Маладзечанскіх цымбалістаў ведаюць і ў Францыі. 21.by

Маладзечанскіх цымбалістаў ведаюць і ў Францыі

11.11.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Дырыжор Сяргей Гарбуз і цымбалісткі аркестра. Злева сядзіць Кацярына Гарашчанка, справа – Ганна Сапач.

Цымбалы – 16 кілаграмаў і 78 струн. Некаторыя і адным такім інструментам авалодаць не могуць. Дырыжору цымбальнага аркестра музычнага каледжа імя Агінскага Сяргею Гарбузу даводзіцца спраўляцца з 16-цю адначасова.

Гісторыя аркестра беларускіх народных інструментаў Маладзечанскага музкаледжа пачалася ледзь не паўстагоддзя таму. І пачатак быў не самым простым, бо не было пастаяннага кіраўніка.

Аднак чатыры гады таму ўсё змянілася: у музычнае вучылішча прыйшоў Сяргей Гарбуз. У той час ён яшчэ вучыўся на пятым курсе Беларускай акадэміі музыкі, але разам з тым пачаў выкладаць дырыжыраванне, спецыяльны інструмент (акардэон) і аркестравы клас.

Аўтарытэт у калектыва быў невялікі


– Я прыйшоў не ў лепшыя часы для аркестра, – прыгадвае Сяргей Гарбуз. Частая змена дырыжораў зусім не спрыяла яго развіццю. Фактычна, аркестр існаваў для таго, каб падрыхтаваць навучэнцаў да дзяржаўных іспытаў. Таму і аўтарытэт яго, у параўнанні з іншымі калектывамі каледжа, быў невялікі.    

Маладому дырыжору давялося доўга ламаць галаву над тым, які рэпертуар падабраць аркестру, што трапіў пад яго апеку. Тым больш, што ў ім іграюць навучэнцы, а не прафесіяналы.

– Спачатку працаваў з некалькімі партытурамі, якія для мяне пакінуў былы дырыжор, трэба ж было з нечага пачынаць, – працягвае спадар Сяргей. – Аднак у старым рэпертуары былі пераважна зайграныя п’есы, якія на слыху ўжо не адзін дзясятак гадоў.

Я вырашыў кардынальна яго змяніць і асноўную частку матэрыялу новага рэпертуару прывёз з Акадэміі музыкі. Гэтыя п’есы не такія вядомыя ў музкаледжы, тым і цікавыя. Я і цяпер увесь час шукаю штосьці незвычайнае. Якраз сёлета мы рыхтуем новы праект з вакалістамі нашага каледжа, праўда, ён пакуль што ў распрацоўцы.

“Адна галава добра, а 30 – лепей”


– А ці падабаюцца п’есы, якія вы абіраеце, аркестрантам?

– Звычайна мы разам абмяркоўваем рэпертуар. Я імкнуся ўлічыць іх пажаданні, слухаю прапановы. Гэта як у прымаўцы: “Адна галава добра, а 30, у нашым выпадку, лепей”, – усміхаецца спадар Сяргей.

З прыходам новага дырыжора змяніўся не толькі рэпертуар, але і яго падача. Цяпер падчас выканання некаторых твораў аркестранты могуць нават заспяваць ці дадаць у выступленне некалькі вершаваных радкоў. Звычайна публіка на гэта рэагуе і зусім па-іншаму іх прымае.

Некаторым музыкантам так падабаецца ў аркестры, што і пасля заканчэння каледжа не сыходзяць, а ўсё роўна застаюцца іграць. Нават тады, калі яны самі працуюць выкладчыкамі, толькі ў музычных школах.

– Увогуле, за час майго кіравання аркестрам музыканты вельмі зблізіліся, – адзначае дырыжор. – Вядома, і дзякуючы розным паездкам ды канцэртам, у якіх мы паспелі паўдзельнічаць.

Летась у маі аркестр паўдзельнічаў у міжнародным фестывалі ўніверсітэцкай музыкі (FIMU) у французскім горадзе Бельфор. На яго з'ехаліся музыканты з Італіі, Мексікі, Бельгіі, Канады, ЗША і іншых краін свету.


Таксама цымбалісты паспелі пабываць у Парыжы ды Версалі.

– Марыла пра гэта з самага дзяцінства, – дзеліцца Крысціна Ефімовіч. – Калі паднялася на Эйфелеву вежу, мяне ахапіла такое незвычайнае пачуццё, не перадаць! На жаль, музей у Луўры не атрымалася наведаць, якраз тады не працаваў.

Да шчасця музыкантаў, Парыжам вандроўкі не закончыліся. Сёлета ў снежні аркестр паедзе ў Санкт-Пецярбург на конкурс “Калядныя асамблеі”.

“З цымбаламі можна і рукі накачаць”

Часам цымбалістам сапраўды даводзіцца нялёгка. Важыць інструмент прыкладна 16 кілаграмаў! А ў аркестры на ім іграюць адны дзяўчаты.

– Насіць цымбалы  цяжка, – прызнаецца самая мініяцюрная дзяўчына аркестра Мая Чычэліс. – Можна і рукі накачаць. Настроіць інструмент трэба на трэцім паверсе, а рэпетыцыя ідзе на другім. Калі падлічыць, колькі кіламетраў я ўжо прахадзіла па калідорах з цымбаламі ў руках, то, мяркую, атрымаецца проста неверагодная лічба.

Ёсць у інструмента і яшчэ адна асаблівасць. Струн у яго – 78, і рвуцца яны з хуткасцю тры за адну рэпетыцыю. Дарэчы, у маладзечанскай краме набор з дзесяці каштуе амаль 12 тысяч рублёў. Аднак для аркестра іх набывае музкаледж.

– Ад студэнцкага энтузіязму і старання зрабіць “фортэ” як мага гучней, шмат што і рвецца, і ломіцца, – усміхаецца Сяргей Гарбуз. – Але галоўнае ўсё ж, што энтузіязм ёсць.

Аляксандр ДЗЯМІДЧЫК, школа журналістыкі пры “РГ”.

Фота забяспечана Аляксандрам ДЗЯМІДЧЫКАМ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цымбалы – 16 кілаграмаў і 78 струн. Некаторыя і адным такім інструментам авалодаць не могуць. Дырыжору цымбальнага аркестра музычнага каледжа імя Агінскага Сяргею...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика