Што нам трэба: слуцкія паясы ці падробкі?
19.09.2012
—
Новости Культуры
|
Чыноўнікі спяшаюцца выканаць загад прэзідэнта аб аднаўленні вытворчасці ў Беларусі слуцкіх паясоў. Зразумела, што да сапраўдных славутых паясоў гэтыя сувеніры будуць мець аддаленае дачыненне, але праект запушчаны. Спецыяліст Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Адашкевіч паведаміла газеце “Звязда”, што праца па стварэнні новых слуцкіх паясоў ідзе поўным ходам. Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам праведзены навукова-даследчыя работы па праекце "Распрацоўка тэхналогій вырабу аналагаў слуцкіх паясоў". Для іх вытворчасці вырашана выкарыстоўваць сучаснае ткацкае абсталяванне, таму з германскай фірмай "Магеба" заключаны кантракт на набыццё сучасных станкоў.— Варыянт пошуку і набыцця аўтэнтычнага станка і вырабу слуцкіх паясоў менавіта на ім разглядаўся не толькі Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, але і Акадэміяй навук, і Нацыянальным мастацкім музеем, -- расказала Наталля Адашкевіч. -- Аднак было вырашана, што ўзнаўляць працу старога станка будзе нашмат даражэй, чым набыць новы з тымі тэхнічнымі характарыстыкамі, якія патрэбны для стварэння слуцкага пояса. Сама тэхналогія вытворчасці стваралася Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, пасля зацвярджалася і Інстытутам мастацтвазнаўства, і Міністэрствам культуры. Пакуль распрацавана тэхналогія толькі аднаго пояса, які знаходзіўся ў Інстытуце мастацтвазнаўства, — таго, што можна было ўзяць, разгледзець пад мікраскопам, вывучыць. У далейшым кожны новы пояс таксама будзе стварацца толькі пры наяўнасці арыгінальнага вырабу. Такім чынам, пад кожны гістарычны выраб будзе стварацца асобная тэхналогія. Наталля Адашкевіч запэўніла, што гэта толькі пачатковы этап працы, і дадала, што ў праграме ёсць пункт, згодна з якім наша краіна, верагодна, будзе набываць арыгінальныя паясы ў замежных калекцыянераў, музеяў. Спецыялісты, аднак, не падзяляюць энтузіязма з фактычнай падменай паняцця “слуцкія паясы”. Доктар філалагічных навук, прафесар, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі Адам Мальдзіс выказаў меркаванне, што для вырабу сучасных паясоў варта адшукаць аўтэнтычны ткацкі станок таго часу. Супаставіўшы ўсе факты, Мальдзіс зрабіў выснову, што найбольш верагодна адшукаць станок, адпаведны слуцкаму, у Стамбуле: — Як вядома, Маджарскія (майстры-ткачы ХVІІІ—пач. ХІХ ст. — бацька і сын, арандатары Слуцкай фабрыкі князёў Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы. — Аўт.) прыехалі з Турцыі. Таму мы вялікую надзею ўскладаем на гэту краіну, бо ў Стамбуле могуць быць аўтэнтычныя станкі, на якіх ткаліся і персідскія, і пасля слуцкія паясы. Бо мы ведаем, што Маджарскія прывезлі з сабой на Беларусь адзін ткацкі станок, а пасля мясцовыя ўмельцы па гэтым узоры зрабілі яшчэ некалькі дзясяткаў. Яшчэ адно верагоднае месцазнаходжанне аўтэнтычнага станка — французскі горад Ліён, дзе ў тыя часы вырабляліся аналагі слуцкіх паясоў: — У ІІ палове ХІХ ст, калі слуцкія паясы ўжо перасталі быць моднымі (на змену сармацкаму стылю адзення прыйшоў еўрапейскі), — удакладніў Адам Мальдзіс, — паясоў было выраблена шмат, іх на ўзбраенне ўзялі жанчыны. У альбоме Вольгі Дзёмкінай "Музей тканін у Ліёне" можна бачыць, як у парыжскіх жанчын да зямлі звісаюць паясы — вось як, аказваецца, можна выкарыстаць слуцкія вырабы. Па прыездзе ў Ліён Вольга Дзёмкіна (прадстаўніца беларускай дыяспары ў Францыі, мастачка. — Рэд.), абяцала зрабіць усё, каб адшукаць арыгінал станка, які, пэўна ж, захаваўся, калі там ёсць музей ткацтва ХVІІІ ст. Ёсць здагадкі і пра тое, хто прывёз ткацкі станок у Ліён: — У Гродне, прыехаўшы з Ліёна, працаваў Жылібер — вядомы батанік, лекар. У 90-х гадах ХVІІІ ст. ён вярнуўся ў Ліён. Верагодна, што ён павёз з сабой станок. Таму я маю надзею, што ў Ліёне ў музеі ткацтва або ў мэрыі, дзе таксама выстаўлены старадаўнія станкі (бо іх вырабы з'яўляюцца французскім брэндам), можа адшукацца аўтэнтычны станок, — сцвярджае Адам Мальдзіс. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чыноўнікі спяшаюцца выканаць загад прэзідэнта аб аднаўленні вытворчасці ў Беларусі слуцкіх паясоў. Зразумела, што да сапраўдных славутых паясоў гэтыя сувеніры... |
|