Нават крама ў вёсцы Люсіна называецца «Ядвіся». 21.by

Нават крама ў вёсцы Люсіна называецца «Ядвіся»

02.11.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ГАНЦАЎШЧЫНА цесна звязана з жыццём сусветна вядомага класіка беларускай літаратуры. Тут будучы пісьменнік пачынаў свой працоўны шлях, прыехаўшы пасля заканчэння Нясвіжскай семінарыі настаўнічаць у невялічкую вёсачку Люсіна. Пазней у трылогіі «На ростанях» Якуб Колас падрабязна раскажа пра характары тутэйшых жыхароў, многія з якіх сталі прататыпамі яго герояў у амаль аўтабіяграфічным творы. Ну а люсінцы і сёння памятаюць пра класіка беларускай літаратуры, а назва вёскі Цельшына з вядомай трылогіі ўвасоблена ў назве мясцовага сельгаспрадпрыемства.

У Люсіне таксама працуе Літаратурна-этнаграфічны музей, пазнаёміўшыся з экспанатамі якога можна адкрыць для сябе нямала цікавых старонак з біяграфіі Якуба Коласа. У гэтых мясцінах усё нагадвае пра яго: і чыгуначны прыпынак, дзе ён не раз сыходзіў з цягніка, і вясковая вуліца, якая носіць яго імя, і нават крамы, што называюцца «На ростанях», «Ядвіся».

Многае па ўшанаванні памяці пісьменніка зроблена і ў Ганцавічах. Летась да Дня беларускага пісьменства, што праходзіў у райцэнтры, урачыста адкрылі помнік, які ўвекавечвае маладога Якуба Коласа. Сёлета на свята, прымеркаванае да 130-годдзя з дня яго нараджэння, на Ганцаўшчыну завіталі не толькі шматлікія прыхільнікі яго творчасці, але і родныя: сын Міхаіл Міцкевіч, унук Канстанцін і праўнучка Васіліна. Распачаліся ўрачыстасці ў раённым Краязнаўчым музеі, дырэктар якога Ала Занька пазнаёміла гасцей з выставай «Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці». Тут было прадстаўлена нямала ўнікальных дакументаў. Напрыклад, урыўкі з ліста люсінцаў да беларускага песняра, у якім вяскоўцы прасілі яго паспрыяць у будаўніцтве новай школы ў вёсцы.

На алеі пісьменства, якая праз цэнтральную вуліцу Ганцавічаў вядзе да помніка Якубу Коласу, удзельнікаў свята сустракалі героі твораў пісьменніка — Сымон-музыка, настаўнік Лабановіч, прыгажуня Ядвіся… Да манумента былі ўскладзены свежыя кветкі, пасля чаго гасцей чакала цікавае падарожжа ў вёску Люсіна. Экскурсію па мясцовай школе правялі яе выхаванцы, якія навучаюцца ў старэйшых класах. Міхаіл Міцкевіч асабліва зацікавіўся не толькі Літаратурна-этнаграфічным музеем, прысвечаным яго бацьку, але і бібліятэкай, якой падарыў кнігі ўспамінаў пра Якуба Коласа, напісаныя яго сябрамі. Тут жа ў школе была разгорнута выстава мастацкай творчасці вучняў раёна. Дарэчы, гэтую навучальную ўстанову зараз наведваюць 228 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для параўнання: у час настаўнічання Канстанціна Міцкевіча вучняў было толькі 37. Цяпер у садзе-яслях налічваецца 39 дашкольнікаў. Прасторнай і сучаснай стала школа — такой, як марылі сяляне, калі пісалі ліст да свайго настаўніка.

Тое, што да Якуба Коласа ў Люсіне ставяцца з асаблівай павагай, можна было адчуць на галоўнай плошчы вёскі. Ля памятнага знака на месцы школы, у якой пісьменнік працаваў настаўнікам, сабралася многа людзей. Некаторыя вяскоўцы, падыходзячы да Міхаіла Міцкевіча, з гонарам заўважалі, што іх бацькоў, дзядуль і бабуль калісьці вучыў сам Якуб Колас.

Побач з тым месцам, дзе стаяла старая школа, вабіла вока выстава народных майстроў. Са святочнай сцэны, размешчанай побач, гучалі беларускія песні, некаторыя пакладзены на словы народнага песняра. Тут жа маладыя паэты чыталі свае вершы, а вучні школ Ганцаўшчыны выконвалі творы Коласа. Найбольш выразна гэта атрымалася ў вучня СШ № 3 райцэнтра Артура Сукача і вучаніцы Востраўскага сада-ясляў — сярэдняй школы Кацярыны Пабудзей.

Калі Міхаіл Міцкевіч дзяліўся ўражаннямі ад літаратурнага свята, то прызнаўся, што быў захоплены гасціннасцю гаспадароў. А яшчэ тым, як на Ганцаўшчыне захоўваюць памяць пра яго бацьку, шануюць беларускае слова.

Александр КУРЕЦ, «БН»

Фота Паўла СВІСТУНОВІЧА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ГАНЦАЎШЧЫНА цесна звязана з жыццём сусветна вядомага класіка беларускай літаратуры. Тут будучы пісьменнік пачынаў свой працоўны шлях, прыехаўшы пасля заканчэння...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика