Віляйчане далучыліся да тувінскай культуры
25.04.2013
—
Новости Культуры
|
Чадураа Цюлюш выконвае абрад “кармленне духаў”. У нядзелю ў горадзе кармілі духаў і праводзілі абрад ачышчэння, гулялі ў косці і слухалі гарлавыя спевы.Усё гэта было падчас лекцыі-дэманстрацыі “Традыцыйная культура тувінцаў”. Каб яе правесці, з Тувы ў выставачную залу імя Сілівановіча завітала спецыяліст Цэнтра культуры Авюрскага кажууна Чадураа Цюлюш. “Чадураа” ў перакладзе азначае “чаромха”. Яна ў Беларусі ўжо не ў першы раз. Пераадольвае тысячы кіламетраў, каб пазнаёміць з традыцыямі і культурай свайго народа. І нашу краіну пакрысе вывучае. – Лекцыя доўжылася прыкладна дзве з паловай гадзіны. Падчас яе госця распавядала пра розныя аспекты культуры свайго народа, – расказала навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. – Паказала фільм – пра Нацыянальны музей Тувы, традыцыйны культ – шаманства, як яно адраджалася. Чадураа Цюлюш прывезла з сабой атрыбуты шаманства, традыцыйны музычны інструмент. – Вельмі спадабаўся яе строй, – дзеліцца Надзея. – Ён мае вялікі сэнс для тувінцаў. Апроч таго, што строй вельмі практычны для качавога ладу жыцця, ён таксама цудоўна аздоблены вышыўкай. Бадай, найбольш запомніцца слухачам лекцыі абрад ачышчэння. Правялі яго ў дворыку. Выклікаліся праверыць на сабе, ці сапраўды абрад дапамагае ачысціцца ад дрэннай энергіі, двое маладых удзельнікаў сустрэчы. – Спачатку госця асвячала месца. Потым праходзіла кармленне духаў – карміла Чадураа іх чаем з малаком і соллю. Ачышчэнне праводзіла пры дапамозе ядлоўцу, які спальвала. Гэтым дымам ачышчаюць цела чалавека. Казала, што самая вялікая колькасць адмоўнай энергіі назапашваецца ў далонях і нагах. Агулам абрад ачышчэння заняў паўгадзіны. Паказвала госця з Тувы віляйчанам, як гуляюць у косці. – У навагоднюю ноч тувінцы не спяць. Бо ў іх лічыцца, што богі сыходзяць на зямлю і глядзяць, як сябе вядуць людзі. Для таго, каб не заснуць, тувінцы гуляюць у косці, – тлумачыць Надзея Аўдзей. – Косці натуральныя – бараноў. Якім бокам выпадуць, то тую ці іншую жывёлу адзначаюць. І калі шмат разоў выпадае конь, то ты атрымліваеш перамогу. – Наведнікаў нашага сайта цікавіла, ці будуць на лекцыі гарлавыя спевы? – Былі. А ў дадатак Чадураа праспявала калыханкі і прыпеўкі, каб было магчыма параўнаць нашу і тувінскую манеры выканання прыпевак. – Пасля лекцыі ў вас якое ўражанне склалася пра тувінскую культуру? – Яна такая цікавая, дзіўная, непаўторная. Мне лекцыя вельмі спадабалася. Думаю, і слухачам яна таксама прыйшлася даспадобы. Алесь ВЫСОЦКІ. Фота Надзеі АЎДЗЕЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нядзелю ў горадзе кармілі духаў і праводзілі абрад ачышчэння, гулялі ў косці і слухалі гарлавыя спевы.
|
|