Аляксандр Грышкевіч падарыў музею ў Вілейцы карціну
28.02.2013
—
Новости Культуры
|
У выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея 22 лютага адбылося адкрыццё персанальнай выставы мастака Аляксандра Грышкевіча. Прысутнічаў на ім і аўтар работ. На адкрыцці мастак падарыў Вілейскаму краязнаўчаму музею адну са сваіх карцін – пейзаж “Вясна на рацэ”. – Чаму вырашылі правесці выставу ў Вілейцы? – Таму што гэта родныя мясціны – як кажуць, трэба аддаваць даўгі. Гэта выстава – у памяць маіх продкаў і ў падарунак людзям, якія жывуць тут. Я хоць нарадзіўся ў Маладзечне, але дзяцінства праводзіў у бабулі на вёсцы. На канікулы мяне сюды адпраўлялі ў ссылку (усміхаецца). Калі звозілі, мне не вельмі падабалася, бо ў Маладзечне сяброў нашмат больш было. А вёска называецца Дашкаўка. Якраз на мяжы Вілейскага і Мядзельскага раёнаў. Вёсачка невялікая, можна сказаць, нават хутар – былая зямля майго прадзеда. Яны з братам купілі гэту зямлю, перасяліліся з вёскі Халапы (цяпер гэта частка Вілейкі). Мама таксама з Дашкаўкі. Бацька каля Княгініна нарадзіўся, у вёсцы Кіржына – яна маленькая, а Дашкаўка яшчэ меншая. У Дашкаўцы дашкольнікам час праводзіў, а таксама калі ў школе вучыўся, і цяпер ездзім. Я, праўда, не так часта прыязджаю, брат часцей. І вельмі ўдзячны, што мяне запрасілі з выставай у Вілейку. – А як гэта атрымалася? – Прапанаваў правесці выставу вілейскі мастак Эдуар Мацюшонак. Звязаліся з дырэктарам музея Сяргеем Ганчаром, той паставіў выставу ў план. Я не прадаў ніводнага твора з персанальнай выставы ў Мінску, якая праходзіла паўгода таму, каб правесці яе тут. – Расказалі, што супрацоўнікі музея дапамаглі вам у пошуках дакументаў, звязаных з вашай сям’ёй? – Так. Вольга Коласава знайшла дакумент з архіва Рэчкаўскай царквы, які знаходзіцца ў музеі. Прэзентавала ксеракопію, дзе ёсць запіс пра хрышчэнне маёй маці. Бачыў запіс у іншай кнізе, у дзяржаўным архіве ў Мінску. Там іншы быў запіс. А тут убачыў, што маю маці, калі хрысцілі, назвалі Веранікай. А я ніколі ў жыцці гэтага не ведаў. І яна, думаю, не ведала. Проста звалі ўсё “Вера, Вера”. А яна была Веранікай. Для мяне гэта сюрпрыз. – Колькі работ прадстаўлена на выставе? – Палічыў, што ў зале памесціцца каля сарака работ. Хаця ёсць іх яшчэ на адну такую выставу. – Разумею, што ёсць тут пейзажы з нашага рэгіёна… – Так. Пейзажы амаль усе беларускія. Мясціны ёсць і дашкаўскія, і маладзечанскія, і з-пад Мінска, і з Польшчы, Літвы, Расіі. Але яны ўсе вельмі падобныя. Нават калі езджу за мяжу, на пленэры, там з мяне смяюцца: “Ты і тут знаходзіш беларускія матывы”. У Польшчы, Літве – нават там – стараюся знайсці характэрныя для Беларусі матывы. Ведаеце, у нас гэтыя мясціны ўжо згубленыя – калі прайшла калектывізацыя, хутары зносілі, людзей перасялілі па вялікіх вёсках. Калі было поле, а пасярод ішла дарожка да хутара, абсаджаная дрэвамі, камяні вялікія. І такая купка дрэў, гаспадарка... Гэта такі краявід, якога ў нас няма. А ў Польшчы і ў Літве ёсць такія. Экзатычныя краявіды не малюю, шукаю краявіды, характэрныя для нашых мясцін. Можа быць, дрэва адно стаяць, можа быць, рэчка якая, паварот дарогі. На выставе ўсе краявіды натурныя – калі ў дадзены момант у гэтым месцы, пры гэтым асвятленні ёсць такі сюжэт. Прывёз сюды маленькія краявіды. Хацеў нават выставу назваць “30 на 40” – гэта асноўны памер, які буду паказваць. – Усё ж выстава засталася без назвы... – Я не люблю назвы. Вельмі мала бачыў такіх выстаў, дзе назва ёй бы дапамагала, вельмі рэдка, каб дабаўляла нешта выставе. Таму пакінуў без назвы, нават не назваў “Выстава краявідаў”. Таму што мне хацелася нечага большага. Каб глядач, можа, за краявідам нейкі характар чалавека ўбачыў. Не толькі відок такі, ландшафт – гэта не ландшафт, гэта нешта большае. Мне хацелася, каб краявід раскрываў характар беларусаў. Алесь ВЫСОЦКІ. Фота Алеся ВЫСОЦКАГА. Чытайце на гэтую ж тэму: 28.09.2012. 27.09.2011. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея 22 лютага адбылося адкрыццё персанальнай выставы мастака Аляксандра Грышкевіча....
|
|