Рыгор Барадулін напісаў кнігу хуткамовак
16.05.2013 09:14
—
Новости Культуры
|
“Калі чалавек хоча, каб яго лепш пачулі, ён рыхтуецца да размовы з дапамогай хуткамовак”, — пераканаўча пачынаецца новая кніга майстра беларускай паэзіі Рыгора Барадуліна “Воз вёз лёс”. Падчас прэзентацыі, што адбылася ў камернай утульнай атмаферы 15 мая ў музеі Янкі Купалы, прысутныя мелі магчымасць выйграць незвычайную кнігу – для гэтага трэба было хутка тры разы запар прачытаць хуткамоўку ад дзядзькі Рыгора. Да гэтага часу кнігі з беларускімі хуткамоўкамі ў нас не было – навучэнцам беларускіх творчых адукацыйных устаноў даводзілася развіваць тэхніку маўлення з дапамогай заезджаных “Шла Саша по шоссе и сосала сушку”, “Карл у Клары украл кораллы, а Клара у Карла украла кларнет” ды іншых рускамоўных хуткамовак. “Ідэя такой кнігі з’явілася каля двух гадоў таму, — распавядае ў каментары для Naviny.by рэдактар кнігі Алесь Камоцкі, — калі кіраўнічка тэатра педуніверсітэта “Жывое слова” Алеся Сівохіна сказала мне, што ім для заняткаў не хапае беларускіх хуткамовак. У размовах з Рыгорам Барадуліным высветлілася, што яму гэта вельмі цікава. Для пачатку ён напісаў ад рукі дзьве старонкі хуткамовак, і мы іх перадалі ў тэатр, яны імі карысталіся для заняткаў.
Калі вы заўважылі, у кнігах гэтых няма нумерацыі старонак, бо я лічу, што ў паэтычных кніжках гэта лішняе. Больш за сто старонак у кнігах паэзіі гэта нейкі здзек – няёмка найперш перад вершамі становіцца. Калі верш пераносіцца з адной старонкі на іншую, атрымліваецца такая брацкая магіла для вершаў. Эканомія паперы – гэта, канешне, вельмі важная рэч, але ж вершы хочуць, каб іх друкавалі паасобку. Я для такіх кніжак даўгія вершы раблю карацейшымі, каб яны станавіліся на адну старонку”.
На вечарыне сам Рыгор Барадулін па стане здароўя не прысутнічаў, але прыйшла жонка паэта. “Валянціна Міхайлаўна ўсё перадасць Рыгору Іванавічу, што тут сёння гаварылі і спявалі”, — адзначыў вядучы вечара Алесь Камоцкі. “Сапраўдная асалода чытаць гэтую кнігу, асалода разглядаць яе, гэтае пачуццё наогул цяжка з чым-небудзь параўнаць, — адзначыла паэтка Людміла Хейдарава-Паўлікава. – Кніга падаецца цалкам лёгкай і натуральнай. Шчасце мець такую кнігу, шчасце мець такога паэта. Я некалі працавала на тэлебачанні і брала ў Рыгора Барадуліна інтэрв’ю. Я запыталася: што для вас самае галоўнае ў жыцці? Ён мне адказаў адразу, не думаючы ні хвіліны: без паэзіі. Паэзія сапраўды жывіць Рыгора Іванавіча, надае яму сіл, і ён нас з вамі жывіць сваёй паэзіяй”. Падчас прэзентацыі вершы Барадуліна чыталі акцёры тэатра “Жывое слова”, песні на словы Рыгора Іванавіча, а таксама Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча спявалі Алеся Сівохіна і Алесь Камоцкі.
Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да гэтага часу кнігі з беларускімі хуткамоўкамі ў нас не было...
|
|