«Танька – без станіка»: Андрэю Хадановічу захацелася непасрэднага кантакту з жыццём. 21.by

«Танька – без станіка»: Андрэю Хадановічу захацелася непасрэднага кантакту з жыццём

18.08.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З «кніжнага» хлопчыка, які шмат цытаваў і намякаў, каб чытачы маглі гэта разгадаць, Андрэй Хадановіч вырашаў пераўтварцца ў «жыццёвага» паэта. Бо жыццё, як ён заўважыў, цікавейшае за літаратуру.

«Наша Ніва» прымеціла, што ў блогу Андрэя Хадановіча з’явіліся новыя вершы, істотна адрозныя ад тых, што паэт пісаў раней. І вырашыла даведацца, што паўплывала на змены ў ягоным творчым падыходзе і чым ён цяпер натхняецца. Натхняецца ж ён, як высветлілася, самой рэчаіснасцю, да якой хоча «дакрануцца», дзіцячымі і юнацкімі перажываннямі.

Што тычыць формы, Андрэй шукае спосаб максімальна наблізіць верш да прозы, расказаць у ім гісторыю, але каб лірыка не пераўтварылася ў эпас, каб атрымалася нешта сярэдняе паміж шэкспіраўскім белым вершам і верлібрам.

У хуткім часе на старонках «Дзеяслова» мае з'явіцца вынік павароту паэта тварам да жыцця - падборка парыжскіх тэкстаў Хадановіча, якая так і завецца - «Новы рэалізм». Дзе сутыкнуліся, паводле яго слоў, «памяць і фантазія».

«Некаторыя рэчы даводзіцца выдумаць, - кажа Хадановіч - некаторыя ўзгадаць, і, самае галоўнае, каб чытач не бачыў той мяжы, дзе ўспаміны пераходзяць у выдумку».

То паспрабуйце адшукаць гэтую мяжу ў апошнім на сённяшні дзень вершы, які надрукаваны ў блогу Андрэя.

Андрэй Хадановіч. Белыя плямы (гісторыя з геаграфіяй)

Возера было вузкае й вельмі даўгое,
і раздзяўбаі з гэтага берагу перабіраліся
да прыдуркаў з іншага толькі наўплаў.
Раздзяўбаі на гэтым — спартовы летнік,
а прыдуркі на тым — піянерскі летнік.
Покуль спартоўцы на гэтым збіралі лодку
(восем здаровых бамбізаў — сваю васьмёрку),
піянеры на іншым адгарадзілі купальню
і збудавалі на беразе распраналку
з хвоі і дошак, што спіянерылі ў вёсцы.
У весляроў дрыжалі ў руках развадныя ключы:
нават спартоўцам ясна, калі купальня —
значыць будуць купацца, калі ж распраналка —
значыць ёсць каму перад тым распрануцца.

Асаблівасцю той распраналкі для піянераў
быў геніяльны агляд, што адкрываўся з вады
(хтось зэканоміў дошкі на чацвертую сценку),
а загарэлая Танька, якая пайшла ў распраналку,
мела хутчэй камсамольскія габарыты.
Паўз купальню якраз праходзіла адзіночка
з летуценнікам Толем, што затапіў вясло,
перакуліўшы лодку, і ледзьве не патануў.
З Толіка рагаталі абодва летнікі, трэнер
перасадзіў яго з адзіночкі ў васьмёрку.
Танька пасля два дні не хадзіла купацца.
Толік пакляўся, што гэтага так не пакіне.
Танька сказала, што ён яшчэ пашкадуе.

Толік пашкадаваў на наступны дзень,
задрамаў усяго на хвіліну, пакуль загараў,
а прачнуўся — усе весляры рагочуць:
нейкі мярзотнік, ужыўшы крэм ад загару,
вывеў яму на спіне крыўднае слова,
нецэнзурнае слова ВУАЕРЫСТ.
Спрабаваў загараць — белы надпіс пачырванеў,
стала яшчэ смяшней.
Двухметровы Толік
меў сантымент да гісторыі з геаграфіяй,
зноў і зноў штосьці крэмзаў у контурных мапах,
пакідаючы ў некаторых белыя плямы
для краінаў, якіх яшчэ не паспеў адкрыць.
І калі піянерскі летнік напоўнілі вершы,
кожны — на аркушы, выдраным з контурных мапаў,
самай нявіннай была рыфма "Танька — без станіка".
Гэта стала пачаткам гучнай славы паэта.

Піянерка адказвае, як піянеры-героі:
пераплывае возера, ўзяўшы зубную пасту,
хоча намазаць ворага, як патрабуе
старажытны ваярскі кодэкс. А там не спяць.
Штось дэкламуюць. "Танька — без станіка". Потым рогат.
"Ну, пачакай, сучын сын, ты ў мяне прачнешся!"

Зранку Толік прачнуўся ад паху пасты.
Акуратны надпіс на лобе: "Зірні на лодку!"
Выскачылі на бераг, а там васьмёрка —
іх васьмёрка! — ад носа да кармы ў белых плямах.
Хтось прамовіў: "Яшчэ шанцуе, маглі і прабіць!"

Нават самай дурной піянерважатай,
нават трэнеру ясна, што гэта каханне.
Заўтра трэнер, а трэцяй ночы перабярэцца
на маторцы праз возера, да піянераў,
і абудзіць важатую, яны разам
уварвуцца ў палату дзяўчатак, а там…

Але ўсё гэта будзе, а трэцяй, яшчэ праз гадзіну,
а покуль ён з ёю ўдваіх, у палаце дзяўчатак,
што далікатна пайшлі сярод ночы купацца
("Пойдзем пазагараем", — сказалі сяброўкі),
трохі разгублены і не трохі шчаслівы,
вывучае на вузкім рыпучым ложку,
як і належыць аматару геаграфіі,
белыя плямы на мапе яе загару.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З «кніжнага» хлопчыка, які шмат цытаваў і намякаў, каб чытачы маглі гэта разгадаць, Андрэй Хадановіч вырашаў пераўтварцца ў «жыццёвага» паэта. Бо жыццё, як ён...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика