Зміцер Афанасенка: «Тэкст для песні — гэта заўжды нейкі прыход». 21.by

Зміцер Афанасенка: «Тэкст для песні — гэта заўжды нейкі прыход»

29.08.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Музыку, лідара гурта AMAROKA Змітра Афанасенку часта можна ўбачыць у творчых тусоўках, на розных культурных мерапрыемствах. Прычым не толькі як саліста папулярнага гурта. Гэты пазітыўны, заўжды ўсмешлівы хлопец час ад часу чытае вершы, выступаючы на адной сцэне разам з вядомай паэткай Валярынай Куставай. Я была на некалькіх выступленнях яго калектыва і на ўласныя вочы бачыла, як музыкі хутка і проста заводзяць гледачоў, прымушаюць іх танчыць, пляскаць ды ўсміхацца.

 

 

Image 61520

Image 61520

Зміцер Афанасенка нарадзіўся ў Менску 21 сакавіка 1987 года. Мама — Тамара — была экскурсаводам ў Бюро вандровак на вул. Танкавай, тата — Сяргей — геолаг ў Інстытуце Геахіміі і геафізікі Акадэміі навук. Вучыўся ў 167 сярэдняй школе. Скончыў Геаграфічны факультэт БДУ ў 2010 годзе.

Татуіроўка на шыі ды адрэстаўраваны Фольксваген

Фірмовы стыль Змітра, якога немагчыма зблытаць ні з кім іншым — кеды, майкі з яркімі прыкольнымі прынтамі, кепкі з лагатыпам гурта, пазітыўная ўсмешка, а таксама вялікая татуіроўка на шыі — лагатып бэнда AMAROKA, які ён прыдумаў і распрацаваў сам. «Татуіроўку трэба рабіць тады, калі яна выспела ў табе, калі выява нешта сімвалізуе ў тваім жыцці. На момант, калі я рашыўся на татушку, гурт стаў значнай часткай майго жыцця. Я вырашыў, што гэты перыяд трэба ўвасобіць у сабе», — расказвае Зміцер.

Зміцер займаецца не толькі музыкай. Ён сам афармляе вокладкі альбомаў, бо хто як ні ён найлепей ведае, які стыль павінен быць у чарговай кружэлкі. Ёсць у хлопца і яшчэ адно захапленне, якое ён вельмі любіць, якім ганарыцца. Зміцер рэстаўруе старыя аўтамабілі. Першая буйная праца — стары мікрааўтобус Фольксваген. Калі ён толькі збіраўся заняцца рэстаўрацыяй машын, да яго хацелі далучыцца некаторыя яго сябры, каб рабіць разам: так і весялей, і хутчэй. Але калі бус быў набыты, у аднаго сябра раптам знікла жаданне, другі ўсё быў заняты нечым… Адным словам, застаўся Зміцер з іржавай машынай адзін на адзін. Але не апусціў рукі, сам давёў мікрааўтобус да бляску. Інфармацыю па рэстаўрацыі браў у інтэрнэце. Рабіў хлопец са старой машыны, якую адно на сметніцу трэба было, прывабны, яркі, камфортны бус тры гады. «Мне гэта прыносіць сапраўдную асалоду і вялікае задавальненне!» — гаворыць Зміцер. Нядаўна ён набыў у дзеда-ветэрынара стары ангельскі джып Land Rover Discovery: «Я з салона выкінуў два кілаграмы зерня!» Рэстаўрацыя вельмі падабаецца хлопцу, таму што гэта своеасаблівы канструктар, які Зміцер любіць з самага дзяцінства. Калі ён быў малы, любімай ягонай забаўкай быў канструктар Lego.

Аmerican pop-punk па-беларуску

Да музыкі Змецір прыйшоў у восьмым класе. Бабуля набыла яму барысаўскую акустычную гітару, ён слухаў рускі рок, пачаў гадаваць даўгія валасы. Самым плённым для яго часам стала змена ў лагеры: «За дваццаць дзён, праведзеных там, я навучыўся таму, што не асвоіў бы і за два гады ў музычнай школе!» — дзеліцца Зміцер. У лагеры ён з хлопцамі скалаціў свой першы гурт. Яны знайшлі піянерскі бубен, зрабілі з дрэва палкі ды гралі на двух гітарах і на бубне. «Цягалі з вёскі самагонку…» — усміхаецца Зміцер.



Аднойчы у гасцях Зміцер пачуў гурт «Грамадзянская абарона». Папрасіў касету ды заслухаў яе да дзір: два дні не выключаў Летава. Так ён падсеў на панк-рок. Зміцер быў на ўсіх канцэртах любімага гурта. Асабліва падабаецца яму ідэя нонканфармізму, тое, што музыкі выказваюць свае думкі проста і зразумела.

