Адкуль пайшоў Намскi Вялiкдзень. 21.by

Адкуль пайшоў Намскi Вялiкдзень

26.04.2014 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ПЕРШЫ чацвер пасля Вялікадня — асаблівы дзень для Аброва. Тут амаль ужо стагоддзе адзначаюць яшчэ адзін Вялікдзень — Намскі, што азначае «наш», «нам дадзены».

СЁННЯ для мясцовых жыхароў гэта радасная і ўзнёслая падзея. Тым больш што чатыры гады таму Намскі Вялікдзень у вёсцы Аброва ўключылі ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў, якім надаецца статут гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і якія трэба захоўваць у іх самабытным выглядзе. Але, нагадаю, у дваццатыя гады мінулага стагоддзя, калі зарадзіўся гэты абрад, аброўцам было не да святаў. Пакуль жыхары рыхтуюцца да яго, спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Вольга Міскевіч расказвае мне цікавую перадгісторыю народнай традыцыі:

— Пачалося ўсё з таго, што ў вёсцы сталі хварэць і паміраць дзеці. Дарослыя не хварэлі, а вось дзетак хавалі ці не штодня. Не маглі дапамагчы ні ўрачы, ні знахары. Ніхто не ведаў, што рабіць. І тады старыя людзі падказалі: жанчынам вёскі ноччу сабрацца ў адной хаце, напрасці нітак і саткаць з іх за адну ноч рушнік. А мужчынам у гэты час змайстраваць кіёту для абраза Маці Божай, паставіць туды абраз, накрыць яго сатканым за ноч рушніком і абысці ўсю вёску па крузе, заходзячы ў кожны двор.


Адкуль пайшоў Намскi Вялiкдзень

ТАК і зрабілі. І здарыўся цуд: дзеці акрыялі, мор адышоў. А жыхары вёскі з таго моманту далі сабе зарок: вось так абыходзіць вёску штогод у чацвер пасля Вялікадня, і тады ліхалецце і няшчасці будуць мінаць Аброва. Таму Намскі Вялікдзень — з так званых «заветных свят», ці аброчных дзён, якія былі ўстаноўлены па абяцанні як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам вёскі пры ўзнікненні эпідэмій, мору, засухі і іншых няшчасцяў.

Слова сваё аброўцы стрымалі: абрад здзяйснялі з года ў год, нават у час Вялікай Айчыннай вайны. І, лічаць старажылы, Бог бараніў мясцовых: нават карнікі вёску не спалілі, як некаторыя суседнія, і масавых расстрэлаў тут не было.

На жаль, у 1958 годзе царкву ў Аброве зачынілі, а разам з гэтым амаль на тры дзесяцігоддзі прышлося людзям развітацца з прывычным ім абрадам. Аднавілі яго толькі ў пачатку дзевяностых… І вось мне пашчасціла ў ім паў- дзельнічаць.

ЧАЦВЕР, 24 красавіка, пасля Вялікадня, і я ў вёсцы Аброва, а менавіта — побач са Свята-Міхайлаўскай царквой. Тут людзі і сталага ўзросту, і моладзь, і дзеці: усе рыхтуюцца да маючага адбыцца святочнага шэсця. Іерэй царквы айцец Расціслаў з малітваю запальвае свечкі ў ліхтары, прыхаджане ўладкоўваюць у кіёце абраз. Яшчэ некалькі хвілін — і працэсія, з харугвамі і крыжамі ў руках, спяваючы псалмы, рухаецца па галоўнай вуліцы аграгарадка.

Першы прыпынак робім каля дома Святланы Лучыц. На двор вынеслі стол, куды гаспадыня паставіла куліч, яйкі, соль, а таксама паклала грошы. Айцец Расціслаў бярэ ў рукі Евангелле і чытае малітву. Затым гаспадыня і ўсе яе дамашнія прыкладаюцца да Свяшчэннага Пісання, а святар са словамі «Хрыстос уваскрэс!» акрапляе вадой і людзей, і падворак, і стравы на стале.

— Гэта цудоўная традыцыя, якую мы рады ўшаноўваць, — кажа Святлана. — Што можа быць лепш, калі ты ведаеш свае карані?

КАРАНІ ў аброўцаў насамрэч старажытныя. Гістарычныя крыніцы сведчаць, что яшчэ вялікі князь ВКЛ Вітаўт напрыканцы XIV — пачату XV стагоддзя «даў людзі сяло на імя Аброва, на той кляштор Маткі Божай Стара-Троіцкі і прывілеяй сваёй тое пацвердзіў».

