«Золата» для «Iды»
12.11.2013
—
Новости Культуры
|
Раздадзены ўзнагароды юбілейнага «Лістапада» Адразу чатыры прызы ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» атрымаў фільм «Іда» польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага, які жыве ў Вялікабрытаніі. Карціна створана сумесна кінематаграфістамі Польшчы і Даніі і расказвае пра акупацыю Польшчы ў гады Другой сусветнай вайны і Халакост. Дзеянне адбываецца ў 1962-м. Васемнаццацігадовая Ганна жыве ў сіроцкім прытулку і рыхтуецца стаць манашкай. Дзяўчына даведваецца, што ў яе ёсць родная цётка, сустрэча з якой узнімае завесу таямніцы над страшным мінулым іх сям’і. Ганна даведваецца, што яна яўрэйка і што сапраўднае яе імя — Іда. Гэтае адкрыццё прымушае дзяўчыну паглыбіцца ў мінулае, каб высветліць праўду пра сябе... Карціна «Іда» двойчы адзначана міжнародным журы асноўнага конкурсу ігравога кіно. Ёй прысу-джаны Гран-пры «Золата «Лістапада» як лепшаму фільму і прыз за лепшую аператарскую работу імя Юрыя Марухіна. Двойчы звярнула ўвагу на «Іду» і міжнароднае журы кіна-прэсы. У выніку — «Серабро «Лістапада» ў намінацыі «Фільм як з’ява мастацтва» і прыз за лепшую ролю другога плана актрысе Агаце Кулеша. Лепшай рэжысёрскай працай прызнаны фільм Цзя Чжанкэ «Дотык граху» (Кітай — Японія — Францыя). Прыз глядацкіх сімпатый «Бронза «Лістапада» аддадзены карціне «Па крузе» рэжысёра Срдана Галубавіча (Сербія — Германія — Славенія — Харватыя — Францыя). У асноўным конкурсе дакументальнага кіно перамог польскі фільм «Бацька і сын» рэжысёра Паўла Лазінскага. Традыцыйным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно» адзначана карціна «Лука» Аляксандра Пархоменкі сумеснай вытворчасці Украіны і Беларусі. Стужка распавядае пра свяціцеля Луку, вядомага як выдатны хірург Валянцін Война-Ясянецкі. Архіепіскап Лука нарадзіўся ў 1887 годзе ў Керчы. За навуковыя адкрыцці ў медыцыне быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй, а за палітычныя погляды тройчы перажыў арышт і ссылку. Аўтар шматлікіх навуковых прац, пропаведзяў, а таксама жывапісных твораў. У 1995 годзе кананізаваны праваслаўнай царквой. Разам з галоўнымі ўзнагародамі сваіх уладальнікаў знайшлі і шэраг спецыяльных прызоў, прэмій і дыпломаў. Як падлічылі арганізатары кінафоруму, усяго на ХХ «Лістападзе» было паказана 150 фільмаў— ігравых, дакументальных, анімацыйных з 30 краін свету. За час «лістападнага» тыдня фестываль-юбіляр прыняў 125 гасцей з розных краін. «Лістапад-2013» працягваўся 172 гадзіны. А яго старонку ў сацыяльных сетках наведалі больш за 5 тысяч чалавек. На здымку: у час цырымонii закрыцця кiнафестывалю. Фота: БЕЛТА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу чатыры прызы кінафестывалю «Лістапад» атрымала «Іда» |
|