Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы чакаюць у Кітаі. З 28 лютага па 8 сакавіка ў Народным мастацкім тэатры Пекіна на міжнародным тэатральным фестывалі пакажуць спектаклі “Не мой” і “Вяселле”.
Фота Uladzimir Hrybok
Яшчэ 26 снежня ў Пекін адправілі дэкарацыі да спектакляў, а 25 лютага туды вылятае тэхнічная група. Гастролі арганізаваныя па запрашэнні кітайскага боку, іх падрыхтоўка заняла амаль паўтара года.
“Не мой”, пастаўлены Аляксандрам Гарцуевым у 2010 годзе паводле аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” – лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыях “Найлепшы спектакль”, “Найлепшая жаночая роля” (Святлана Анікей), “Найлепшая сучасная пастаноўка па творах беларускіх аўтараў” (інсцэніроўка Аляксандра Гарцуева і Алёны Калюновай), “Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка” (Барыс Герлаван), “Найлепшае музычнае афармленне” (Алег Хадоска). На міжнародным фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, што праходзіў у Гомелі ў 2011 годзе, пастаноўка атрымала Гран-пры, прыз за найлепшую сцэнагарфію і найлепшы акцёрскі дуэт (Аляксандр Казела і Валянціна Гарцуева). У Пекіне адбудзецца першы замежны паказ гэтага спектакля.
Спектакль “Вяселле” паводле знакамітай п’есы Чэхава паставіў у 2009 годзе расійскі рэжысёр Уладзімір Панкоў. За апошнія пяць год спектакль быў шматкрот паказаны на тэатральных пляцоўках Францыі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Іспаніі. Прымаў удзел у міжнародным фестывалі тэатральнага мастацтва “Панарама” (Мінск, 2009), міжнародным тэатральным фестывалм імя Чэхава ў Маскве(2009, 2013), міжнародным тэатральным фестывалі ў Тбілісі (2012), міжнародным тэатральным фестывалі ў Сібіў (2013).