Шлягер вызначаецца толькі часам
18.03.2014
—
Новости Культуры
|
Маэстра — пра музычны густ, якасць песні і «гадзіннік» аркестра Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі ў сёмы раз збірае меламанаў на музычны праект «Шлягеры на ўсе часы». З 24-га па 27 сакавіка канцэрты пройдуць у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Што прапануюць слухачам сёлета? З такім пытаннем карэспандэнт «Р» завітала да мастацкага кіраўніка славутага калектыву народнага артыста Беларусі Міхаіла ФІНБЕРГА. — Як заўсёды, на чатыры дні падрыхтаваны чатыры праграмы. Першая прысвечана творчасці Аляксандра Зацэпіна, знакамітага савецкага, расій-скага кампазітара, аўтара велізарнай колькасці шлягераў, якія вядомыя кожнаму. Ён напісаў больш за 300 песень, сачыніў музыку да дзясяткаў фільмаў, сярод якіх «Зямля Саннікава», «31 чэрвеня», «Аперацыя «Ы» і другія прыгоды Шурыка», «Каўказская палонніца», «Брыльянтавая рука», «Дванаццаць крэслаў», «Іван Васільевіч мяняе прафесію», «Жанчына, якая спявае»... Яго творы сталі візіткамі такіх вядомых артыстаў, як Ала Пугачова, Філіп Кіркораў, Ларыса Доліна. У другі дзень у цэнтры ўвагі будзе песенная спадчына Яўгенія Еўтушэнкі. Выдатны паэт, сапраўдны трыбун. Але не ўсе ведаюць, што ён аўтар многіх цудоўных песень. Узяць хаця б «Вальс аб вальсе», якую выконвала Клаўдзія Шульжэнка, «Твае сляды» з рэпертуару Людмілы Зыкінай, «Чортава кола» Мусліма Магамаева… Ці вось мы будзем выконваць у канцэрце песню «В нашем городе дождь. Он идет днем и ночью...». Еўрапейскага класа твор! Хаця, прызнаюся, я і сам не ведаў, што гэта на вершы Еўтушэнкі. Трэці канцэрт прысвечаны творчасці народнага артыста СССР Райманда Паўлса, выдатнага, вельмі цікавага музыканта і кампазітара, аўтара многіх шлягераў. Але ў канцэрце прагучыць яго новая музыка, не тая, якую ўсе ведаюць. Слухачам мы прапануем праграму песень Райманда Паўлса на тэксты Яўгенія Еўтушэнкі. — Прызнаныя аўтары, выдатныя песні, высокапрафесійны аркестр, нарэшце, штогадовыя аншлагі, вось і сёлета ўсе білеты на канцэрты «Шлягеры на ўсе часы» даўно прададзены. Можа, варта замахнуцца з гэтым праектам на «Мінск-Арэну», як гэта зараз модна? — Я так не думаю. Па-першае, гэта фінансава складана, бо наш аркестр — калектыў бюджэтны. Канешне, самі мы таксама зарабляем, і зарабляем няблага, але ўсе выдаткі калектыву звязаны з нашымі асабістымі заробкамі. Па-другое, кожны выканаўца павінен ведаць, дзе яго выступленне будзе найбольш дарэчы. Такому аркестру, як наш, імкнуцца да велізарных залаў не варта, хаця б таму, што там не будзе неабходнай якасці жывога гучання. А што да аншлагаў, то з імі праходзяць усе канцэрты нашага калектыву. Гэта можа быць і зала на тысячу месцаў, і 25 тысяч слухачоў на адкрытай пляцоўцы ў час, напрыклад, свята горада. Але я не ганюся за колькасцю. Мая задача ў першую чаргу асветніцтва, выхаванне добрага густу, папулярызацыя якаснай музыкі, высокай паэзіі і прафесійнага выканальніцкага майстэрства. У тым ліку і ў праекце «Шлягеры на ўсе часы», які дае магчымасць успомніць лепшыя ўзоры савецкай эстраднай песні, распавесці пра выдатных аўтараў і выканаўцаў. Пад словам «шлягер» некаторыя чамусьці маюць на ўвазе музыку другога гатунку, але гэта не так. У адрозненне ад хіта, які можа сёння спадабацца, а заўтра яго забудуць, шлягер — гэта твор, які жыве доўга, застаецца назаўсёды, распазнаць шлягер можа толькі час. На прыкладзе такіх, правераных часам, твораў ёсць чаму павучыцца і сёння. Вельмі важна перадаць музычную, песенную гісторыю новаму пакаленню. У гэтым я таксама бачу адну з галоўных задач нашага калектыву. — Мы абмінулі ўвагай чацвёрты, заключны канцэрт цыкла «Міхаіл Фінберг, аркестр і сябры»… — У час яго мы ўспомнім сваю гісторыю, наш «гадзіннік»: фестываль польскай песні і «Славянскі базар у Віцебску», Юрмалу, працу ў Маскве і, канешне, у Беларусі, дзе на сённяшні дзень мы наладзілі 190 асветніцкіх музычных свят у малых гарадах краіны. Плюс 20 фестываляў беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, 25 джазавых фестываляў, 25 «Славянскіх базараў» і вялікую колькасць іншых акцый і канцэртаў. Аркестрам створаны 34 аўтарскія песенныя праграмы на словы беларускіх паэтаў — Багдановіча, Купалы, Коласа, Караткевіча, Куляшова, Русака... Работа каласальная. І яна працягваецца. Мы не стаім на месцы, развіваемся, размаўляем са слухачом новай музычнай мовай, рухаемся наперад. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маэстра — пра музычны густ, якасць песні і «гадзіннік» аркестра
|
|