Алег Трусаў: Як перайсці на беларускую мову? Лупіце на трасянцы!
18.01.2013 12:36
—
Новости Культуры
|
Алег Трусаў: Як перайсці на беларускую мову? Лупіце на трасянцы! Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва "Наша Ніва": Што рабіць, каб упусціць мову ў сваё жыццё? Алег Трусаў: Размаўляць 25 гадзін у суткі па-беларуску. Трэба спаць і бачыць беларускамоўныя сны. І ўсё будзе добра. "НН": А якім быў Ваш шлях да беларускай мовы? АТ: Няпросты. Нарадзіўся я ў Амсціславе на мяжы з Расіяй, бацька ў мяне з Расіі, нацыянальнасць у мяне запісана рускі, бо маці мая, хоць і з беларускай шляхты, але нарадзілася ў Чалябінску. Першым штуршком была мая настаўніца беларускай мовы. Яна стварыла ў школе тэатр, дзе мы ставілі "Пінскую шляхту", чытаў я са сцэны вершы па-нямецку і па-беларуску, так паціху далучыўся да беларускай мовы. Ну і, канечне, вялікі ўплыў на мяне зрабіў Якуб Колас, бо ў 8-м класе дзяўчаты на дзень чырвонага войска падарылі мне "Новую зямлю". Я хварэў, не было чаго рабіць, і пасля таго, як я свядома прачытаў гэты твор, нешта змянілася. "НН": Цяжка было перайсці на беларускую мову ў савецкі час? АТ: Вядома. Маглі "плюнуць у твар", маглі абразіць. Мая бабуля, якая вучылася з Аркадзем Куляшовым, аднойчы заплакала і сказала: "Унучак, што ты робіш? Цябе за гэтую мову заб’юць!" Яны памяталі 1930-я гады. Большая частка людзей чаму не размаўляе? Бо ў іх сядзіць генетычны страх. "НН": У якіх традыцыях Вас выхоўвалі? АТ: Калі мне было 4 гады, то бацькі развяліся, мяне пачала гадаваць бабуля, але яна заўсёды была на працы, таму гадавала мяне прабабуля, так што я чалавек ХІХ стагоддзя і вельмі рады, што мяне выхавалі ў старых шляхецкіх традыцыях, як гараджаніна, навучылі паважаць сябе. Вучыўся на выдатна, школу скончыў з залатым медалём, універсітэт з ленінскай стыпендыяй, аспірантуру на выдатна, абараніў кандыдацкую дысертацыю ў найлепшай доктарскай радзе Савецкага Саюза "па блату". Бо вельмі добрая дысертацыя была. "НН": Што б Вы параілі тым людзям, якія вырашылі пераходзіць на беларускую мову, але вагаюцца? АТ: Па-першае, нельга вагацца. Я ж выкладчык, дацэнт і сваім студэнтам кажу: "Лупіце на трасянцы!" Адразу немагчыма добра гаварыць. З цягам часу вы гэтыя словы заменіце на беларускія. Па-другое, заўжды перад сном хвілін 40 чытайце на беларускай мове, слухайце беларускую музыку. І тады мозг будзе ўсю ноч думаць па-беларуску. Беларуская мова робіць чалавека мацнейшым. Наша мова багацейшая за расейскую. Беларускі слоўнік Піскунова ў два разы большы, чым самы вялікі слоўнік расейскай мовы. "НН": А вось як паводзіць сябе, калі пачынаюць кпіць з беларускай мовы? АТ: Трэба заўсёды адказваць жартам і ніколі не крыўдзіцца. На кожную кпіну ёсць вельмі добры жарт. Калі пытаюцца, ці з БНФа ты ці яшчэ адкуль, трэба адказаць: "Я з бронзавага веку". Хай гэты чалавек чэша патыліцу. "НН": З чаго звычайна складаецца Ваш дзень? АТ: З працы. Але перыядычна мяняю від дзейнасці, бо мне неабходна папрацаваць фізічна. Ці дровы пасекчы, ці снег пачысціць. Я не люблю спорту, лепш 5-6 складаных калодак раскалю. "НН": Чым стала для Вас ТБМ за час яго існавання? АТ: ТБМ займае траціну майго дня, а тое і палову. Часта прыходзіцца працаваць у суботы, прыходзіць у нядзелю, калі тут нікога няма. Гэтая праца цалкам бясплатная і валанцёрская, грошы, як і ўсе іншыя, зарабляю ў іншых месцах. Я зараблю грошы заўсёды тымі спосабамі, якія мне цікавыя. Калі нецікава і грошы вялікія, я працаваць не