Працэсія між тым рухаецца далей: двор за дваром.

Як і сто гадоў таму, абраз Маці Божай пакрыты рушніком. Але сёння ён не саматканы, а вышываны. Вышывала яго жыхарка Аброва Ніна Тысевіч, майстар народнай творчасці. Яе рушнікі — і ў мясцовай царкве, і ў цэнтры народнай творчасці, а ў хуткім часе адправяцца на выставу ў Брэст.

— Лічу, што гэта вельмі ганарова, калі твой рушнік пакрывае абраз, — прызнаецца мне жанчына. — Я вышывала яго з малітваю і любоўю.

Абраз Маці Божай, Захавальніцы Аброўскай, шануецца тут асабліва. Мясцовыя ўпэўнены: дзякуючы яму ўдалося сто гадоў таму выратаваць дзяцей вёскі ад невядомай хваробы, і менавіта Маці Божая бараніла вёску і яе жыхароў у часы вайны. Цудадзейнасць абраза пацвярждае і той факт, што калі ў савецкія часы царква была зачынена, яе рабавалі тройчы. Пакрадзена было ўсё, што мела хаця нейкую каштоўнасць. Але абраз Захавальніцы Аброўскай, дарэчы, у адмысловым акладзе, застаўся нечапаным. Апынуўся ж ён у вёсцы таксама таямніча: яго проста прывёз і падарыў царкве адзін чалавек — не мясцовы, незнаёмы. Проста падарыў, але зрабіў гэта, як зразумела ўжо сёння, на карысць усёй вёскі.

Працэсія спыняецца ля хаты Таццяны і Мікалая Грыцэвічаў. Прашу Таццяну Сяргееўну ўзгадаць пра абрад. Кажа:

– З ДЗЯЦІНСТВА памятаю гэты абрад. Мы ўсе так яго чакалі, рыхтаваліся, усю ноч не спалі. А пасля царкву зачынілі, святы рэлігійныя забаранілі. Калі ў школе раптам даведваліся, што якая сям’я адзначае Вялікдзень ці Каляды, дзяцей з піянераў выключалі. Але зараз свята аднавілі ў тым выглядзе, як памятаю яго я, нічога не памянялася.

Прыхаджане, ды і я за імі, рухаюцца далей. Дарэчы, з кожным наведаным дваром працэсія павялічваецца, бо да нас далучаюцца тыя, хто чакаў яе дома — гэтак павялося з тых часоў, калі абрад толькі зарадзіўся. На чарзе — магазін, цэнтр культуры і народнай творчасці, дзіцячы садок і школа. Усе арганізацыі аграгарадка падтрымліваюць народную традыцыю. Загадчыца дзіцячага садка Галіна Папечыц дзеліцца сваімі меркаваннямі:

— Гэта ж і духоўнае выхаванне, і здаровы лад жыцця, бо айцец Расціслаў моліцца за здароўе нашых дзетак і за тое, каб яны раслі паслухмянымі. Ужо некалькі пакаленняў дзетак вырасла з гэтым абрадам.


Адкуль пайшоў Намскi Вялiкдзень

– НЕ НАМІ гэта зак- ладзена, не нам і спыняць, так што будзем працягваць традыцыю нашых дзядоў, — дадае Фёкла Рэвенька. І тлумачыць некаторыя акаліч- насці абраду: — Грошы ахвяруюць, хто колькі можа. І яйкі таксама. Дарэчы, яйкі, якія мы ахвяруем, не вараныя, а сырыя. Для чаго столькі вараных? Яны ж сапсуюцца. А так айцец Расціслаў перадасць іх у дзіцячы садок, і будзе карысць дзеткам і дапамога бацькам і адміністрацыі.

У розныя гады час абраду розны, ад пяці гадзін магло быць і да дванаццаці. Наш працягваўся шэсць гадзін. Напрыканцы вяртаемся да царквы. Людзі, паслухаўшы святара, які павіншаваў яшчэ раз з Вялікаднем, стомленыя і шчаслівыя разышліся па хатах…

Сёння для аброўцаў Намскі Вялікдзень не проста нейкае дзеянне — гэта жывая і актуальная традыцыя, якая спалучае народныя абрады з хрысціянскай духоўнасцю. Гэта частка іх саміх, іх жыцця, своеасаблівы заклад шчаслівай будучыні і дабрабыту.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ПЕРШЫ чацвер пасля Вялікадня — асаблівы дзень для Аброва. Тут амаль ужо стагоддзе адзначаюць яшчэ адзін Вялікдзень — Намскі, што азначае «наш», «нам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика