Свята ў Лістападах: “Другі раз за дзень аўталаўка!” (+шмат фота)
19.09.2013
—
Новости Культуры
|
14 верасня па ўсёй краіне беларусы адзначалі святы сваіх гарадоў. Але не толькі гараджанам пашчасціла ў гэты дзень. Свята дабралася і да некаторых вёсак. Адна з іх - вёсачка Лістапады Гародзькаўскага сельсавету Валожынскага раёна. У ёй жыве ўсяго 43 жыхары. І менавіта яны былі ў цэнтры ўвагі. Калі ў Лістапады прыехалі арганізатары свята – супрацоўнікі Гародзькаўскай школы мастацтваў і сельскага клуба – ля двара старасты, дзе мусіў адбыцца канцэрт, ужо стаяла аўталаўка. Асартымент у ёй быў святочны – разнастайныя слодычы, незвычайныя булкі, кілбасы... І перад усім гэтым было выстаўлена некалькі гатункаў віна. “Другі раз за дзень аўталаўка!” – радасна дзівіліся мясцовыя жыхары. Для лістападаўцаў з імправізаванай сцэны гучалі песні, а таксама віншаванні. Падарункі атрымалі самыя старэйшыя жыхары вёскі. Гэта Марыя Канановіч, якой сёлета ў траўні споўнілася аж 109 год, і 89-гадовая Любоў Бартош. Сюрпрызам для доўгажыхароў Лістападаў стаў выступ фальклорнага гурта “Хата”. Яго стварыла творчая моладзь, якая нядаўна перасялілася з гарадоў у суседнія вёскі. Таксама не застаўся незаўважаным самы малады лістападавец – Мяценькавіч Ягор, якому цяпер усяго годзік. Са цэны былі адзначаныя і самыя працавітыя жыхары Лістападаў. Падарунак з рук старшыні сельвыканкама атрымалі гаспадары самага добраўпарадкаванага падворка. Асобна словы падзякі прагучалі ў адрас майстрыцы Галіны Макей. У сваёй хаце на свята вёскі яна зладзіла цэлую выставу сваіх звязаных і вышытых вырабаў. Як толькі скончыўся канцэрт, з-за хмараў вызірнула сонейка, прымусіўшы вяскоўцаў нарэшце скласці свае парасоны. Для іх свята працягвалася. Аўгіня МАНЦЭВІЧ. Фота забяспечана Аўгіняй МАНЦЭВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 верасня па ўсёй краіне беларусы адзначалі святы сваіх гарадоў. Але не толькі гараджанам пашчасціла ў гэты дзень. Свята дабралася і да некаторых вёсак. Адна з іх -...
|
|