У свае юбілейныя 20 год “Камедыя” ўзяла адразу чатыры дыпломы
21.10.2013
—
Новости Культуры
|
Ад 4 па 12 кастрычніка ў горадзе Мікалаеве на Украіне праходзіў сёмы тэатральны фестываль міжнароднага Чарнаморскага клуба “Homo ludens” (“Чалавек, які іграе”). Беларусь на ім прадстаўлялі тры тэатры, два з якіх – з Маладзечна. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі за фольк-рок-оперу “Адвечная песня” ўвогуле атрымаў Гран-пры “Залаты дэльфін”. Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” за спектакль “Канёк-гарбунок” узнагародзілі дыпломам “Лепшая сцэнаграфія і лялькі”. Не адстаў і Мінскі абласны драмтэатр: узяў адразу тры дыпломы. У каго лепшая роля, а хто любімец Не паспелі напрыканцы верасня адсвяткаваць 20-гадовы юбілей “Камедыі”, як час святкаваць перамогі. Акцёры адзначаюць, што сама юбілярка рэдка бачыла вялікія сцэны. Звычайна даставаліся малыя і зусім непрыстасаваныя для паказу спектакляў залы. “Лепшай мужчынскай роляй” прызналі ігру Аляксандра Пашкевіча. У спектаклі ён паўстае ў вобразе селяніна Дзёмкі. Аляксандр Пашкевіч – сапраўдны старажыл пастаноўкі, адзіны, хто іграе ў “Камедыі” ад самай першай прэм’еры, што адбылася яшчэ ў 1993 годзе. У сераду, 23 кастрычніка, Аляксандр Пашкевіч адсвяткуе свой 50-гадовы юбілей. Цягам тыдня ў Мінскім абласным драматычным тэатры будуць ісці спектаклі з яго ўдзелам: 22 кастрычніка – “Камедыя”, 23 – “Каханне па-італьянску”, 24 – “Верная жонка”, 25 – “Сямейны партрэт з пабочнай асобай”, 26 – “Месье з рагамі, мадам з вусамі”, 27 – “Банкет”. У намінацыі “Лепшая мужчынская роля другога плана” ўзяў дыплом Сяргей Карзей за ролю арандатара Давіда. Ну а любімцам публікі прызналі “камедыйнага Чорта” Алега Чэчанева. “Галопам па Мікалаеве” У Мікалаеве часу на раскачку асабліва не было. Акцёры правялі там два дні, прычым у першы быў заезд, а ў другі ўжо трэба было выступаць. − Каб паглядзець Мікалаеў, было ўсяго гадзіны чатыры перад спектаклем, тым больш, што жылі мы недзе ў “шабанах”, − жартуе Алег Чэчанеў. – Хаця гасцініца была вельмі добрая. Карацей, паспелі толькі пафатаграфаваць асноўныя славутасці экспрэс-метадам “галопам па Мікалаеве”. − З Мікалаевам зразумела, а са спектаклем што? − Усё ж такі спектаклю 20 гадоў, а спектаклям уласціва старэць, − выказвае думку Алег Чэчанеў. − У мяне было апасенне, што тамашняя публіка не прыме нас так, як прымаюць тут. Ужо потым, падчас “круглага стала”, казалі вельмі шмат цёплых прыемных слоў. Абмяркоўвалі і тое, як спектакль змог захавацца знешне і ўнутрана, адзначалі, што засталася свежасць і пэўная навізна. − А ці дакаралі за што-небудзь? − У аснове спектакля ляжыць фальклорны сюжэт, − тлумачыць Алег Чэчанеў. – Тым часам некаторыя імправізацыі, якія ў ім ёсць, адсылаюць гледачоў у наш час. − Аднак мы настойвалі, што спектакль сучасны і сучасныя імправізацыі да месца, − заўважае Эмілія Ларыёнава, якая ў спектаклі іграе Маланку, жонку Дзёмкі. − Ці зразумела спектакль фестывальная публіка? − Не з першых хвілін “уязджала” ў сітуацыю і абставіны, − кажа Алег Чэчанеў. − Пакуль стаяў за кулісамі і слухаў рэакцыю залы, думаў: “Што гэта такое адбываецца: ці будзе правал, ці будзе вялікі поспех?” Аднак і сюжэт, і ігра перамаглі. − Справа яшчэ і ў мове, мелодыцы гаворкі, − дадае Аляксандр Пашкевіч. – Гэта не проста беларуская мова, а з асаблівасцямі 19 стагоддзя. Часам сустракаюцца слоўцы, якія і мы некалі толькі са слоўнікам разумелі. А на фестывалі − ўкраінцы. Звычайна мы выходзім на сцэну і з першых рэплік пачынаецца рэакцыя. А тут такое завісанне. Мабыць, гледачы спачатку прызвычайваліся, прыслухоўваліся. Потым ужо пайшло як па масле. Я здзіўлены, як публіка правільна зразумела саму задуму, як правільна счытала энергетычную і сэнсавую насычанасць гэтага спектакля. “Дзякуй за грамадзянскую мужнасць” − На “круглым стале” нам падзякавалі за грамадзянскую мужнасць, − адзначае Аляксандр Пашкевіч. – Таму што ў спектаклі шмат вострых момантаў і відавочная праблема народаў-братоў. Гэта асноўны стрыжань, які робіць пастаноўку сучаснай. Украінцы былі настолькі здзіўленыя такой смеласцю, што задалі пытанне: “Вы ў нас іграеце такі варыянт, а ў сябе іншы? Без усяго вось гэтага?” Хаця ў прынцыпе ніякага крыміналу няма. З пункту гледжання мастацтва, усё пададзена з вялікім густам і далікатна. Ніякіх абраз, ніхто не ходзіць з лозунгамі і ні да чаго не заклікае. Усё, што робіцца, сапраўднае мастацтва. Акцёры “Камедыі” заўважаюць, што для ўкраінцаў беларускі тэатр – сапраўднае адкрыццё. Яго назвалі з’явай на прасторы краін былога СНГ. На думку замежнікаў, тэатр нашай краіны ў лідарах. Настасся РОЎДА. Фота забяспечана Аляксандрам ПЫЦЬКО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ад 4 па 12 кастрычніка ў горадзе Мікалаеве на Украіне праходзіў сёмы тэатральны фестываль міжнароднага Чарнаморскага клуба “Homo ludens” (“Чалавек, які іграе”)....
|
|