Талент яднае людзей
16.08.2012
—
Новости Культуры
|
Рэспублiканская грамадска-культурная акцыя «Беларусь у маім сэрцы» працягвае сваё шэсце па краiне на шчодра дорыць гледачам запамiнальныя сустрэчы з беларускiмi музыкантамi, выканаўцамi i танцавальнымi калектывамi. Нагадаем, што распачалася акцыя тэатралiзаваным канцэртам да Дня святога Валянцiна ў Нацыянальным акадэмiчным Вялiкiм тэатры оперы i балета. У гэтым рамантычным спектаклi прымалi ўдзел народныя i заслужаныя артысты, лаўрэаты i дыпламанты мiжнародных конкурсаў. Такi яркi пачатак задаў тон наступным культурным мерапрыемствам, якiя праходзяць з нязменным поспехам у рэгiёнах краiны. Iх удзельнiкi, i гледачы, i артысты, адзначаюць, што такiя сустрэчы карысныя ўсiм. Гэтыя запамiнальныя падзеi даюць шмат пазiтыўных эмоцый i сведчаць, што беларуская культура — магутны патэнцыял нашай дзяржавы. Сапраўднай кульмiнацыяй акцыi стаў грандыёзны гала-канцэрт, прысвечаны Дню незалежнасцi Беларусi. Ля стэлы «Мiнск — горад-герой» ён сабраў звыш 25 тысяч чалавек. Святочным вечарам у самым цэнтры сталiцы свой талент гледачам дарылi зоркi беларускай эстрады. Шмат канцэртаў у рамках акцыi «Беларусь у маім сэрцы» прайшло i на Мiншчыне. «Лёс надзялiў беларускую зямлю працавiтымi i таленавiтымi людзьмi. Гэта акцыя яднае на святах песнi i танца беларусаў усiх узростаў i прафесiй, усю Беларусь. У нас стартавала яна канцэртам заслужанага калектыва «Нацыянальны акадэмiчны аркестр сiмфанiчнай i эстраднай музыкi Рэспублiкi Беларусь» у пасёлку Чысць, што ў Маладзечанскiм раёне. Ён стаў запамiнальнай культурнай падзеяй», — расказвае начальнiк упраўлення культуры Мiнаблвыканкама Анатоль Акушэвiч. Адметна, што на гэтым канцэрце адбылася i яшчэ адна значная падзея. Там ушаноўвалi народнага артыста Беларусi, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi i прэмii Саюзнай дзяржавы ў галiне лiтаратуры i мастацтва прафесара Мiхаiла Фiнберга i народную артыстку Беларусi, вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы Марыю Захарэвiч. Гэтым знакамiтым дзеячам культуры было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянiн Мiнскай вобласцi». На Мiншчыне яркiм беларускiм талентам апладзiравалi таксама гледачы Жодзiна, Дзяржынска, Фанiпаля, Лагойска, Нясвiжа, Мядзеля, Клецка. Яны вiталi харэаграфiчны ансамбль «Харошкi», ансамбль «Верасы», вядучыя харэаграфiчныя i харавыя калектывы вобласцi, Нацыянальны акадэмiчны народны хор iмя Цiтовiча, музычную капэлу «Санорус», Дзяржаўную акадэмiчную харавую капэлу iмя Р. Шырмы, дзiцячы калектыў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя У. Мулявiна, Дзяржаўны ансамбль танца. Рыхтуюцца да канцэртаў Стоўбцы, Любань, Смалявiчы, Салiгорск, Валожын i iншыя гарады. Неўзабаве туды наведаюцца артысты Маладзёжнага тэатра эстрады, Прэзiдэнцкi аркестр Беларусi, ансамбль «Камерата» Белдзяржфiлармонii, Георгiй Калдун, Дзяржаўны ансамбль «Песняры» i iншыя калектывы. Акцыя «Беларусь у маім сэрцы» будзе доўжыцца яшчэ ў вераснi. Фiнальным акордам прагучаць выступленнi майстроў мастацтваў у абласных цэнтрах. Завершыцца акцыя гала-канцэртам «Беларусь у маім сэрцы», якi мае адбыцца ў «Мiнск-Арэне». На здымку: канцэрт у тэатры оперы i балета даў старт рэспублiканскай акцыi «Беларусь у маім сэрцы». Фота: БЕЛТА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акцыя «Беларусь у маім сэрцы» працягвае сваё шэсце па краiне
|
|