У поўным аб’ёме
12.02.2013
—
Новости Культуры
|
Зроблена ўпэўненая заяўка на тое, каб Мінск атрымаў статус сусветнай сталіцы кнігі 2017 года. Духоўная культура Беларусі ўзведзена ў ранг дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Такое меркаванне выказала журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, падводзячы вынікі ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Урачыстая цырымонія закрыцця адбылася 10 лютага. Гаворачы аб выніках выставы-кірмашу, Лілія Ананіч адзначыла: «Галоўнае не колькасць мерапрыемстваў (іх у час юбілейнага форуму прайшло 270), а тое, што Беларусь прадэманстравала гасцям выставы высокі ўзровень нацыянальнай кніжнай культуры, беларускай духоўнасці і дзяржаўнасці». «Наша духоўная культура, духоўная спадчына сёння ўзведзены ў ранг дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і ідэалогіі», — падкрэсліла першы намеснік міністра. Сёлетняя юбілейная выстава-кірмаш годна падвяла вынікі аб’яўленага летась у нашай краіне Года кнігі, стала свайго роду яго яркім фінальным акордам, а разам з тым і пацвярджэннем таго, што Беларусь сёння — краіна, дзе плённа развіваецца кнігавыданне, дзе друкаваная кніга чытаецца і шануецца. На працягу 2012 года ў рэспубліцы было выпушчана звыш 11 тысяч найменняў кніг агульным тыражом каля 34 мільёнаў экзэмпляраў. Лепшыя з выдавецкіх праектаў, у тым ліку і такі знакавы, як факсіміле Полацкага Евангелля, унікальнага рукапісу XII стагоддзя, першакнігі беларускага народа, аднаго з самых старажытных і каштоўных кніжных помнікаў айчыннай культуры, былі шырока прадстаўлены гасцям і наведвальнікам свята. Нагадаем, сёлета ў Мінску іх сабралася рэкордная колькасць за ўсю гісторыю існавання выстаўкі. Пасланцоў з 25 краін свету прымала Беларусь, што таксама пацвярджае яе высокі статус, важкасць і значнасць у сферы сусветнага кнігавыдання. Разам з айчыннымі кнігавыдаўцамі ў юбілейнай выстаўцы-кірмашы ўдзельнічалі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Венесуэлы, Германіі, Індыі, Ірана, Італіі, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Фінляндыі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Францыі. Упершыню да іх далучыліся сёлета калегі з Палесціны і Сербіі. Больш за 600 экспанентаў, з якіх каля 400 — беларускія, змясціў у сваіх сценах нацыянальны выставачны цэнтр «Белэкспа». Правядзеннем ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу наша краіна зрабіла ўпэўненую заяўку на тое, каб Мінск мог прэтэндаваць на статус сусветнай сталіцы кнігі 2017 года. Тым больш што ёсць для гэтага і выдатная падстава. У 2017-м будзе адзначацца знамянальная гістарычная дата — 500-годдзе з дня выдання нашым земляком, вядомым усходнеславянскім друкаром і асветнікам Францыскам Скарынам першай кнігі на беларускай мове. Па папярэдніх падліках, за пяць дзён працы юбілейнай выставы-кірмашу яе наведалі больш за 50 тысяч чалавек. Нагадаем, традыцыйна ўваход для ўсіх жадаючых быў свабодным. Разам са знаёмствам з кніжнымі экспазіцыямі звычайныя наведвальнікі мелі магчымасць пабываць на шматлікіх прэзентацыях цікавых выданняў, творчых сустрэчах з пісьменнікамі і мастакамі, аўтограф-сесіях, а прафесіяналы — стаць удзельнікамі тэматычных семінараў і круглых сталоў. Шырокая дэманстрацыя кніжных выданняў суправаджалася ў час выстаўкі і іх разгорнутым продажам. Акрамя таго, у апошні дзень выстаўкі па традыцыі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы ў дар беларускім бібліятэкам кніг нацыянальнага стэнда Расіі і экспазіцыі «Выдавецкія праграмы ўрада Масквы». Нагадаем, сёлета Расія выступала ў статусе ганаровага госця юбілейнага форуму. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінск можа атрымаць статус сусветнай сталіцы кнігі 2017 года |
|