У суботу пад Мінскам адбудзецца чацвёрты фолк-фэст «Камяніца», які будзе цягнуцца рэкордныя дзевяць гадзін. Гледачоў чакаюць выступы сучасных калектываў і аматарскіх хораў, народныя забавы і майстэрні рамёстваў.
Тэрыторыя Музею народнай архітэктуры і побыту (пас. Азярцо, 5 км. за аўтарынак «Малінаўка») будзе адчынена для наведвальнікаў з 10 гадзін раніцы. Квіток музею і будзе квітком на фэст, таму госці мерапрыемства будуць мець магчымасць паглядзець усю экспазіцыю музея, дзе захоўваюцца ўзоры беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў.
Музычная частка фэсту распачнецца ў 12 гадзін выступам дзіцячых фальклорных калектываў на аматарскай сцэне, якая будзе працаваць да самага вечару. На яе таксама выйдуць дарослыя ансамблі і гурты, якія адгукнуліся на заклік арганізатараў. Сярод іх «Ула», «Сёмуха», Vuraj і яшчэ дзясятак калектываў.
«Было вельмі шмат заявак і мы стараліся нікога не пакрыўдзіць, — адзначае куратар аматарская сцэны Руся. — Узрост удзельнікаў вельмі розны — ад дзяцей-дашкольнікаў да бабуль 80 з лішкам гадоў. Геаграфія таксама шырокая — ад Палесся да Канады, якую прадставіць удзельніца гурта «Яваровыя людзі».
Трохі паздней да музычнага марафону далучыцца галоўная сцэна — выступы на ёй адчыніць легендарны фолк-ансамбль «Ліцвіны» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Берберава. Яны былі аднымі з першых, хто яшчэ прыканцы 80-х распачынаў хвалю беларускага культурнага адраджэння.
«Да «Ліцвінаў» фальклор выконвалі прафесіяналы з кансерваторскай адукацыяй, але без нацыянальнага ўсведамлення, з-за чаго ён пераўтвараўся ў якуюсь цалкам дэкаратыўную музыку. «Ліцвіны» жа па сутнасці яго рэанімавалі — яны адраджалі інструменты, вопратку, абрады, песні і ўсё гэта сталася істотным элементам росту цікавасці грамадства да беларускай культуры», — распавёў кансультант фестывалю Алег Хаменка.
Пасля іх на галоўную сцэну выйдуць яскравыя прадстаўнікі новай хвалі — фэнтэзі-фолк-гурт Irdorath і пажарны этна-аркестр «Гаротніца». Гледачы таксама пабачаць выступы гуртоў Re1ikt, Silver Sky, Pawa, «Крамбамбуля», FolkRoll і Наста Някрасава. На аматарскай сцэне выступяць гурты «Ула», «Сёмуха», Vuraj і «Яваровыя людзі» (Канада). Адмысловы госць фестывалю — расійскі гурт «Иван Купала» з новай програмай «Родина» на падставе народных спеваў Палесся.
Сродкі ад рэалізацыі квіткоў ідуць музею, дапамагаючы захоўваць патрабуючыя сталага догляду драўляныя збудаванні. Кошт квітка для дарослых складае 25 тыс.руб., для школьнікаў — 12,5 тыс.руб., для дашкольнікаў і гледачоў у нацыянальных строях — бясплатна. Партнёрам мерапрыемства традыцыйна з’яўляецца ААТ «Банк БелВЭБ».
Даехаць да музея можна на асабістым аўто ці ровары (з роварам можна ўвайсці на тэрыторыю), рэйсавымі аўтобусамі ад аўтастанцыі «Паўднёва-Заходняя» і фестывальным аўтобусам (бясплатна, па запаўняльнасці) ад прыпынка «Малінаўка 6» (скрыжаванне вуліц Слабадской і Громава), які курсуе з 11 гадзін. Апошні фестывальны аўтобус на Мінск адыходзіць у 22.00.