буду. Некалькі тысяч даляраў на чорны дзень я маю, а больш і не трэба. Нельга рабіць з грошай культу. Калі б я не займаўся навукай, то даўно б быў мільянерам. Я ўмею прыцягваць грошы, мяне прабабка навучыла. "НН": Вось Вы ўзначальваеце ТБМ 13 гадоў, не стаміліся? АТ: Стомленасць, канечне ж, ёсць. Але самае галоўнае тое, што няма ахвотных забраць гэтую справу. Я б без пытанняў аддаў, але такіх няма. Я кажу звычайна, калі вы хочаце заняць маё месца, то павінны кожны месяц знайсці 10 мільёнаў. Вось калі знойдзеце такую суму, я вам аддаю пячатку і ўсё. Тут жадаючыя знікаюць. Мала быць проста валанцёрам, ты яшчэ павінен быць фінансавым менеджарам. "НН": Неаднаразова сутыкалася з меркаваннем, што ТБМ не паспявае за сучаснымі тэндэнцыямі і выклікамі сёняшняга часу. АТ: Яны проста брэшуць. Калі нехта так кажа, то хай яны прыйдуць і ўступяць у ТБМ і пакажуць, як трэба рабіць. Прыходзяць такія, месяц папрацуюць і сыходзяць. Усе могуць пацяўкаць і казаць, дзе і што кепска, а прыйсці і зрабіць — не кожны можа. Самому прыходзіцца пісаць на сайт, падпісваць "наш карэспандэнт", каб прозвішча шмат не мільгала. "НН": Шмат звяртаюцца з прапановамі ці па дапамогу? АТ: Вельмі шмат. Але я кажу: ты гэта прапаноўваеш — ты гэта і зрабі, а я потым пагляджу на цябе ці сур’ёзны ты чалавек. З 10 чалавек другі раз прыходзіць толькі чалавекі 2-3. Па дапамогу звяртаюцца шмат. Пытаюць, як дабіцца садка беларускамоўнага, як вывучыць беларускую мову, пытаюць пра курсы і вельмі дзівяцца, што яны бясплатныя. Грошы мы не бяром, толькі ахвяраванні. Мы спіс ахвярадаўцаў друкуем у газеце "Наша слова", але толькі калі чалавек хоча, бо, напрыклад, прадпрымальнікі не хочуць, каб іх афішавалі. Яны нам моцна дапамагаюць. "НН": А ціск ёсць? АТ: Бывае ціск з боку вышэйшай улады, бывае — мясцовая перашкаджае. І агенты прыходзілі, і выбухоўку шукалі, рознае было. Але мы адзіная арганізацыя, якую ўлада ведае і з якой лічыцца. Любіць — не любяць, а паважаць — паважаюць. Бо менавіта ТБМ перапісваецца з міністрамі. Мы гэтую перапіску не хаваем, а друкуем у "Нашым слове". І мы адзіныя, хто віншуе з прызначэннем усіх чыноўнікаў. Вось прызначылі Святлова, а на заўтра я яму ліст і цытату Лукашэнкі, як трэба беларускую мову любіць. Такіх цытат у мяне штук дзесяць. Прызначылі новага кіраўніка КДБ, а я яму адразу — каляндарык з Каліноўскім і віншаванні. Там таксама розныя людзі ёсць. Наша задача — не давесці нацыю да расколу, не давесці яе да грамадзянскай вайны. Таму я вельмі асуджаю нашых ультрадэмакратаў, якія тут з рэжымам ваююць. Рэжым, дзякуй Богу, не расейскі, не кітайскі, не польскі, а свой, таму яго можна любіць, можна не любіць, але нельга давесці да нейкіх стрэлаў. "НН": Як не апусціць рукі ў нашых умовах? АТ: Апускаюць рукі толькі гультаі. Пісаць, чытаць, раз-маўляць, маляваць, што Бог даў, тым і карыстацца. Для мяне самае вялікае шчасце — гэта быць здаровым і працаваць. "НН": Падзяліцеся, калі ласка, тымі правіламі і запаветамі, якімі карыстаецеся ў жыцці? АТ: Першае — вера ў Бога. Гэта самае галоўнае. Другое — павага да старэйшых. І трэцяе — павага ўвогуле да ўсіх людзей. Лепш за 10 прыказанняў ніхто не прыдумаў. І яшчэ трэба любіць і паважаць сябе. Бо хто не любіць сябе, той ніколі не будзе паважаць іншых.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алег Трусаў нястомна ўзначальвае Таварыства беларускай мовы ўжо 13 гадоў. У гэтым чалавеку спалучаецца цвёрды характар і вера ў тое, што немагчымага няма. |
|