Для гурта AMAROKA, стыль якога спачатку музыкі акрэслілі як positive punk-rock, а зараз як american pop-punk, саліст Зміцер Афанасенка піша тэксты. «Гэта заўжды як нейкі прыход. Перажываеш нейкую падзею, з’яву, эмоцію і неабходна выказацца, падзяліцца. Тады нараджаецца тэкст. Бывае, што сяджу наігрываю нейкую мелодыю і начынае пісацца тэкст новай песні. Пакуль не выпішуся — немагчыма спыніцца. Пасля ўжо пераасэнсоўваеш, дарабляеш тэкст. Словы як пацеркі нанізваюцца, складаюцца ў тэкст для песні», — дзеліцца Зміцер.

Гурт AMAROKA утварыўся ў снежні 2005 году. З таго часу склад цалкам змяніўся: нязменным застаецца толькі лідар каманды Зміцер: «Быў у нас, напрыклад, адзін басіст, які сантэхнікам працаваў. У яго то кран прарвала, то тэрміновы выклік… Часта прапускаў рэпетыцыі. Розныя людзі праз гурт прайшлі».

Прынцыповым для ўдзельнікаў гурта, якіх чатыры чалавекі, з’яўляецца рабіць поп-панк па-беларуску для айчыннага слухача, развіваць беларускую культуру. Сам Зміцер да беларускасці прыйшоў у 10-м класе. Тады ён свядома пачаў вывучаць беларускую мову, слухаць беларускамоўную музыку, чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў. «Я вырашыў адразу, што не буду рабіць музыку ні па-руску, ні па-англійску. Сто дваццаць мільёнаў чалавек слухае музыку па-руску, уся Еўропа, Амерыка слухае англамоўныя песні. Вельмі істотна развіваць сваё, унікальнае!» — лічыць Зміцер.

Вымяраў радыяцыю, вырошчваў грыбы

Пасля школы Зміцер паступіў на геаграфічны факультэт БДУ, які ў свой час скончылі яго бацькі. Адзінаццацікласнік Зміцер не вельмі добра ўяўляў, дзе ён хоча вучыцца далей. Абы музыкай не заміналі займацца, думаў ён. І выбраў правільны факультэт: «Я ўвесь час займаўся музыкай, мне ніхто не перашкаджаў». Пасля атрымання дыплома ён уладкаваўся на працу ў Белрад — Інстытут радыяцыйнай бяспекі — малодшым навуковым супрацоўнікам. Займаўся тым, што ездзіў па розных беларускіх гарадах, мястэчках ды вымяраў радыяцыю. Гэта праца дала Змітру адчуванне роднай краіны: «Трапляеш ты, напрыклад, у маленькае мястэчка. Там тры дамы, сумна, пайсці няма куды. Затое ёсць час, каб паназіраць за жыццём беларусаў, якія жывуць не ў сталіцы…» Вымяраў радыяцыю Зміцер тры месяцы. А пасля пайшоў працаваць у Інстытут мікрабіялогіі пры Акадэміі Навук інжынерам мікрабіялагічных установак. Паўгады Зміцер вырошчваў грыбы, кефір для скаціны і біяўгнаенні.

Працуючы ў розных інстытутах, Зміцер не пакідаў заняткі музыкай. Але ў маладога таленавітага музыкі і яго гурта стаць папулярнымі, заўважанымі на беларускай музычнай сцэне атрымалася не адразу. Яны часта чулі тое, што звычайна кажуць пачынаючым творцам: «Ну вы яшчэ маладыя, займайцеся, развівайцеся…» Зміцер не стаў чакаць, пакуль іх заўважаць, і сам пачаў рабіць канцэрты ў клубах. Збіраў іншыя маладыя гурты і ладзіў выступы. Так гурт AMAROKA пачаў заваёўваць сваю аўдыторыю. Праз нейкі час у калектыва з’явіліся новыя запісы на новым, больш высокім узроўні. Іх пачалі запрашаць на выступы. Пачаткам свайго поспеху Зміцер лічыць выступ у маі 2006 года на разагрэве ў гурта NRM. Таксама тады яны напісалі песню, якая ўвайшла ў зборнік «Чарнобыльскі вецер». Зараз пазітыўныя кампазіцыі гурта AMAROKA можна часта пачуць на розных мерапрыемствах, канцэртах, фестывалях… У мінулым годзе гурт выпусціў кружэлку «PULS», музыкі знялі афіцыйны кліп на аднайменную кампазіцыю. Зараз Зміцер і каманда працуюць над наступным дыскам.

Гаворачы пра асабістае, Зміцер зазначыў: «Усе хлопцы з каманды сустракаюцца з дзяўчатамі, з якімі пазнаёміліся дзякуючы нашаму гурту. Толькі мне пакуль не шанцуе…»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Музыку, лідара гурта AMAROKA Змітра Афанасенку часта можна ўбачыць у творчых тусоўках, на розных культурных мерапрыемствах. Прычым не толькі як саліста папулярнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика