Не выбiрай заезджаных дарог... (канчатак)
07.12.2013
—
Новости Культуры
|
Наталля КУЧМЕЛЬ
* * * Мiж часам ластаўкi i часам кажана Ёсць час таемны ранняга змяркання, Калi, забачыўшы ў паветры крылы, Не разумееш, хто перад табой; Калi вось-вось у чорнае адно Далёкi лес злiецца з блiзкiм садам, І зорку першую на пабляднелым небе Вiтае зорка ў бочцы пад трубой.
Мiж часам ластаўкi i часам кажана Ёсць час, якi сам па сабе нагода Перасыпаць аскепкi дзён мiнулых, Як хвалямi абгладжанае шкло, З далонi на далонь. І ў гэты час Зноў агартаюць сум i насалода З тых даўнiх дзён; i надыходзiць згода І мiр з сабой — i з тым, што адышло. ------------------------------------- Ірына КАРЭЛІНА
Віно з успамінаў У кішэні — сухое лісцё. Пахне мятай і чорнай рабінай. Ты чытаеш «Віно з дзьмухаўцоў», а ці ёсць віно з успамінаў? Адшукаць бы ягоны рэцэпт, каб не страціць ні гуку, ні паху... Чуеш, ветра нязмушаны шэпт і бусліны клёкат над дахам? На далонь тваю капае сок З пераспелай, надтрэснутай слівы... Мне б віна таго — толькі глыток, Каб узімку вярнуцца ў жнівень. Не надыхацца зорным святлом, кожны вечар як быццам бы першы. Калі з памяці робяць віно, то яго называюць — вершы.
* * * Ледзь гучнае «прабач» сарвецца з бляклых вуснаў. Успуджаны крумкач пракрумкае «вярнуся».
Заззяюць кроплі слёз каралямі на шыі. Я твой парваны лёс за ноч нанова сшыю,
спляту верацяном карункавую веру. Напоўніцца святлом спусцелая кватэра...
Застыне, як партрэт, твой твар ля падгалоўя, і згорнецца Сусвет клубочкам у далоні. ------------------------------------- Сяргей МАЦІН
Развітальнае
Я сыду па-англійску: няветліва, незаўважна, Назнарок пакідаючы ўсё, што калісьці займеў, Без увагі. Імгненна. Дазвання. Хіба толькі спеў У паветры зазначыць: «Ты маеш надзеі? Няважна!»
Я сыду назаўсёды, як двойчы рабіў у жыцці, Толькі гэты мой выклік каханню — папраўдзе апошні. Не зачэпіць больш сэрца яно. Сноп не зрушыцца з пожні. Са згарэлага рысу ніколі не зварыш куцці.
Я сыду ў накірунку такім жа, нібыта нябёсы Над краінаю нашай у цёплы і сонечны дзень. Выбачай, калі ласка. Ты маеш цяпер толькі цень. Пашкадуй і схавай у шуфляду — да іншых дзівосаў. ------------------------------------- Тацяна ПРАТАСЕВIЧ
* * * Вечаровыя колеры з’явяцца свету Каляровымi лямпамi i лiхтарамi. Ля пад’езда «Люблю цябе» крэслена крэйдай, І задумлiва вецер гуляе дварамi.
Мiж дамоў толькi свiшча цi ў арках завые, Нiбы воўча на поўню ў чаканнi чагось... Хмара дождж на асфальт, не шкадуючы, вылье, Усё адно: ля пад’езда «Люблю цябе» ёсць! ------------------------------------- Зося ИВАНЮТИНА
ОСЕНЬ
Дождем ворвешься, постучишь в окно, а на пороге скажешь виновато: «Да, это я. Платок мой расписной набрось. Меня боялась ты когда-то...»
И как песчинки падают на дно, так годы — в неизбежности заката, и осень умирает пред весной достойно — золотым огнем объята.
Но ты уловишь — знаю — и поймешь и тайное глубокое дыханье, и увядающего тела дрожь. Ты плод сорвешь, созревший плод желанья, и навсегда с собою унесешь моих очей весеннее сиянье. ------------------------------------- Вiка ТРЭНАС
* * * Мы хапаем ратамi паветра, быццам рыбы, на бераг выкiнутыя. Толькi справа ўся ў тым, што не морам, а самi сабой мы адрынутыя. Толькi гора ўсё ў тым, што сумневаў, быццам камення — горы. Мы заплюшчваем вочы i прадаем свой гонар. І адзiнае, чаго мы не здамо без бою, Чаго вораг не возьме цаной любою, — Нашай любовi.
Неперажытае Асядзе на дне душы ўсё неперажытае i перажытае, Каб некалi абудзiцца — бо памяць не скрасцi, Падкiне яна табе тыя сюжэты i вiражы тыя, Ў якiх не прапаў ты, хоць мусiў прапасцi.
Не скрасцi любовi, i сумлення не выгандляваць, Статысячным тыражом не стварыць прыгажосцi. Статыстыка, у якой няма каго вiнавацiць, Калi застаешся кiм ёсць.
Дакладна адно: каму ў вочы нi зазiрнеш, Пабачыш асадак на дне. ------------------------------------- Iгар КЛЕПIКАЎ
Забаранi сабе пiсаць пра...
Забаранi сабе пiсаць пра дождж — i так зашмат вады ўжо на паперы. Каб хоць сабе ты мог яшчэ паверыць — Забаранi сабе пiсаць пра дождж.
Забаранi сабе пiсаць пра снег, Якi i так, без напамiнаў, прыйдзе i да вясны не раз яшчэ абрыдзе... Забаранi сабе пiсаць пра снег...
Дапоўнi сам бясконцы каталог Банальных тэм, дашчэнту зацяганых, Са знiжкаю, што выстаўлены ў крамах... Не выбiрай сцяжынак затаптаных, Не выбiрай заезджаных дарог... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiж часам ластаўкi i часам кажана ёсць час таемны ранняга...
|
|