыя не спала і даехала ад Стэфана Барторыя да Эрыксана Стэфана”, - так запрасіў “цвік вечара” на імправізаваную сцэну перакладчыка кнігі “Анелак і я”, добра вядомага беларусам прадстаўніка Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Дыпламат як заўжды сціпла адзначыў, што перакладзеная ім кніга вельмі цікавая і блізкая для шведскага чытача. Уладзіміру Някляеву Леанід Дранько-Майсюк можа пазваніць заўжды. Напрыклад, тады, калі яго настолькі ўзрушыць нейкі твор, што ён не можа маўчаць. “Някляеву можна званіць і чытаць што заўгодна!” – смяецца Дранько-Майсюк. Калі Уладзіміра Пракопавіча выклікалі да мікрафона, ён аджартаваўся: “Можа, ты мне лепей патэлефануеш?” Працягваючы тэму тэлефанатаванняў-“далькажанняў”, Уладзімір Някляеў распавёў, што яму аднойчы сказалі: “Калі ты не можаш патэлефанаваць камусьці ў пяць раніцы, лічы, што ў цябе няма сяброў”. Ён узяў і пазваніў Дранько-Майсюку... Філасофскія разважанні Някляева-Дранько-Майсюка пра каштоўнасць сяброўства працягнуў філосаф Валянцін Акудовіч. Ён паскардзіўся, што герой вечара сапсаваў яму ўвесь сюжэт выступа. Але хутка знайшоўся і расказаў, як яны з Леанідам Дранько-Майсюком разам… жылі! Калі апошні ўладкаваўся ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, яму не было, дзе жыць. Ён прыйшоў да сябра Акудовіча і папрасіўся да яго. “Мы класна жылі разам! Праўда, Лёнь?” – звярнуўся да былога “сужыцеля” філосаф. Пасля гэтага паследавала яшчэ адно прызнанне: “Я кнігу не чытаў яшчэ, не буду хлусіць, як Някляеў! Бо ён, здаецца, таксама не чытаў…” Паэт Анатоль Вярцінскі заявіў, што хоча пагаварыць са спадаром Леанідам па-мужчынску. “У цябе была кніга да спадарыні А. Гэта – да спадарыні Эл. Я не зразумеў, гэта да адной і той жа асобы ці не? Ну ты мне пасля па-мужчынску раскажаш…” Леаніда Дранько-Майсюка як толькі не назвалі ў гэты вечар. І мэтрам, і самым фантастычным рэалістам ды рэальным фантастам, і лучнікам, які заўжды трапляе ў дзесятачку, і рыцарам, і выдатным артыстам, і геніальным чытачом, і эстэтам, і знаўцам паненак ды матэматыкі… Але самае яскравае абазначэнне для пісьменніка прыдумаў паэт Алесь Гібок-Гібкоўскі, які назваў Леаніда Васільевіча гармонам радасці. Радасці на прэзентацыі новай кнігі Леаніда Дранько-Майсюка “свае людзі” атрымалі сапраўды вельмі шмат. Усмешкі не сыходзілі з твараў цягам двух гадзін, якія “юбіляр” быў на сцэне. Яшчэ доўга пасля заканчэння афіцыйнай часткі Леанід Васільевіч падпісваў кнігі ды атрымліваў віншаванні. Падзараджаўся радасцю ды энэргія для наступнай кнігі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзентацыя пятнаццатай па ліку кнігі аднаго з самых вядомых і любімых беларускіх пісьменнікаў Леаніда Дранько-Майсюка прайшла ў жартаўлівай, цёплай атмасферы.
|
|